Няпростыя малюнкі простым алоўкам
Святлану Сцяшко, выхавальніка Лукскага дзіцячага сада, добра ведаюць не толькі ў роднай вёсцы дзякуючы яе таленавітым партрэтам, напісаным алоўкам. Часта яе працы не адрозніш ад фатаграфій, хіба што ў іх адчуваецца душа і рука майстра.
Святлана скончыла педагагічны ўніверсітэт і атрымала адразу дзве спецыяльнасці: выхавальнік дзіцячага сада і настаўнік выяўленчага мастацтва. Пачала маляваць яшчэ ў школе: глядзела кіно ці мультфільм і тут жа пачынала адлюстроўваць герояў тэлеэкрана.
Сваю першую сур’ёзную працу Святлана зрабіла па просьбе сяброўкі, якая жыве ў Расіі. Яна даслала мастачцы дзве фатаграфіі: сваю і бацькі, і папрасіла намаляваць партрэты. Вынік спадабаўся і заказчыку, і самой Святлане. З таго часу яна малюе партрэты з фатаграфій: так зручней і хутчэй.
Мастачка прапрацоўвае кожную дэталь малюнка, бо павышаная ўвага да дэталяў, на яе думку, – галоўны сакрэт партрэтных работ. Каб убачыць недахопы, яна фатаграфуе партрэт, затым яго дапрацоўвае: дадае белым алоўкам блікі, выкарыстоўвае іншыя мастацкія прыёмы. У сярэднім на партрэт фармату А3 Святлане патрэбен тыдзень.
Святлана Сцяшко намалявала шмат партрэтаў аднавяскоўцаў, але ў асноўным героі яе твораў – людзі не мясцовыя . Самыя любімыя работы – партрэты сына, сястры і бабулі, вісяць у яе дома. Мастачка аддае перавагу працы ў дзённы час, калі добра кладзецца святло. А яшчэ патрэбен пэўны настрой. Калі яго няма, лепш не садзіцца маляваць, тады нічога не атрымаецца, – запэўнівае майстрыха. Часам усе выхадныя напралёт яна малюе, часта для сябе. Побач сядзіць яе шасцігадовы сын, які таксама з задавальненнем бярэ ў рукі алоўкі, як калісьці яго мама ў дзяцінстве.