Да 220-годдзя з дня нараджэння Яна Чачота

“Усе творы Яна Чачота – сапраўды беларускія. Беларускія і сваім пафасам, і тымі праблемамі, якія вырашае ў іх паэт, і выключным мясцовым матэрыялам, вельмі добра вядомы аўтару. Яны самі па сабе яскрава гавораць нам, што Ян Чачот, — сапраўдны беларускі паэт”.
Кастусь Цвірка
З далёкага мінулага бярэ свае вытокі літаратурнае жыццё нашага краю. Багаты і цікавы фальклор доўгія стагоддзі служыў галоўным сродкам выяўлення шматграннага духоўнага жыцця народа. На Карэліцкай зямлі жылі цудоўныя казачнікі, вядомыя фалькларысты і этнографы.
Сёння гаворка пойдзе пра знаўца беларускай вуснай паэтычнай творчасці, нашага земляка, ураджэнца вёскі Малюшычы Яна Чачота.
Нарадзіўся ён 7 ліпеня 1796 г. у в. Малюшычы Навагрудскага павета ў сям’і арандатара. Маленства прайшло ў маёнтку графа Тызенгаўза, дзе яго бацька быў эканомам. Пачатковую адукацыю атрымаў ў Навагрудскай дамініканскай школе. У 1815 г. паступіў на аддзяленне маральных і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта. Але не маючы сродкаў на плату за навучанне праз год пакінуў вучобу і ўладкаваўся ў Віленскае бюро па ўпарадкаванні архіваваў князёў Радзівілаў. У 1818 г. становіцца членам тайнага таварыства філаматаў. Пасля выкрыцця царскімі ўладамі віленскіх студэнцкіх згуртаванняў у 1823 г. зняволены ў Віленскую турму, потым сасланы на Урал, дзе адбываў турэмнае зняволенне ў крэпасці Кізіл, у 1825 г. пераведзены ў Уфу, у 1831 – у Цвер. Толькі праз 10 гадоў паэту дазволілі вярнуцца на Беларусь. На радзіме ён працаваў сакратаром кіраўніцтва Бярэзінскім каналам, бібліятэкарам у графа Храптовіча.заседание 028
У філамацкі перыяд захапіўся стварэннем вершаў на роднай мове, і яго творы карысталіся вялікім поспехам на пасяджэнні таварыства. На паэтычным турніры, які адбыўся 21снежня 1818 г., Чачот прызнаны трэцім паэтам пасля А. Міцкевіча і Т. Зана, У 1819 г. ён напісаў некалькі беларускамоўных імянных вітанняў і драматычных сцэнак, заснаваных на беларускім фальклоры, у тым ліку “Да пакіньце ж горла драць”, “Едзеш, міленькі Адам”.
Адначасова з беларускімі вершамі Чачот працягваў пісаць і на польскай мове. У гэты час ён стварыў лібрэта аперэты “Малгажата з Зембаціна”, вершаваную гісторыю Літвы і Польшчы, рамантычныя балады “Свяцязь – возера”, “Мышанка”, “Навагрудскі замак”, “Калдычэўскі шчупак”. У аснове яго балад былі паданні, якія паэт чуў у дзяцінстве на Навагрудчыне. Гэтымі творамі ён праславіўся як паэт – фалькларыст і ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры.
У в. Бортнікі на Навагрудчыне ён запісаў і склаў цэлы зборнік беларускіх народных песень (не захаваўся). На працягу 1837 – 1846 гг. паэт сабраў і выдаў у Вільні 6 фальклорных зборнікаў “Сялянскія песні”, куды ўвайшло каля 1000 песень у перакладзе на польскую мову і ў арыгінале ўласна беларускія вершы, а таксама – прыказкі і прымаўкі, слоўнік беларускай мовы (200 слоў). А таксама Ян Чачот пераклаў на польскую мову творы з англійскай, французскай паэзіі. Ён з’яўляецца аўтарам яшчэ шматлікіх твораў.
Апошнім часам цікавасць да асобы Чачота ўсё больш павялічваецца. І гэта заканамерна. Азіраючыся на пройдзены нашым народам шлях, мы не можам не згадваць лепшых прадстаўнікоў яго, якія жылі і тварылі ў розны час.

Валянціна Кошур,
бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Карэліцкай раённай бібліятэкі.

Добавить комментарий