Акруговая выбарчая камісія Навагрудскай выбарчай акругі № 57 абнародавала звесткі аб выніках галасавання па выбарах
Акруговая выбарчая камісія Навагрудскай выбарчай акругі № 57 абнародавала звесткі аб выніках галасавання па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Навагрудскай выбарчай акрузе № 57. Паводле іх, ад Навагрудскай выбарчай акругі № 57 дэпутатам Палаты прадстаўнікоў выбрана Вольга Мікалаеўна ПАПКО – 24 ліпеня 1976 года нараджэння, дырэктар установы “Музей “Замкавы комплекс “Мір”, пражывае ў в. Тэльмы-1 Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці, беспартыйная.
Яе падтрымалі 76 працэнтаў выбаршчыкаў. У абсалютных лічбах – 37424 выбаршчыкі. Яўка на выбары ў Навагрудскай выбарчай акрузе ў цэлым склала 86,2 працэнта выбаршчыкаў. У абсалютных лічбах удзел у галасаванні прынялі 49259 чалавек. Агульная колькасць выбаршчыкаў, уключаных у спісы грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, была роўная 57145.
Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Навагрудскай выбарчай акрузе Валерый Анатольевіч АНТОНАЎ на выбарах атрымаў 7,6 працэнта галасоў выбаршчыкаў, кандыдат Уладзімір Уладзіміравіч КРУЦІКАЎ – 4,7 працэнта галасоў. У абсалютных лічбах дадзеных кандыдатаў падтрымалі 3752 чалавекі і 2326 чалавек адпаведна. Супраць усіх па акрузе № 57 прагаласавала 5049 выбаршчыкаў. Колькасць несапраўдных бюлетэняў склала 708.
У цэлым па краіне яўка выбаршчыкаў на выбары ў Палату прадстаўнікоў, як паведамляе Цэнтарвыбаркам, склала 74,8 працэнта. У абсалютных лічбах у выбарах прынялі ўдзел 5 212 745 выбаршчыкаў. Цікава, што ў Палаце прадстаўнікоў шостага склікання стане больш жанчын – усяго выбрана 38 жанчын-дэпутатаў: іх удзельная вага ў Палаце прадстаўнікоў шостага склікання дасягае 34 працэнты. Колькасць жанчын-парламентарыяў узрасла на 9 чалавек у параўнанні з выбранымі чатыры гады таму. У Гродзенскай вобласці дэпутатамі Парламента жанчыны выбраны ў чатырох акругах.
Паўторна ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі выбраны 28 дэпутатаў папярэдняга склікання Парламента. У Гродзенскай вобласці перавыбраны тры дэпутаты.
Палата прадстаўнікоў, нагадаем, складаецца з 110 дэпутатаў, узрост якіх не можа быць ніжэйшы за 21 год.
Уласн. інф.