У Карэлічах — новая вытворчасць
Адбыўся семінар-вучоба ідэалагічнага актыву раёна, у якім прыняў удзел і выступіў намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Руслан Юр’евіч Абрамчык.
На працу
запрашаюцца швачки
“Рынак працы ў Рэспубліцы Беларусь. Асноўныя накірункі ўдасканалення дзяржаўнай палітыкі ў галіне садзейнічання занятасці насельніцтва” — асноўная тэма. Слова трымала намеснік начальніка — начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Наталля Сцяпанаўна Гоцка.
На 1 верасня 2016 года ў аддзеле дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама стаяць на ўліку 60 чалавек, у тым ліку 59 беспрацоўных. На аднаго беспрацоўнага прыходзіцца 2 вакансіі.
Узровень беспрацоўя ў раёне склаў 0, 6 працэнта ад эканамічна актыўнага насельніцтва, што ніжэй гадавога паказчыка на 0, 9 працэнтных пункта.
Наталля Сцяпанаўна засяродзіла ўвагу ідэолагаў раёна на пытанні новых рабочых месцаў на Карэліччыне. У бліжэйшы час на базе Карэліцкага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя плануецца адкрыць швейную вытворчасць. На працу запрашаюцца швачкі і тыя, хто мае жаданне авалодаць гэтай спецыяльнасцю. За больш падрабязнай інфармацыяй можна звяртацца ў аддзел дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама.
Спорт ідзе ў масы
Пра ўкараненне дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь у практыку работы арганізацый раёна расказаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Мікалай Мікалаевіч Барэйка. Прамоўца падрабязна паведаў пра тое, якую падрыхтоўчую работу павінны праводзіць у працоўных калектывах па дадзенаму накірунку.
Не дапусціць
вогненнай бяды
Вялікую растлумачальную работу сярод насельніцтва раёна праводзяць супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях па пытаннях супрацьпажарнага становішча. Гэта і сельскія сходы, і абследаванні домаўладанняў грамадзян, і артыкулы ў раённай газеце “Полымя”. І вынікі ёсць: удаецца зберагчы жыццё людзей.
Намеснік начальніка Карэліцкага РАНС Андрэй Васільевіч Карповіч, расказаўшы пра супрацьпажарную бяспеку ў раёне, звярнуў увагу на пытанні пячнога ацяплення, чыстку дымаходаў, спраўнасць электраправодкі. Ён падкрэсліў, што перакал печак — адна з прычын пажараў, элекраправодка ў дамах грамадзян павінна праводзіцца паверсе паклееных шпалераў. І калі гэтага не прытрымлівацца, то можа адбыцца кароткае замыканне і ўзнікнуць пажар.
Андрэй Васільевіч звярнуў увагу на ведамаснае жыллё — у ім павінны захоўвацца правілы па супрацьпажарнаму становішчу. Трэба не забываць і пра ўстаноўку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Яны выратоўваюць чалавечыя жыцці — і гэта не раз праверана на практыцы.
Экскурсія па родных мясцінах
Супрацоўнік установы культуры “Карэліцкі раённы краязнаўчы музей” Марыя Уладзіміраўна Беленава паведала ідэолагам пра тое, што члены працоўных калектываў, устаноў адукацыі, усе жадаючыя маюць магчымасць прыняць удзел у экскурсіі па маршруту “Падарожжа ў мінулае” — акунуцца ў атмасферу мінулага Карэліцкага раёна. Яны змогуць наведаць Райцу, царкву Святой Варвары, сядзібу Раецкіх, Варончу, каталіцкія могілкі, касцёл Святой Ганны, турыстычную вёску Белыя Лугі, помнік прыроды “Камень філарэтаў”.
Марыя Уладзіміраўна прапанавала старшакласнікам наведваць музейныя ўрокі “Дарогай замкаў” і тыя заняткі, на якіх будзе весціся гаворка пра вядомых асоб гісторыі. Гэта дапаможа вучням пашырыць свой кругагляд, паказаць добрыя веды пры здачы тэсціравання ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Галіна СМАЛЯНКА.