У Карэліцкай дзіцячай бібліятэцы адбылася сустрэча з аўтарам кніг для дзяцей Міхасём Міхайлавічам Зізюком з горада Навагрудак
Усю мілагучнасць і непаўторнасць роднага слова дзяўчынкі і хлопчыкі пазнаюць у дзяцінстве. Першыя кніжкі ім дапамагаюць у гэтым — становяцца найлепшымі сябрамі і дарадцамі. З кожным годам цікавасць да пазнання ўзрастае, і дзетвара спяшаецца ў дзіцячую бібліятэку, каб адкрыць для сябе таямніцы навакольнага свету. Тут ім заўсёды рады: бібліятэкары прапаноўваюць не толькі добрыя кніжкі, але арганізоўваюць і цікавыя сустрэчы.
У адзін з лістападаўскіх дзён у чытальнай зале Карэліцкай дзіцячай бібліятэкі было шматлюдна. Дзяўчынкі і хлопчыкі, вучні чацвёртых класаў дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 2 г. п. Карэлічы”, з нецярплівасцю чакалі сустрэчы з аўтарам кніг для дзяцей Міхасём Міхайлавічам Зізюком з горада Навагрудак. Іх цікавасць зразумелая: адна справа чытаць кнігі, а іншая сустрэцца з тым, хто стварыў гэты сапраўдны цуд. А яшчэ: паразмаўляць па душах з аўтарам і задаць яму пытанні.
Праўда, спачатку на сустрэчу з’явіўся казачны персанаж, які адразу прыўзняў настрой дзецям. Хаця трэба адзначыць, што госць імкнуўся, каб добры настрой захаваўся ў дзяўчынак і хлопчыкаў на працягу ўсёй сустрэчы. Ды і кніжка, пра якую паведаў аўтар, выклікала цікавасць ужо па назве “Янка, Шмурдзік, Бахматка ды іншыя”. Ну як не прачытаць? Тым больш, што ў ёй шмат малюнкаў.
— Кнігі трэба чытаць, — сказаў падчас сустрэчы аўтар. — Трэба імкнуцца размаўляць на роднай мове. Не трэба баяцца быць творчым чалавекам: калі будзеце развіваць фантазію, то будзеце шматграннымі асобамі.
Міхась Міхайлавіч правёў конкурс сярод удзельнікаў сустрэчы. Дзяўчынкі і хлопчыкі не разгубіліся — сталі актыўнымі ўдзельнікамі. Трэба было чуць, з якой асалодай і пранікнёнасцю яны чыталі творы: Мікіта Сак — верш Якуба Коласа “Адлёт жураўлёў”, Даша Лагута і Дзяніс Царук — апавяданне Уладзіміра Дубоўкі “Хованкі”, Валерыя Штэйнік — верш Канстанцыі Буйло “Люблю”, Аляксей Шыш — верш “Лёгка нам нічога не даецца”. Пераможцы былі вызначаны і ўзнагароджаны.
Дарэчы, гэтая сустрэча ў аўтара не першая — ён сустракаўся з чытачамі ў Мінску, Дзятлаве, Навагрудку і іншых гарадах, каб данесці да дзяцей мілагучнасць і непаўторнаць роднай мовы.
М. М. Зізюк друкаваўся ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, газетах “ЛіМ”, “Звязда” і іншых выданнях. Піша кнігі і для дарослых. Выйшлі ў свет дыскі з яго аўтарскімі песнямі.
Дзяўчынкі і хлопчыкі выказалі пажаданні аўтару: напісаць творы, у якіх яны змогуць пазнаёміцца з насельнікамі іншых планет. Дзеці вераць у цуды, і няхай іх мары збываюцца!
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Караліны КУЧУК.