Адным з лепшых экіпажаў ДП «Царука» з’яўляецца сямейны экіпаж Буй (больш фота+відэа)
Прыкладна два дзесяткі дзён у год прыходзіцца на самы гарачы перыяд жніва. Ад таго, з якой адказнасцю хлебаробы падыйдуць да справы, залежыць, якім будзе каравай краіны. Таму на жніво выходзяць цэлымі сямейнымі падрадамі. І атрымліваецца здорава!
У ДП “Царука” ужо некалька гадоў працуе сямейны экіпаж: бацька Віктар Паўлавіч Буй з сынам Дзянісам Віктаравічам. Ці наадварот: сын з бацькам. Мы прывыклі да таго, што галоўны камбайнер – бацька, а сын – памочнік. Сямейны экіпаж з ДП “Царука” у гэтым сэнсе ўнікальны. Справа ў тым, што сын Дзяніс Віктаравіч ужо некалькі гадоў з’яўляецца “капітанам” “Палесся-1218”, а бацька – яго памочнікам.
Працуе сямейны экіпаж Буй ужо шмат гадоў у ДП “Царука”. На дваіх можна налічыць прыкладна пяцьдзесят гадоў. А калі яшчэ палічыць працоўны стаж бацькі Віктара Паўлавіча (дзеда Дзяніса Віктаравіча), які ў свой час таксама з сынам пакараў хлебныя нівы карэліцкай зямлі, то атрымаецца амаль стагоддзе. Такім чынам, перад намі сапраўдная дынастыя хлебаробаў: старанных, працавітых гаспадароў.
Віктар Паўлавіч Буй нарадзіўся на Карэліччыне. Будучы юнаком, разам з бацькам пайшоў працаваць на камбайне “Ніва” у якасці памочніка. У 1989 годзе пераселі на “Дон”. Віктар Паўлавіч замяніў бацьку і стаў працаваць галоўным камбайнерам, а памочнікам узяў сына. Потым тым жа экіпажам убіралі збожжавыя на “Лідзе-1300”. Сёння ж працуюць на камбайне “Палессе-1218”. Віктар Паўлавіч прысвяціў усё жыццё роднай зямлі, аддаў ёй шмат сіл і, але
– Наш працоўны дзень роўны светавому. Калі дазваляе надвор’е, выходзім на жніво зранку, а вяртаемся позна вечарам. Ведаеце, калі вясной кладзеш зярнятка ў глебу, а на прыканцы лета бачыш спелы, наліты колас, то на душы становіцца светла і цёпла. Дзеля такіх момантаў хочацца жыць і працаваць, – з гонарам расказвае Віктар Паўлавіч. А потым дабаўляе: “Галоўнае для мяне тое, што мы з сынам разумеем адзін аднаго без слоў. У нас у сям’і здаўна заведзены такі парадак, што любая справа павінна рабіцца якасна і сумленна. Тады і вынік будзе задавальняць”.
Сын Дзяніс Віктаравіч ужо шосты сезон працуе на камбайне. У роднай жа гаспадарцы – 10 гадоў. Скончыў Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж. Пасля арміі вярнуўся ў родны край. Нягледзячы на малады ўзрост, дабіўся значных поспехаў: у мінулым годзе атрымаў ганаровы тытул “Лідар працоўнага спаборніцтва-2016”. Неаднаразова дапамагаў на жніве суседнім гаспадаркам. У 2012 годзе экіпаж быў накіраваны ў Астравецкі раён, дзе дапамагалі ўбіраць ураджай.
– Бацька для мяне сапраўдны аўтарытэт. З дзяцінства бачыў, як ён працуе на трактары, камбайне. Любоў да працы на зямлі – менавіта ад яго. Якія могуць быць сакрэты поспеху? Трэба працаваць так, каб не было сорамна перш за ўсё перад самім сабой, – разважае малады камандзір экіпажа.
І бацька, і сын працуюць не толькі на камбайне. З іншай сельскагаспадарчай тэхнікай яны таксама на “ты”. Вясной працуюць на трактары, рыхтуюць глебу да сяўбы, летам заняты на загатоўцы кармоў, а ў самы гарачы перыяд – на камбайне. Любая праца прыносіць задавальненне. Нездарма кажуць, што займацца любімай справай – найвялікшая асалода ў жыцці. Менавіта такой справай і займаецца сямейны экіпаж Буй.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара і Ларысы ШУГЛІ.