За неделю — три пожара в районе
Адным з галоўных пытанняў, што разглядаліся на чарговым пасяджэнні рабочай групы па каардынацыі дзейнасці аглядных камісій у райвыканкаме, стала пытанне пажарнай бяспекі: за мінулы тыдзень у раёне адбылося тры пажары.
Начальнік Карэліцкага РАНС Віталій Канстанцінавіч Рыбак канстатаваў, што за мінулы тыдзень у раёне адбылося 3 пажары: 2 – на прадпрыемствах, 1 – ва ўласнай гаспадарцы.
Узгаранні адбыліся ў бульбасховішчах СВК імя Царука і СВК “Цырын-Агра”. Работнікі выкарыстоўвалі самаробныя канструкцыі для абкурвання бульбы, каб зберагчы яе ад марозу. Іскры ад вогнішча трапілі на салому пад вільчаком, і пачаўся пажар. У выніку пашкоджаны драўлянае лачанне, уцяпляльнікі і шыфер. Плошча пажару склала да 10-15 квадратных метраў. Работнікі гаспадарак праігнаравалі ўсе забароны і папярэджанні пра бяспеку.
Яшчэ адно вогненае здарэнне адбылося з-за спадзявання на «авось». Колькі разоў гаварылася пра тое, што попел патрэбна высыпаць не бліжэй як за 15 метраў ад збудаванняў і паліваць вадой, але ж некаторыя грамадзяне любяць рызыкаваць. Так, жанчына 1935 года нараджэння з в. Равіны Варанчанскага сельсавета высыпала попел побач з гаспадарчай пабудовай. У выніку пажару маёмасць была пашкоджана. Толькі дзякуючы граматным дзеянням суседзяў і разлікам пажарных, што аператыўна прыехалі на месца, удалося пазбегнуць значных страт.
У сувязі з абвастрэннем сітуацыі было прынята рашэнне аб абавязковым правядзенні дадатковага дэкадніку, пад час якога ўсе аглядныя камісіі павінны выйсці на праверку жылога сектару з мэтаю папярэджання пажараў і гібелі людзей.
Ганна ПАШКЕВІЧ.