В библиотеках района «Читаем вместе» весь год
У межах Года культуры галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама і ДУК “Гродзенская абласная, навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага” арганізавалі акцыю “Чытаем разам”, якая праходзіла ў публічных бібліятэках Гродзеншчыны на працягу ўсяго 2016 года. Далучыліся да яе і бібліятэкі Карэліччыны.
Першы этап акцыі адбыўся ў сакавіку ў 13 бібліятэках раёна і быў прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка, паэта, сатырыка, драматурга, перакладчыка і літаратуразнаўца, заслужанага дзеяча навукі Беларусі Кандрата Крапівы.
У маі мерапрыемствы абласной акцыі прысвячаліся ваеннай тэматыцы: гадзіна мужнасці “И вечным будет этот гимн весны” адбылася ў Цырынскай сельскай бібліятэцы, час паэзіі “Не згасне памяці агонь” – у Аюцавіцкай сельскай бібліятэцы, літаратурнае чытанне “Чытаем кнігі пра вайну” – у Красненскай сельскай бібліятэцы.
Мерапрыемствы садзейнічалі паглыбленню ведаў пра гераічныя і трагічныя старонкі ваеннай пары, пра велічны подзвіг народа ў барацьбе з фашыстамі, спрыялі фарміраванню патрыятызму, павагі да гераічнага мінулага.
У чэрвені акцыя прысвячалася 175-годдзю з дня нараджэння Элізы Ажэшкі – сусветна вядомай польскай пісьменніцы беларускага паходжання з Гродзеншчыны. У Карэліцкай раённай бібліятэцы паддчас акцыі гутарылі пра беларускамоўныя творы пісьменніцы і найбольш цікавыя факты з яе жыцця.
Разнастайнымі былі ліпеньскія мерапрыемтвы, прысвечаныя 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Выставы, літаратурныя імпрэзы суправаджаліся прэзентацыямі з яскравымі момантамі іх жыцця і творчасці.
У Мірскай гарпасялковай бібліятэцы творы класікаў беларускай літаратуры чыталі супрацоўнікі дзіцячага сада і наведвальнікі бібліятэкі.
Удзельнікамі акцыі “Чытаем разам”, якую ладзілі бібліятэкі ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка”, сталі старшыні і сакратары сельскіх Саветаў, намеснікі старшыні па ідэалагічнай рабоце, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, гісторыі. На сустрэчах выступалі мясцовыя паэты.
З 30 лістапада па 9 снежня апошні раз у гэтым годзе мы разам прачытаем творы выдатнага беларускага паэта, лірыка, празаіка, крытыка Максіма Багдановіча, якому 9 снежня спаўняецца 125 год з дня нараджэння. Запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел у акцыі і ўшанаваць памяць паэта і папулярызаваць яго творчасць.
Праз такія імпрэзы мы пазнаём творы беларускіх аўтараў і выхоўваем любоў да беларускай літаратуры.
Наталля КАЗАРЭЗ,
метадыст ДУК “Карэліцкая
раённая бібліятэка”.