Да 140-годдзя з дня нараджэння Цёткі
«…Стану песняй у народзе»
Гэта радкі з верша Цёткі, якія быццам прадказалі яе лёс. Трымаю ў руках яе зборнік выбраных твораў, якому амаль пяцьдзесят гадоў. У яго прадмове чытаю: “Усё жыццё Цёткі — гэта подзвіг у імя лепшай будучыні народа, нястомная праца дзеля яго дабра, гэта талент, веды, сіла і здароўе, кропля за кропляй аддадзеныя яму без астатку”.
Створанае ёю — жывы доказ гэтаму. Напрыклад, “Хрэст на свабоду” і “Мора” — водгукі на канкрэтныя падзеі часу. Па-сапраўднаму душу кранаюць і радкі вершаў “Родная вёска” і “Мой сад” і іншыя творы. І гэта толькі ў адным зборніку!
Не менш змястоўным з’яўляецца само жыццё Элаізы Сцяпанаўны Пашкевіч — штрыхі з яе біяграфіі сведчаць аб гэтым. У бурныя часы вострага змагання з царызмам цалкам аддавалася рэвалюцыйнай дзейнасці, якая для яе была барацьбой не толькі за сацыяльнае вызваленне абяздоленых працоўных, але цесна лучылася з нацыянальным вызваленнем Бацькаўшчыны. Прымала актыўны ўдзел у ІІ з’ездзе Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў Мінску, на якім было ўзнята ў якасці праграмнага пытанне аб стварэнні незалежнай беларускай рэспублікі.
У 1906 годзе ўбачылі свет паэтычныя кнігі Цёткі кірыліцай “Хрэст на свабоду” і “Скрыпка беларуская”. У гэты час рыхтуе “Першае чытанне для дзетак-беларусаў”.
На Бацькаўшчыне ў 1910 годзе Цётка прымала ўдзел у стварэнні беларускага тэатра І. Буйніцкага, разглядала сцэнічнае мастацтва як сродак абуджэння народа да свядомага культурнага жыцця.
Стараннямі Цёткі ў 1914 годзе ў Мінску пачынае выдавацца часопіс для моладзі “Лучынка”, рэдактарам якога яна з’яўлялася.
У 1915 годзе грамадская дзейнасць Цёткі цесна злучана з Беларускім таварыствам дапамогі ахвярам вайны. Яна шмат працуе па арганізацыі беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні. Як сястра міласэрнасці даглядала хворых у тыфовым бараку ў Вільні, дапамагала ў арганізацыі дзіцячых прытулкаў.
Яна стала песняй у народзе. Яе жыццё — подзвіг, які будзе жыць у вяках. Мы павінны звяртацца да яе твораў і біяграфіі. Увогуле, трэба памятаць знакамітых людзей, якія пакінулі след на зямлі.
Галіна СМАЛЯНКА.