У Тарнова танцавалі па-даўнейшаму. Карэліччане — сярод пераможцаў
У нядзелю, 28 мая, на базе філіяла “Тарноўскі Дом культуры” Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці адбыўся абласны фестываль-свята “Танцуем па-даўнейшаму”. Праект накіраваны на адраджэнне і захаванне народнага танца, традыцыямі якога славіцца Гродзеншчына, існуе трэці год. І кожны раз становіцца яркай падзеяй на зорным небасхіле мясцовага мастацтва. Так было і ў дзень фестывалю. Танцавальныя пары з самых розных куткоў вобласці прадэманстравалі не толькі высокі ўзровень падрыхтоўкі, але і дасканалыя веды аўтэнтычнага танцавальнага фальклору. Многія народныя побытавыя танцы даўно забытыя. Але такія вось мерапрыемствы даюць новы віток для іх жыцця.
– Народны танец складаўся на працягу доўгага часу, і, канешне, значны ўплыў на яго форміраванне аказалі самі людзі, іх самабытная культура, – заўважыла вядучы спецыяліст па харэаграфіі Лідскага раённага цэнтра культуры і народнага мастацтва Ганна Некраш. – Ён не вельмі сходны с танцамі нашых суседзяў, бо рухі ў ім вельмі хуткія. Фарміравалі такую асаблівасць святы і народныя абрады каляндарнага года, якія абавязкова суправаджаліся гульнямі, карагодамі, музыкай і песнямі. Менавіта таму даўнейшыя танцы такія прыгожыя, дынамічныя, вясёлыя, завадныя – такія, што так і хочацца забыцца пра некаторыя паўсядзённыя справы і станчыць пад знаёмыя народныя мелодыі.
Ад самых простых рухаў да трохкроку… Арганізатары свята, а імі выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама, упэўнены: асвоіць беларускі танец можа любы жадаючы. Галоўнае – навучыцца правільна трымаць рукі, спіну, не блытацца ў кроках падчас энергічных скокаў.
– Што гэта за танец? – пытаюся ў адной з дзяўчын.
– Гэта беларускі танец “Каханачка”, – тут жа адказвае ўдзельніца Наталля Радзько. – Яго адметная асаблівсць – жыццярадаснасць, а таксама эмацыянальнасць. Ён яркі і індывідуальны.
“На рэчаньку”, “Мальвіну”, “Лявоніху”, “Кракавяк”, “Ойру”, “Падэспань”, “Лысага” (цяжка весці пералік!) выдатна танцавалі ўсе – ад малога да вялікага. Што цікава, самаму старэйшаму выканаўцу кадрыляў аказалася восемдзесят шэсць гадоў, а самаму маладзейшаму – усяго сем.
– Ці мае месца ў будучым такое свята? – спытала ў жыхара аграгарадка Тарнова Івана Шаўко.
– Не толькі я, але і ўсе гледачы, мае суседзі і сябры гаворым яму “так”, – чую ў адказ. – Каб быў трохі маладзейшы, сам бы кінуўся ў скокі, вельмі хацелася. А вось усе ўдзельнікі малайцы. Яны не толькі паказалі сваё майстэрства, але і знайшлі сярод нас шмат аднадумцаў і прыхільнікаў. За што дзякуй ім вялікі.
Сваім меркаваннем аб падзеі падзяліліся і члены журы. Вось што зазначыў вядучы беларускі этнахарэограф, навуковы і мастацкі кіраўнік Беларускага рэспубліканскага праекта «Фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня» Мікалай Казенка:
– Папулярызацыя лепшых узораў харэаграфічнага народнага мастацтва з улікам фактару лакальнай спецыфікі і самабытнасці, прапаганда традыцыйнай танцавальнай спадчыны, далучэнне да яе маладога пакалення – дарагога каштуе. Сёння мы ўбачылі яскравыя прыклады таго, якое прыгожае выкананне можа мець беларускі народны танец. Ён жыве і мае сваё прадаўжэнне. Выканаўцы самых разных узростаў гэта нам даказалі.
Напрыканцы фестывалю-свята зноў загучала музыка. Наогул, у гэты дзень яе было вельмі шмат. Мясцовыя танцоры, сярод якіх было шмат пераможцаў, ізноў кінуліся ў скокі. Як быццам і не стаміліся зусім, а наадварот, напоўніліся нейкай цудоўнай энергіяй самабытнага беларускага мастацтва.
«Лідская газета»