Тэма тыдня: роля жанчыны ў сучасным грамадстве
А. Лукашэнка: беларускія жанчыны з’яўляюцца прыкладам міласэрнасці і мудрасці, працавітасці і вернасці краіне
4 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні 8 Сакавіка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўніцам прыгожай палавіны чалавецтва.
«Гэта свята асацыіруецца з абуджэннем прыроды пасля зімовага сну, прыгажосцю і вечным адраджэннем жыцця. І глыбока сімвалічна, што гэты цудоўны дзень прысвечаны менавіта вам — прыгожай палавіне чалавецтва», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне, каб і мужчыны, і ўсё грамадства ўдзялялі такую ўвагу жанчынам не толькі ў дні гэтага міжнароднага свята, а заўсёды.
Прэзідэнт падкрэсліў тую велізарную ролю, якую адыгрываюць жанчыны ў грамадстве. Складаючы большасць насельніцтва Беларусі, жанчыны ўносяць неацэнны ўклад ва ўмацаванне маладой суверэннай дзяржавы, развіццё ўсіх яе сфер і забеспячэнне шчаслівай будучыні, лічыць кіраўнік дзяржавы.
«Нямала дачок беларускай зямлі ўпісалі яркія старонкі ў гісторыю нашай Радзімы. Яны сталі прыкладам міласэрнасці і мудрасці, працавітасці і вернасці сваёй краіне», — сказаў Прэзідэнт.
«Радасна бачыць, што нашы сучасніцы не застаюцца ўбаку ад самых актуальных праблем сённяшняга жыцця, асвойваюць перспектыўныя прафесіі, найноўшыя тэхналогіі. І ў той жа час захоўваюць лепшыя душэўныя якасці, праяўляючы талент мацярынства і клопату аб падрастаючым пакаленні», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Няхай гэта цырымонія ўзнагароджання стане яшчэ адной падставай сказаць словы шчырай удзячнасці і любові ўсім нашым жанчынам, якія не толькі прысутнічаюць у гэтай зале. Дзе б вы ні працавалі, за вашы поспехі і дасягненні — вам пашана і павага», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка выказаў словы ўдзячнасці працаўніцам сельскай гаспадаркі, айчыннай сістэмы аховы здароўя, педагогам. Дзяржаўныя ўзнагароды былі ўручаны дырэктару ТАА «Старобінскі» Салігорскага раёна, начальніку шпіталя МУС, дырэктару брэсцкай сярэдняй школы нумар 20.
У ліку ўзнагароджаных — работніцы прадпрыемстваў «Белпошта» і «Белтэлекам», супрацоўніцы пагранічнай і мытнай службаў, артысты Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі і Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, а таксама спартсменкі, якія паказалі выдатныя вынікі ў такіх відах спорту, як вольная барацьба і цяжкая атлетыка.
«Але самая складаная, адказная і важная прафесія на зямлі — гадаваць і выхоўваць дзяцей. Вось тут без вас нікуды», — адзначыў Прэзідэнт, уручаючы ордэны Маці жанчынам, якія выхоўваюць пяць і больш дзяцей. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў ім за тое, што з мноства жыццёвых шляхоў яны выбралі найбольш высакародны і важны для краіны — мацярынства. «Гэта велізарны дар і самы вялікі цуд на зямлі. Паколькі, як гаварыў народны пісьменнік Янка Брыль, дзеці — сведчанне вечнасці», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка выказаў словы шчырай удзячнасці жанчынам за самаадданае служэнне свайму прызванню. «Няхай ганаровыя званні, ордэны і медалі стануць бачным увасабленнем той павагі, якую вы заваявалі ў сваіх калектывах, і памятным падарункам да Дня жанчын», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён пажадаў усім здароўя, шчасця, невычэрпнай энергіі, шчырай любові родных і блізкіх, здароўя дзецям.
У Беларусі на 1000 жанчын прыпадае 871 мужчына
У Беларусі, паводле папярэдніх даных, на пачатак 2016 года колькасць жанчын склала 5,1 млн, або 53,5 працэнта агульнай колькасці насельніцтва рэспублікі. Аб гэтым паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.
У гарадах і пасёлках гарадскога тыпу пражываюць большасць жанчын (78,2 працэнта) — 3 млн 969,3 тыс. чалавек, у сельскіх населеных пунктах — кожная пятая жыхарка рэспублікі — 1 млн 108,3 тыс. чалавек.
Паводле ацэнкі Нацыянальнага статкамітэта, у сярэднім па рэспубліцы на 1000 жанчын прыпадае 871 мужчына.
Сярэдні ўзрост жанчын — 42,4 года, прычым сярэдні ўзрост гараджанак — 40,9 года, сяльчанак — 47,7 года. Павялічваецца чаканая працягласць жыцця жанчын: у 2010 годзе гэты паказчык быў 76,5 года, у 2014-м — 78,4 года.
Статыстычны агляд падрыхтаваны Белстатам да Міжнароднага жаночага дня, які адзначаецца штогод 8 сакавіка. Гэты дзень — адно з самых папулярных і шырока адзначаемых свят.
Белстат назваў «жаночыя» віды эканамічнай дзейнасці
Пераважна «жаночымі» ў Беларусі з’яўляюцца такія віды эканамічнай дзейнасці, як ахова здароўя і прадастаўленне сацыяльных паслуг, адукацыя, фінансавая дзейнасць, гасцініцы і рэстараны, гандаль; рамонт аўтамабіляў, бытавых вырабаў і прадметаў асабістага карыстання.
Сёння кожны другі з ліку занятых у эканоміцы рэспублікі — жанчына. Сярод жанчын, якія працуюць у арганізацыях, сваю працоўную дзейнасць звязалі з прамысловасцю 22,6 працэнта, адукацыяй — 18,5 працэнта, гандлем — 14,5 працэнта, аховай здароўя і прадастаўленнем сацыяльных паслуг — 13,3 працэнта, сельскай і лясной гаспадаркай — 7,6 працэнта.
Паводле даных Белстата, сярод жанчын, якія працуюць у арганізацыях краіны, кожная трэцяя мела вышэйшую адукацыю, кожная чацвёртая — сярэднюю спецыяльную, 17 працэнтаў — прафесійна-тэхнічную.
У ліку даследчыкаў, занятых навуковымі распрацоўкамі, жанчыны складалі больш за 40 працэнтаў. Так, у 2014 годзе ў ліку даследчыкаў вучоную ступень доктара навук меў 671 супрацоўнік, з іх 119 жанчын; кандыдата навук — 2 тыс. 867 супрацоўнікаў, з іх 1 тыс. 128 жанчын.
Індэкс чалавечага развіцця беларускіх жанчын вышэйшы, чым мужчын
Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі сустаршыня ГА «Беларускі саюз жанчын» Антаніна Морава.
Беларусь знаходзіцца ў самым пачатку спіса краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця — займае 50-е месца, падкрэсліла Антаніна Морава. «Дзякуючы больш высокаму ўзроўню адукацыі жанчын і большай працягласці жыцця Беларусь увайшла ў лік 16 краін, дзе індэкс чалавечага развіцця жанчын вышэйшы, чым мужчын, — сказала сустаршыня ГА «БСЖ». — Па індэксе гендарнай роўнасці Беларусь заняла 31-е месца ў свеце сярод 188 дзяржаў. А па індэксе гендарнага развіцця мы ўвайшлі ў першую групу краін — гэта самая высокая пазіцыя ў такім рэйтынгу на постсавецкай прасторы».
У рэспубліцы колькасць жанчын, якія навучаюцца, перасягае колькасць мужчын, якія навучаюцца (50,2 працэнта супраць 49,8 працэнта на пачатак бягучага навучальнага года). Кожная пятая жанчына ў краіне мае вышэйшую адукацыю. «І мы гэтым ганарымся», — падкрэсліла Антаніна Морава, дадаўшы, што беларускія жанчыны больш адукаваныя, чым мужчыны (сярод працуючых жанчын 60 працэнтаў маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, сярод мужчын — толькі 42 працэнты з дыпломам).
У беларускіх жанчын больш высокая чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні, чым у мужчын. Розніца ў гэтых паказчыках складае 10,6 года, канстатавала Антаніна Морава.
Паводле яе слоў, усё часцей жанчын пачалі запрашаць на кіруючыя пасады. Дарэчы, сярод жанчын-кіраўнікоў 40 працэнтаў маюць дзяцей. У Беларусі адзначаецца пашырэнне ўплыву жанчын на ўзроўні прыняцця рашэнняў. Сярод дзяржслужачых яны складаюць 70 працэнтаў. У вышэйшых органах заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады доля жанчын таксама вышэйшая, чым мужчын, — 56 працэнтаў. У Беларусі практычна забяспечана 30-працэнтнае прадстаўніцтва жанчын на ўзроўні прыняцця заканадаўчых рашэнняў — у Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь жанчыны складаюць 29,7 працэнта.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Таццяна Кананчук лічыць, што «жанчына ў Беларусі можа рэалізаваць свае магчымасці, хоць ёй няпроста сумяшчаць прафесійныя і сямейныя абавязкі».
БЕЛТА.