На пенсіі жыццё толькі пачынаецца…

У гэтым меркаванні яшчэ раз давялося пераканацца падчас сустрэчы ўдзельнікаў аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна” з калегамі з Навагрудчыны. Як гаспадары, так і госці прадэманстравалі сваё майстэрства і гэтым парадавалі прысутных у зале.
Сяброўству мацнець
На Карэліччыне любяць гасцей, а з Навагрудскім раёнам даўно падтрымліваюцца добрыя сяброўскія адносіны. Вырашылі сустрэцца і ўдзельнікі аддзяленняў дзённага знаходжання для пажылых грамадзян Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва суседніх раёнаў. І як паказала першая сустрэча, якую адкрыла і вяла загадчыца аддзялення Наталля Міхайлаўна Расюкевіч, гэта можа пайсці толькі на карысць абодвум бакам.
“Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ўдзяляе шмат увагі пажылым людзям, — адзначыла дырэктар ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна” Інэса Мікалаеўна Семібратава. — Адкрываюцца новыя цэнтры і майстэрні, а зрабіць вольны час цікавым і змястоўным наведвальнікам дапамагаюць кваліфікаваныя спецыялісты. Людзі сталага ўзросту не толькі знаходзяць тут занятак па душы, але становяцца пераможцамі конкурсаў і атрымліваюць узнагароды — і мы разам з імі радуемся”.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Аляксандраўна Богуш выказала ўпэўненасць у тым, што традыцыі будуць захоўвацца. Разам з тым яна назвала залатым узрост пажылых людзей, а таксама адзначыла, што ў чалавека павінен быць унутраны стрыжань і ў душы заставацца маладым. Начальнік упраўлення пажадала гасцям творчых знаходак, удачы ў жыцці і не спыняцца на дасягнутым.
Актыўная ва ўсім
Ніну Сяргееўну Яфрэмаву добра ведаюць у нашым раёне: яна — старшыня Карэліцкага раённага савета ветэранаў. Разам з сакратаром савета Галінай Аляксандраўнай Ульянка і старшынёй раённай арганізацыці інвалідаў Верай Міхайлаўнай Сашко імкнуцца аказаць дапамогу людзям з абмежаванымі магчымасцямі і састарэлага ўзросту.
Увогуле, Ніна Сяргееўна — чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі. Няўрымслівая па характару, яна імкнецца не прапусціць ніводнага мерапрыемства, якое праводзіцца ў раёне з удзелам ветэранаў вайны і працы. З’яўляецца наведвальнікам аддзялення дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту. Больш таго, актыўная ўдзельніца клуба “Поющие сердца”. Нездарма падчас сустрэчы з навагрудчанамі ёй была ўручана Падзяка Гродзенскага абласнога савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў абласнога фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў (“Не старэюць душой ветэраны”).
Слова для душы
Паэзія патрэбна чалавеку — мілагучнае слова кранае, узнімае настрой, і мы ўжо па-іншаму глядзім на навакольны свет. Дорыць гэту непаўторную прыгажосць нераўнадушны чалавек, з-пад пяра якога выходзяць цудоўныя вершы. А калі паэт яшчэ сам дэкламуе іх, то заслухаешся і зачаруешся лірыкай, ад якой цяплей становіцца на душы.
На сустрэчы Антаніна Мікалаеўна Аўчыннікава з райцэнтра пазнаёміла ўдзельнікаў са сваімі вершаванымі творамі. Яны пра вясну — цудоўную пару года, калі ўсё навокал абуджаецца і зачароўвае. Адзін з вершаў яна назвала “Першае каханне”, і, па словах паэткі, зараз успамінаюцца тыя гады, калі хацелася марыць, дасягаць зорак і быць шчаслівымі. Засталіся толькі цёплыя ўспаміны і жаданне ў думках вяртацца ў юнацтва.
“А мы маладыя душой” — верш, які Антаніна Мікалаеўна прысвяціла аддзяленню дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У ім гучыць пытанне: “Кто сказал, что Центр для старушек?” Чытаем адказ у чатырохрадкоўі:
В каждой женщине
нашего Центра
Есть изюминка, шарм,
красота.
И живет в каждой та
же девченка.
Разбуди — и проснется
она!
І песня загучала…
Сапраўды, не памылілася паэтка ў сваёй выснове: удзельнікі аддзялення яшчэ здольны на многае. І гэта адчувалася, калі карэліччане спявалі песні. Кожная па-свойму зачароўвала і ўскалыхвала душы слухачоў у зале.
Песня — добры падарунак, і калі яна ідзе ад душы, то кранае не толькі яе мелодыя, але і словы. Песні былі з далёкай маладосці, такія блізкія па ўспрыняцці людзям, якія сабраліся ў Цэнтры на сустрэчу з калегамі.
Хто з прадстаўнікоў старэйшага пакалення не памятае гэтых песень, такіх задушэўных і блізкіх сэрцу? Яны гучалі і вярталі ўдзельнікаў сустрэчы ў далёкую маладосць. А гэта: “На побывку едет молодой моряк”, “По тропинке снежком запорошенной”, “По камушкам”, “Ехаў Ясь на кані”, “Ой, там у полі”, “Цячэ вада ў ярок”. І няхай яны яшчэ не раз гучаць!
“Мудрая маладосць”
Такую назву мела п’еса, якую паставілі ўдзельнікі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей Навагрудскага раёна.
Прадстаўнікі самадзейнага тэатра змаглі паказаць сваё выканальніцкае майстэрства, якое давала магчымасць акунуцца ў іх жыццё і побыт. Кожны з герояў па-свойму індывідуальны і арыгінальны. Прысутныя мелі магчымасць заглянуць у свой унутраны свет і нешта змяніць у сабе да лепшага. Ды і ўвогуле, п’есу трэба было глядзець і слухаць яе выканаўцаў, бачыць прыгожых і таленавітых яе гераінь, для якіх узрост не перашкода.
Хочацца спадзявацца, што такія сустрэчы прадоўжацца.цсон 007 цсон 014 цсон 022 цсон 027 цсон 056
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий