2016 год выдаўся плённым для выдавецтва Мірскага замка
Пад заслону Года культуры Мірскі замак выдаў новую навуковую манаграфію “Князі Друцкія-Горскія ў Вялікім Княстве Літоўскім у ХV-ХVIII cтст.”. Яе ўжо паспелі ацаніць у НВЦ “БелЭКСПА” мінчане і госці сталіцы. Пра даследаванне адметнага княжацкага роду рассказаў вучоны сакратар музея “Замкавы комплекс “Мір”, адказны за выдавецкую дзейнасць Ігар Мікалаевіч ЛОЖАЧНІК.
– На XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы выдавецтва замкавага комплексу “Мір” прэзентавала новую навуковую манаграфію з серыі “GENUS ALBARUTHENICUM”. Ігар Мікалаевіч, чым здзівіць гэты фаліянт?
– Другі год запар наша выдавецтва паўнавартасна ўдзельнічае ў Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, дзе прадстаўляе свае дасягненні.
Увогуле, 2016 год выдаўся плённым для выдавецтва. Свет пабачыла не толькі калектыўная навуковая манаграфія з серыі “GENUS ALBARUTHENICUM” “Князі Друцкія-Горскія ў Вялікім Княстве Літоўскім у ХV-ХVІІІ cтст.”. Музей заснаваў новую серыю “Калекцыі музея “Замкавы комплекс “Мір”, быў надрукаваны яе першы ілюстраваны каталог: “Фарміраванне калекцый музея “Замкавы комплекс “Мір” (1989-2015)”. Акрамя таго, па выніках міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Атрыбуцыя, экспертыза і рэстаўрацыя прадметаў XVI-XIX стст. са збораў музеяў” выйшаў аднайменны зборнік матэрыялаў канферэнцыі.
Калектыўная навуковая манаграфія “Князі Друцкія-Горскія ў Вялікім Княстве Літоўскім у ХV-ХVІІІ cтст.” працягвае серыю “GENUS ALBARUTHENICUM”. Яна накіравана на тое, каб даць чытачам уяўленне пра буйныя і знакамітыя роды ВКЛ. Як і ў папярэдняй манаграфіі, якая расказвала пра першых ўладальнікаў Мірскага замка Іллінічаў, у новым выданні змешчана падрабязная карта зямельных латыфундый князёў Друцкіх-Горскіх. Яе выканаў кандыдат гістарычных навук Зміцер Віцько.
– Два з трох аўтараў з вамі ўжо працавалі. Аляксей Шаланда, Сяргей Рыбчонак – кандыдаты гістарычных навук. На якое кола чытачоў вы іх арыентавалі? І чаму серыю прадоўжылі менавіта даследаваннем пра князёў Друцкіх-Горскіх?
– У гісторыі кожнай еўрапейскай краіны ёсць славутыя арыстакратычныя дынастыі і роды, якія ад самых каранёў і праз шматлікія адгалінаванні свайго радаводнага дрэва звязваюць у адзінае цэлае мінулыя гістарычныя эпохі. У гісторыі Беларусі адным з такіх інтэгрыруючых родаў з’яўляюцца князі Друцкія. Пачаткі іх старажытнага радаводу губляюцца яшчэ ў часах Полацкага княства і яго Друцкага ўдзела, тады як бурная дзейнасць прадстаўнікоў розных ліній князёў Друцкіх-Сакалінскіх, Горскіх, Любецкіх, Азярэцкіх і іншых прыпала на перыяд існавання Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.
Некаторыя з адгалінаванняў роду працягваюцца і сёння. Напрыклад, прадстаўнікі князёў Друцкіх-Любецкіх жывуць у Польшчы. Другія згаслі, не пакінуўшы пасля сябе нашчадкаў. Да іх адносіцца род князёў Друцкіх-Горскіх, які кануў у вечнасць у першай палове XVIII ст.
З улікам прафесійнай спецыялізацыі аўтараў манаграфія мае наступную структуру: уводзіны, чатыры главы: “Гістарыяграфія і крыніцы”, “Радавод князёў Друцкіх-Горскіх у XV-XVIІІ стст.”, “Геральдыка князёў Друцкіх-Горскіх”, “Лёс зямельнай спадчыны князёў Друцкіх-Горскіх: Быхаўцы супраць Корсакаў” і заключэнне. У “Дадатку” ўпершыню публікуюцца аўтэнтычныя дакументы па праблемах даследавання.
– Як доўга ствараўся такі грунтоўны том?
– Такія навуковыя працы, як правіла, рыхтуюцца некалькі гадоў, не з’яўляецца выключэннем і гэтая калектыўная манаграфія.
– Якім накладам выдадзена манаграфія? Дзе яе могуць набыць карэліччане і госці раёна?
– Яна выдадзена накладам у 300 асобнікаў, і пакуль яе можна набыць толькі ў музейнай краме.
– Што зараз рыхтуе да выхаду ў свет выдавецтва замкавага комплексу “Мір”?
– На 2017 год музей запланаваў падрыхтоўку да друку не толькі навуковых выданняў, але і навукова-папулярных і даведачных. У праекце навуковая манаграфія С. У. Данскіх “Гродзенская ваенная кампанія 1705-1706 гг.”; зборнік дакументаў і матэрыялаў “Мір: замак, мястэчка, графства ў другой палове XVI-XVIII стст.”; каталог міжнароднай выставы “Ultima ratio regum. Беларусь у Паўночных войнах сярэдзіны XVII-пач. XVIII стст.”; калектыўная манаграфія з серыі “GENUS ALBARUTHENICUM” “Князі Вітгенштэйны – уладальнікі Мірскага замка ў XIX ст.”; тэматычны беларуска-англійскі слоўнік для дзяцей.
– Ігар Мікалаевіч, дзякуй за насычаную карыснай інфармацыяй размову.
Падрыхтавала Святлана ВАШЧЫЛА.