Адрасы дабрачыннасці

У рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Іна Санчук і прадстаўнікі пярвічнай арганізацыі Карэліцкага маслацэха ААТ “Малочная кампанія Навагрудскія Дары” ў складзе начальніка Ларысы Рапавец і аператара ЭВМ Наталлі Царук, наведаліся з падарункамі да шматдзетнай сям’і і дзяцей з педыятрычнага аддзялення Карэліцкай ЦРБ.бсж 015
Першы пункт прызначэння – шматдзетная сям’я Сяргея і Таццяны Андрэйчык з аграгарадка Краснае. Пярвічка ўзяла над ёю шэфства.
Гаспадары запрашаюць у дом. Першае, што адразу кідаецца ў вочы, – упрыгожаная елка. У доме нацеплена і прыбрана. Бачна, што дзеці дагледжаны. У дзіцячым пакойчыку цацкі, на сцяне – граматы старэйшага сына з раённых спаборніцтваў. Іна Міхайлаўна Санчук цікавіцца, ці ёсць якія патрэбы? Як перажылі нядаўнія маразы? Гаспадары дзякуюць за ўвагу і заўважаюць, што разам любая праца спорыцца.
Актывісты жаночага руху падрыхтавалі для сям’і дзіцячае адзенне, памперсы, сродкі для прання, крупы, алей, ласункі, яблыкі. Ларыса Рапавец заўважае: «Людзі кажуць, рука, што калыша калыску, кіруе светам. Галоўнае для дзяцей, каб іх маці заўсёды была побач. Менавіта маці пад сілу зрабіць так, каб яе дзеці былі шчаслівымі».
Далей накіроўваемся ў педыятрычнае аддзяленне УАЗ “Карэліцкая ЦРБ”. На час прыезду там праходзяць лячэнне маленькія пацыенты. Хварэць вельмі сумна, і мама з татам не побач, таму малыя рады гасцям. Дзецей частуюць цукеркамі і дараць цацкі.
Ад такіх учынкаў прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый цяплее на сэрцы.
Ганна ПАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий