Сёлета храм святой вялікапакутніцы Варвары агр. Райца святкуе сваё 200-годдзе
Сёлета храм святой вялікапакутніцы Варвары агр. Райца святкуе сваё 200-годдзе. Падзея сапраўды значная не толькі для мясцовых жыхароў, але і для ўсіх праваслаўных Карэліччыны. Тым часам святар Аляксей Шышкір працягвае, як было сказана на адным з інтэрнэт-рэсурсаў, «аднаўляць па крупінках унікальны старадаўні храм».
Айца Аляксея назначылі настаяцелем храма тры гады таму. Пражываючы на той момант у Наваградку, ён нават не мог уявіць, дзе ж знаходзіцца гэтая Райца. Як аказалася пазней, яго карані бяруць пачатак менавіта ў гэтым мястэчку. Прабабуля Аляксея прыходзіла маліцца ў Варварыну царкву яшчэ да яе разбурэння. Ва ўсім гэтым святар бачыць нейкі промысел божы – значыць нездарма ён знаходзіцца тут, на зямлі сваіх продкаў. Ад гэтай сувязі пакаленняў храм становіцца яму яшчэ даражэй і радней. Кожны дзень айцец Аляксей укладвае ў яго ўсю сваю душу і жыве яго праблемамі.
Пастаянных прыхаджан налічваецца крыху больш за дзясятак. Часам на богаслужэнні прысутнічаюць людзі з бліжэйшых вёсак: хтосьці пешам дабіраецца, хтосьці на конях. Жыхары аграгарадка ў храм не спяшаюцца.
– Свайго роду гэта нармальна, таму што ўсё ў імгненне не можа змяніцца. Перад намі – жывы чалавек: ён дарослы, з існуючым светапоглядам, – тлумачыць айцец Аляксей. – Зрабіць крок, праявіць сваю веру – складаны працэс, часта ўзнікае пытанне: а як да гэтага паставяцца аднавяскоўцы?.. У душы чалавек, магчыма, сустрэўся з Богам, але, каб прыйсці ў храм, яму трэба час.
У 2000-х гадах пачалася рэстаўрацыя храма. Тады яго цэнтральная частка была зусім разбураная: ацалела вежа, а вакол – толькі руіны і камяні. Як маглі, адбудавалі сцены, накрылі дахам, пры гэтым першапачатковы выгляд будынак страціў. У 2003 годзе храм зноў пачаў функцыянаваць, аднак рамонтныя работы не атрымалі працягу.
– Калі я прыйшоў сюды, то быў уражаны архітэктурнай унікальнасцю храма, аналагаў якой няма ў нашай краіне. Ён дэманструе той кароткі прамежак часу, калі многае будавалася ў гатычным стылі з элементамі рамантызму, – распавядае святар. – Першы год адаптаваўся, прыглядаўся. Куды ні глянь – усюды ўсё трэба было пераробліваць. Калі аднойчы прапанаваў прыхаджанам прывесці храм у парадак, то яны мне не паверылі, адказаўшы, што гэта немагчыма. На што я сказаў, «калі ён быў разбураны, вы не маглі паверыць, што будзеце стаяць і маліцца ў ім».
З таго моманту ўсе і пачалося. Айцу Аляксею давялося прасіць дапамогі ў жыхароў Райцы і бліжэйшых вёсак. З вялікай удзячнасцю распавёў ён у размове пра дапамогу старшыні гаспадаркі «Свіцязянка-2003» У. А. Галавача: і параду дасць, і будаўнічыя матэрыялы, і брыгада дрэвы высеча, цень ад якіх не даваў прасохнуць сценам храма ад волкасці. Усё, што змянілася за гэтыя тры гады, дзякуючы яму і ахвяраванню вернікаў.
Калі пачаўся рамонт фасада, людзі ўбачылі, што словы бацюшкі не пустыя – рух быў, царкоўна-прыхадское жыццё стала аднаўляцца.
Праз год жыхары аграгарадка самі ўжо падыходзілі і прапаноўвалі дапамогу па навядзенню парадку, да прыкладу, той жа тэрыторыі. Некаторыя немясцовыя, даведаўшыся, што ў мястэчку Райца ўласнымі сіламі аднаўляюць храм, таксама сталі ахвяроўваць грашовыя сродкі.
Тая дзейнасць, якая калісьці даўно існавала пры храме, ахоплівала многія бакі жыцця насельніцтва: дзейнічалі братэрствы царкоўнага спеву, лячэння ад алкагалізму, прыхадская школа. У планах – усё вярнуць.
Зараз у храме не толькі моляцца. Дзякуючы актыўным прыхаджанам тут арганізоўваюць калядныя і велікодныя гулянні. Галоўная мэта – адарваць людзей ад канапаў і манітораў, каб тыя проста парадаваліся святам. У гэтым годзе адкрылі дзіцячую прыхадскую школу пры храме. І хай дзяцей няшмат, затое паспелі стварыць сваю батлейку.
На пытанне, чаго чакаць прыхаджанам і гасцям у юбілей царквы, айцец Аляксей адказаў, што ім ужо падрыхтаваны чарнавы варыянт сцэнарыя, які ўзгадняецца з яго святарскімі. У ліпені ўрачыстасць будзе мець шырокую праграму, а на працягу другой паловы года ў храме, ля яго сцен, а таксама ў школах раёна пройдзе шэраг мерапрыемстваў, магчыма, такіх, як «Варварынскія чытанні», закладка памятнай алеі. Айцец Аляксей не стаў адкрываць усе сакрэты, аднак паведаміў, што пра падрабязнасці праграмы чытачы газеты «Полымя» даведаюцца першымі.
Цяпер стаяць задачы да сярэдзіны лета паспець прывесці ў парадак цэнтральную ўваходную арку, менавіта вярнуць яе першапачатковую вышыню, а таксама адрамантаваць столь у ніжнім Праабражэнскім храме.
Караліна КУЧУК.
Фота аўтара.