Класіка прымушае думаць

Пятра Паўлавіча САЧЫЎКУ з аграгарадка Цырын добра ведаюць у нашым раёне: усё сваё жыццё ён прысвяціў выхаванню падрастаючага пакалення. Вядомы і чытачам раёнкі як аўтар шматлікіх публікацый на розныя тэмы. Мае вялікую асабістую бібліятэку.
— Пётр Паўлавіч, якое месца займае кніга ў Вашым жыцці?
— Кніга вызначае лёс: калі стаў чытаць, то захацелася вучыцца, а даведаўся шмат цікавага, то захацеў пабываць у розных мясцінах. Да вайны ўсюды насіў з сабой кнігу і ў вольную хвіліну чытаў. Першай была «Маўглі» Р. Кіплінга. Калі вучыўся ў першым класе, добра чытаў.
— Якія кнігі асабліва запомніліся?
— У розны час — розныя кнігі. Зараз чытаю творы беларускага аўтара Анатолія Смалянкі. Люблю кнігі прыгодніцкага характару, неаднойчы вяртаюся да класікі. Адным словам, мяне цікавіць многае.
— Як з’явілася жаданне мець асабістую бібліятэку і колькі ў ёй налічваецца экзэмпляраў?
— Вырашыў збіраць кнігі, каб у любую хвіліну вярнуцца да любімага твора. Падлікам колькасці кніг не займаўся, але думаю, што збярэцца каля пяці тысяч. Яны рознай тэматыкі, спецыяльна на адной не засяроджваўся. Дзе ні даводзілася бываць, не мінаў кніжных магазінаў і купляў кнігі.
— Хто чытачы Вашай бібліятэкі?
— У 70-ыя гады ўсе сябры бралі і чыталі мае кнігі. Некаторыя з іх, найбольш старажытныя, перадаў музеям. Зараз кнігамі з асабістай бібліятэкі цікавяцца сям’я Людмілы і Уладзіміра Шайбака з аграгарадка Цырын, дырэктар мясцовай школы Наталля Мікалаеўна Адамушка і іншыя.
— Як Вы адносіцеся да таго, што цяпер інфармацыю найбольш атрымліваюць з інтэрнэта, чым з кніг?
— Калі чытаеш кнігу, то пранікаешся думкамі, і гэта адлюстроўваецца на характары і паводзінах, узбагачаешся духоўна. Інтэрнэт, як мне здаецца, вельмі хуткі сродак папаўнення ведаў, не дазваляе ўсё добра асэнсаваць.
— Што б Вы параілі чытаць сённяшняй моладзі?
— Класіку. Да прыкладу, творы Пушкіна, Някрасава, Тургенева, Дастаеўскага, а таксама Коласа, Купалы, Багдановіча — яны прымушаюць думаць. Параўноўваеш сваё жыццё з іх жыццём, паглыбляешся ў іх свет. Класіка ачышчае ад бытавых цяжкасцей, кліча ў іншы, больш карысны свет.
— Скажыце, ці лічыце сябе багатым чалавекам?
— На ўражанні, перажытае, лад жыцця — багаты. Я шмат падарожнічаў, каб задаволіць сваю цікавасць. Яшчэ ў гэтым мне дапамагаюць кнігі з асабістай бібліятэкі, якія пастаянна чытаю і перачытваю, знаходжу адказы на многія пытанні. Мяне падтрымлівае мая сям’я.
Гутарыла
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Ганны ПАШКЕВІЧ.

Добавить комментарий