Домік вокнамі ў сад…

Домик окнами в сад, там, где ждет меня мама,
Где качала мою по ночам колыбель,
Домик окнами в сад заметает упрямо
Золотой листопад, голубая метель…mariya-020
Гэтыя просценькія, надзвычай чуллівыя радочкі з песні на словы А. Папярэчнага гавораць пачуццямі кожнага з нас, бо амаль усе мы родам з доміка вокнамі ў сад. І якое шчасце, калі такі Домік сагрэты мамінай любоўю, якую можна параўнаць (цытую знакамітага псіхолага) “з утульным дворыкам, дзе заўсёды цёпла і сонечна, дзе заўсёды вырастаюць харошыя дзеці — матуліна гордасць, матуліна шчасце, яе апора, выратаванне ў старасці”. Менавіта ў гэтых няхітрых высновах, на маю думку, і крыецца галоўны сэнс жыцця жанчын, Богам надзеленых асаблівым талентам — Талентам Мацярынства, а ад яго ў многім залежыць будучае нацыі. “Дайце нам харошых мамаў, і мы будзем найлепшымі людзьмі”, — казаў у свой час Ж. П. Рыхтар.
Простая сялянская жанчына, заслужаная калгасніца СВК “Маяк-Заполле”, Марыя Аляксандраўна Шайбак з вёскі Лясок — харошая мама. І як вынік, як падарунак лёсу — залатыя сын і дачка, цудоўныя ласкавыя ўнукі, сонейка-праўнук, якія не шкадуюць для яе шчырых прызнанняў у любові, удзячнасці за каштоўныя ўрокі жыцця, акружаюць зайздроснай пяшчотай, пашанай, клопатам. Таму і не адчувае Марыя Аляксандраўна ўзросту, таму і не вяне яе знешняя і душэўная прыгажосць. Несупынна рупіцца на агародзе, па дамашняй гаспадарцы, каб было што паставіць на стол, калі збяруцца ў роднай хаце дзеці з сем’ямі, унукі ды праўнучак, каб было што даць з сабой у дарогу. Утульнасць, Дабрыня, неверагодныя Гасціннасць і Сардэчнасць гаспадыні напаўняюць кожны вугалок яе дагледжанага доміка вокнамі ў сад, куды хочацца вярнуцца…
У чым жа сакрэт мацярынскага таленту М. А. Шайбак? Адказ на гэтае пытанне няцяжка знайсці ва ўспамінах самой Марыі Аляксандраўны, у хвалюючых выказваннях яе дачкі Наталлі Леанідаўны, загадчыка сектара бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці — галоўнага бухгалтара упраўлення сельскай гаспадаркі Карэліцкага райвыканкама, у па-мужчынскі кароткіх, але глыбокіх па сэнсе разважаннях яе сына, старшыні райвыканкама Віктара Леанідавіча, якія не раз даводзілася чуць.
“Мама для мяне — сэнс майго існавання. Яна такі чалавек, што можа замяніць многіх, але ніхто не заменіць яе, — аднойчы прызнаўся ў размове Віктар Леанідавіч. — Трэба памятаць: пакуль жыве мама, жывём і мы. Мама кепскаму не навучыць. У маёй матулі быў адзін крытэрый у выхаванні: праца і павага да старэйшых. Яна вучыла: “Не стаўце сябе над людзьмі. Не спрачайцеся са старэйшымі. Лепш у добры час сказаць, у кепскі — прамаўчаць. Прывыкайце стрымліваць абурэнне, пачуўшы заўвагу, умейце аналізаваць свае ўчынкі, бачыць недахопы ў асабістым характары. Мама з татам (на жаль, яго ўжо 12 гадоў няма ў жывых) марылі, каб мы з сястрой атрымалі вышэйшую адукацыю. І сёння матуля ганарыцца нашымі поспехамі. Для яе галоўнае — не займаемыя намі пасады, а тое, каб мы былі добрымі, харошымі людзьмі”.
Знаёмства з Марыяй Аляксандраўнай умацавала маё разуменне, адкуль у характары і ў стылі работы Віктара Леанідавіча неабыякавыя, сыноўнія адносіны да працаўнікоў раёна, асабліва да яго састарэлых, адзінокіх жыхароў, праблемы якіх ён успрымае як асабістыя і стараецца неадкладна вырашаць, ахіляючы кожнага дабрынёй сваёй душы; адкуль неверагодныя душэўнасць і сардэчнасць Наталлі Леанідаўны.
Наталля Леанідаўна хвалюецца, гаворачы пра маму: “Яна — ікона, на якую мы пастаянна молімся, з якой раімся , у якой просім падтрымкі і дапамогі ў цяжкія хвіліны. Для нас мама — сімвал працавітасці, адданасці нам, дзецям, усё яе жыццё — у працы і ў хваляванні аб нас. Мы прызвычаены да любой работы, дзякуючы мамачцы, яна навучыла нас суперажыванню. Ведаючы яе спагадлівую душу, мы тэлефануем ёй штодзённа раніцай і вечарам, пастаянна заязджаем. На святы ж — абавязкова да мамы. Не раз успамінаю: стоміцца, цэлы ж дзень у полі, а на бацькоўскія сходы, нягледзячы ні на што, спяшалася. Абавязковасць — гэта ў нас ад мамы. Тата цэлымі суткамі прападаў на мехмайстэрні, залатыя рукі меў, рамантаваў машыны, трактары, камбайны, і мама заўсёды прывівала павагу да яго, да яго працы. Мы бачылі, што ёй нялёгка, дапамагалі па дамашняй гаспадарцы, стараліся радаваць добрымі ўчынкамі. Ад мамы ў спадчыну мы атрымалі навуку зносін з людзьмі, гасціннасць, імкненне да адукаванасці (двое ўнукаў Марыі Аляксандраўны таксама атрымалі вышэйшую адукацыю, двое яшчэ яе атрымліваюць). Нам так хочацца, каб яна менш працавала, здароўе ж, бывае, падводзіць. Просім: “Пажыві для сябе, сустракайся з сяброўкамі (у мамы цудоўныя сяброўкі!), адпачывай”. А ў адказ чуем: “Я захварэю, калі не буду працаваць.” Маміны бясконцая дабрыня, мудрасць, уменне зразумець, дараваць, згуртаваць, уменне знайсці выхад у, здавалася б, бязвыхадныя моманты не раз выручалі і ратавалі. Мяне вырвала з лап хваробы менавіта любоў матулі, яе вера, што ўсё будзе добра. Маміны розум і мудрасць дапамаглі, калі пасля замужжа я, будучы студэнткай 1-га курса Горацкай сельгасакадэміі, нарадзіла дачушку Волечку. Мама была з намі ў Горках 2,5 месяцы, а потым з татам гадавалі ўнучку, каб я спакойна вучылася, каб не брала акадэмічны водпуск. Усё жыццё яна імкнецца, каб тварыць для нашых сем’яў дабрыню. Вось такая яна, маміна любоў”.
Лёс Марыі Аляксандраўны нельга назваць бязвоблачным. Нарадзілася ў в. Новыя Руткавічы ў сям’і калгаснікаў, гадаваўшых шасцёра дзетак. Бацькі не стала, калі дзяўчынцы споўнілася тры гады. Ледзьве не згарэла ў час пажару, але брат паспеў вынесці з хаты. Матуля не выйшла паўторна замуж, шкадавала даверыць асірацелых дзяцей айчыму. Яны раслі, узгадаваныя працай і мамінай любоўю, паважлівымі, спагадлівымі, руплівымі, дружнымі. “Пасля 11 класа не ўдалося паступіць у Лідскі тэхнікум, — успамінае зараз Марыя Аляксандраўна, — засталася ў родным калгасе працаваць на свінаферме. Цяжка, але ж маладая была, усюды паспявала: маме дома дапамагчы, на ферме справіцца, на танцы збегаць. А надарыцца свабодная хвілінка — вышывала, вязала, абавязкова з песняй, каб стому адганяць. Першую сваю работу — навалачку на падушку, вышытую адной ніткай мулінэ, потым сыну і дачушцы ў каляску клала. Накідкі, абрусы, палавічкі — усё захавала да гэтай пары. Вяжу і сёння, без работы не магу!
Потым угаварыў мяне тагачасны старшыня калгаса У. Р. Пахолак узначаліць ільнаводчае звяно. Не магла яму адмовіць, і справілася! Падарункі за працу дарылі, на выстаўцы ў Маскве пабывала. А ў 21 год замуж выйшла. Лёню пасватаў мне старшыня: “Не глядзі, што быў жанаты, выходзь за яго, ён добры, харошы”. Хоць многія хлопцы заляцаліся, выбрала Лёню і не прагадала: гаспадар ён быў адмысловы, работнік, дзяцей любіў, сыну Віктару прывіў любоў да тэхнікі, якая перадалася і ўнуку Вадзіму. Дома работы хапала: 30 сотак агароду, карову трымалі, свіней, хатніх птушак, а яшчэ дзялкі буракоў у калгасе трэба было палоць. Бывала, галаву падымеш — кругі перад вачыма, пастаіш — і далей за работу! Свёкра і свякруху, маму даглядзела, яны пражылі доўгі век. І усё ж галоўны клопат быў — дзеці!”.
Памаўчаўшы, Марыя Аляксандраўна шчасліва дадала: “Харошыя ў мяне дзеці! Нявестка Оля і зяць Сяргей таксама харошыя. З сынам мужа ад першага шлюбу добрыя адносіны. Ён часта заязджае і да мяне, і да сына, і да дачкі. Унукі і праўнук — лепшыя ў свеце. Я шчаслівая маці, бабуля, прабабуля і не заўважаю ўзросту, хоць праз год ужо будзе 75 гадоў! Калі яны праляцелі?! Радуюся, што сын і дачка побач, што яны адданы роднай зямлі, хоць мелі магчымасць жыць у горадзе, што ў радасці і ў горы яны разам, што яны не ганарыстыя. Я ім дала запавет: “Мяне не будзе, каб трымаліся адзін аднаго, як зараз”. Я не раз дзіўлюся: сёння многія маладыя хочуць, каб нехта іх забяспечваў, а ў нас у сям’і ўсяго дабіваліся сваім стараннем, сваім розумам, сваімі рукамі. Таму хачу пажадаць: не цурайцеся працы, жывіце дружна, без зайздрасці і злосці! Будзем дружнымі, добрымі, таварыскімі — свет стане іншым. Матулям жа ад усёй душы жадаю, каб дзеці раслі здаровымі, каб паважалі людзей ды заўсёды былі імі паважанымі. Каб кожную хвілінку адчувалі, што іх аберагае любоў вашага сэрца, а потым, у старасці, дарылі вам такую ж любоў… ”
Заканчваю артыкул, а перад вачыма дом, акружаны садам, акуратны надворак, на ім — рад чыгуноў з намытай бульбай, утульныя пакоі, у якіх здзіўляе багацце вышыванак, хатніх кветак і сонечнае ззянне вясёлых палавічкоў на падлозе, звязаных нястомнымі рукамі Марыі Аляксандраўны. Перад вачыма яе рукі, пакручаныя ад працы поліартрытам, ды надзвычай ласкавыя, пяшчотныя; светлая ўсмешка, якая бывае толькі ў шчаслівай Маці. І не знікае адчуванне, што прыроджаная жаночая сардэчнасць, незвычайная далікатнасць, адкрытасць душы, яе мілы твар, стаўшы для мяне, чужога чалавека, родным, падарылі шчасце зразумець, у чым жа адметнасць Таленту мацярынства. Са святам Вас, Марыя Аляксандраўна! Міру і радасці Вашаму дому!
Галіна КАЛТУНОВА.

Добавить комментарий