Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вольга Мікалаеўна Папко правяла ў Карэлічах прыём грамадзян
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вольга Мікалаеўна Папко ў чацвер, 27 ліпеня, у будынку Карэліцкага райвыканкама правяла прыём грамадзян.
На прыёме было відавочна, што праблемы людзей далёка не абыякавыя дэпутату і асноўны прынцып Вольгі Папко – дапамагчы чалавеку, калі маецца хоць невялікая магчымасць.
Адна з заяўніц, якая жыве ў райцэнтры па вул. Прытыцкага, д. 7, прыйшла з просьбай дапамагчы ўстанавіць, чаму яе падвал пастаянна затапляе. Жанчына патлумачыла: згодна з заключэннем мясцовай камунальнай службы падтапленне адбываецца з-за ўзняцця грунтавых вод. Аднак па назіраннях саміх жыхароў дома воднае здарэнне адбываецца ў ацяпляльны перыяд. Калі батарэі становяцца халоднымі, знікае і вада з падвала. Вольга Мікалаеўна аператыўна звязалася з кіраўніцтвам Карэліцкага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дзе растлумачылі, што у 2018 годзе дом № 7 па вул. Прытыцкага ў г.п. Карэлічы будзе капітальна адрамантаваны. Тады ж узровень падлогі ў падвале будзе ўзняты прыкладна на 30 сантыметраў і дадаткова ўстаноўлены два дрэнажныя калодзежы. Пакуль жа, па словах заяўніцы, камунальная служба аператыўна рэагуе на званкі жыхароў дома і адпампоўвае ваду.
Яшчэ адна жыхарка райцэнтра прыйшла з просьбай добраўпарадкаваць могілкі, размешчаныя ў г.п. Любча Навагрудскага раёна.
– Я родам з Любчы, – паведаміла жанчына, – і часта там бываю. Сэрца баліць, калі бачу, што аварыйныя дрэвы пагражаюць захаванасці пахаванняў. Ад іх лішняе смецце: галіны, лісце.
У час размовы з дэпутатам заяўніца выказала падзяку старшыні Карэліцкага райвыканкама В. Л. Шайбаку і дырэктару Карэліцкага РУП ЖКГ А. І. Рудаку за тое, што трымаюць на кантролі пытанне добраўпарадкавання могілак у раёне. «У нашым раёне месцы апошняга прытулку ўтрымліваюцца ў парадку, – адзначыла жыхарка райцэнтра, – іншым раёнам трэба браць з нас прыклад».
Прыёмы грамадзян па месцы жыхарства дэпутат Вольга Папко будзе праводзіць штомесяц, пры гэтым населеныя пункты кожны раз будуць розныя. Акрамя прыёмаў грамадзян плануецца адначасовае правядзенне прамых тэлефонных ліній.
Іна ЛЕЙКА.
Фота аўтара.