Дабраты хапае на ўсіх

свадьба райца 014У СУЛАДДЗІ З ПРЫРОДАЙ
Вёска Ятвезь — цудоўны куточак на зямлі. Колькі б разоў туды ні наведвалася, кожны раз па-новаму ахопліваюць светлыя пачуцці. Тут лёгка дыхаецца і добра думаецца, і здаецца, што ты трапляеш у сапраўдны рай. Ну а жыць тут, хадзіць знаёмымі сцяжынкамі, адчуваць усю паўнату жыцця можна лічыць за падарунак лёсу. У суладдзі з прыродай чалавек адчувае сябе шчаслівым.
Так і ў сям’і Бузук, іх жыццё як на далоні. У вёсцы яго не схаваеш: як жыве вясковец, так па яго ўчынках мяркуюць. У іх ёсць чаму павучыцца: працавітасці, прыстойнасці, дабраце — усяму таму, каб Чалавекам звацца. Ім не сорамна перад дзецьмі, суседзямі, самімі сабой.
Яны тутэйшыя: Браніслаў Генадзьевіч нарадзіўся ў Ятвезі, а маленькая радзіма Зінаіды Уладзіміраўны — Грабаўка. Не здрадзілі ў маладосці роднаму куточку, не паехалі ў горад, а засталіся на Бацькаўшчыне і знайшлі сваё месца на свіцязянскай зямлі.

АДНОЙЧЫ І НА ЎСЁ ЖЫЦЦЁ
Аднаго разу на вяселлі юнак убачыў дзяўчыну і падумаў: “Якая яна прыгожая!” Гэтыя сімпатыі перараслі затым у вялікае пачуццё — каханне. 24 ліпеня 1966 года Браніслаў Генадзьевіч і Зінаіда Уладзіміраўна пажаніліся. Пачалі жыць у вёсцы Ятвезь, шмат шчыравалі ў сельскай гаспадарцы, з людзьмі стараліся ладзіць, гадавалі дзяцей.
Паўстагоддзя яны крочаць па жыцці разам. Якія цяжкасці ні сустракаюцца ў жыцці, стараюцца іх пераадольваць, і новы дзень прыходзіць, не падобны на папярэдні, больш ясны і сонечны, зноў радуюцца жыццю і не скардзяцца на лёс. Выручае заўсёды праца — аснова з асноў. Менавіта яна дапамагае забыцца пра набалелае, і жыццё набывае іншыя фарбы.
Працавітасць і дабрата заўсёды былі ў пашане ў вясковых людзей, і старанні сям’і Бузук не засталіся незаўважанымі. Зінаідзе Уладзіміраўне прысвоена ганаровае званне “Заслужаны калгаснік”. Браніслаў Генадзьевіч з’яўляецца старастам вёскі, а аднавяскоўцы знаходзяць у ім добрага дарадцу і памочніка.

свадьба райца 049

МАЦЯРЫНСКАЯ ЛЮБОЎ
Ад сустрэчы з гэтымі людзьмі цяплей і лагодней становіцца на душы, адыходзяць сум і трывога — і разумееш, што не ўсё згублена. На зямлі ёсць астравок шчасця, дзе гаспадараць простыя людзі, якія па крупіцах збіраюць яго. У іх ёсць чаму павучыцца.
Мацярынская любоў Зінаіды Уладзіміраўны не ведае межаў. Жанчына пераканана, што так любіць, як маці, ніхто не зможа. Яна вытрымала ўсе выпрабаванні лёсу, ні на хвіліну не пераставала думаць і хвалявацца пра сваіх дзяцей. Толькі ёй адной вядома, колькі начэй не спала і колькі слёз выплакала, калі сын Генадзій служыў у Афганістане. Гэта быў боль яе душы. Таму адно з пажаданняў жанчыны: каб заўсёды быў мір на Планеце.
Дзеці — радасць, надзея і апора ў сям’і Бузук. Сын Генадзій жыве ў вёсцы Мірацічы і працуе ў мясцовым калгасе. Дачку Алену лёс закінуў у горад Баранавічы, яна знайшла сваю справу, працуе прадаўцом. Вызначыліся ў жыцці і ўнукі. Бацькі радуюцца кожнаму іх прыезду, дом напаўняецца галасамі, і ў хвіліны сустрэчы ўсе адчуваюць сябе шчаслівымі.


свадьба райца 085

ЗАЛАТОЕ ВЯСЕЛЛЕ
У Райцаўскім сельсавеце правялі ўрачыстую рэгістрацыю шлюбу Браніслава Генадзьевіча і Зінаіды Уладзіміраўны Бузук. Гэта ўрачыстасць не выпадковая: у сям’і вырашылі адзначыць залатое вяселле. І сапраўды, чым не падзея для дружнай сям’і? Як не парадавацца за родных людзей?
Юбіляры свяціліся шчасцем — яго заслужылі па праву. Яны зноў былі маладымі: станавіліся на ручнік, абменьваліся пярсцёнкамі, кружыліся ў вальсе… Нагадваліся першыя сустрэча, пацалунак, прызнанне ў каханні — першае заўсёды вярэдзіць душу і вяртае ў гады маладосці.
Урачыстасць усхвалявала прысутных, і кожны імкнуўся выказаць свае пажаданні. Такія сустрэчы пакідаюць у душы глыбокі след. У Зінаіды Уладзіміраўны і Браніслава Генадзьевіча Бузук ёсць чаму павучыцца: шчырасці, дабраце, любові — іх хопіць на шмат пакаленняў.

свадьба райца 129
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота
Іны МІХАЙЛАВАЙ.

Добавить комментарий