Уроженец Кореличского района Дмитрий Артюх рассказывает о своем пути в науку

       

   Дзмітрый АРЦЮХ у 2011 годзе скончыў гімназію №1 г.п. Карэлічы і ў гэтым жа годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на гістарычны факультэт па спецыяльнасці «гісторыя». Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 2015 годзе юнаку была прысвоена кваліфікацыя «выкладчык». У гэтым жа годзе ён паступіў у магістратуру па спецыяльнасці «Айчынная гісторыя». Праз год, у 2016 годзе, была прысвоена акадэмічная ступень «магістр гістарычных навук».

З лістапада 2016 года па сённяшні дзень наш таленавіты зямляк з’яўляецца аспірантам кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці «Айчынная гісторыя». Сёння малады аспірант працуе над дысертацыяй «Насельніцтва гарадоў і мястэчак Беларусі ў канцы XVIII–пачатку XX стагоддзяў».

Журналіст раённай газеты «Полымя» гутарыць з ім пра гісторыю, навуковыя даследаванні, адносіны да жыцця.

— Дзмітрый Уладзіміравіч, чаму абралі менавіта гісторыю, а не, скажам, інфарматыку, папулярную сярод моладзі ў апошнія гады?

— Справа ў тым, што я неабыякавы да гісторыі з дзяцінства, асабліва да айчыннай, таму і абраў гэты напрамак. Гісторык — гэта, перш за ўсё, аналітык. Перспектывы прафесіі вельмі шырокія, пачынаючы ад работы з дакументамі ў фондах і архівах, выкладчыцкай дзейнасці, завяршаючы працай у дзяржаўных структурах. У дзяржаўных структурах гісторык можа выступаць у ролі эксперта-аналітыка па абсалютна любых пытаннях гуманітарнай сферы. Акрамя таго, чалавек з гістарычнай адукацыяй — выдатны кіраўнік. Гісторык — гэта чалавек эрудыраваны, разнабакова развіты, а такія людзі цяпер патрэбны ўсюды.

— Гісторыя Беларусі для Вас — гістарычныя даследаванні ці штосьці большае ў жыцці?

— Да гісторыі стаўлюся як да настаўніцы жыцця. Гісторыя як навука захоўвае ў сваёй памяці падзеі даўно мінулых дзён. Гэта наша культурная спадчына. Мы ведаем, што існуе мінулае, што ў нас ёсць карані. Ведаць гісторыю свайго народа таксама важна, як і разбірацца ў тым, што адбывалася ва ўсім свеце даўным-даўно. Гісторыя вучыць нас станоўчым і адмоўным прыкладам. Мы можам зрабіць высновы на памылках мінулага і больш іх не здзяйсняць.

— Хто паўплываў на Ваш жыццёвы выбар? Магчыма, хтосьці і сёння прадаўжае быць для Вас настаўнікам?

— Зрабіць жыццёвы выбар мне дапамаглі мая маці і настаўнікі гісторыі Марыя Уладзіміраўна Беленава і Галіна Паўлаўна Лагуцік. У школьныя гады я любіў урокі гісторыі і грамадазнаўства. На іх заўсёды хацелася ісці з радасцю. Яны былі пазнавальныя, цікавыя і забаўляльныя.

Сёння працягваюць быць маімі настаўнікамі выдатныя даследчыкі і таленавітыя педагогі, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы доктар гістарычных навук, прафесар Люты Анатоль Міхайлавіч і кандыдат гістарычных навук, дацэнт Лютая Анжэла Эдуардаўна. Пра іх я магу сказаць толькі самыя добрыя і цёплыя словы, іх дапамога заўсёды адчуваецца.

— На Вашу думку, моладзь павінна цікавіцца гісторыяй?

— Так, абавязкова. Не менш пільную цікавасць выклікае гістарычная адукаванасць беларусаў — перш за ўсё маладога пакалення. Гэта тыя людзі, якія зоймуць у будучым ключавыя пасады ў дзяржаве і вызначаць яе курс і прыярытэты, якія прызваны выхоўваць і накіроўваць моладзь наступных пакаленняў. Менавіта ад гістарычнай дасведчанасці нашага пакалення будзе залежыць будучыня краіны, яе становішча на сусветнай арэне, эканамічнае і сацыяльнае развіццё.

— Думаеце прысвяціць будучае навуцы ці паспрабаваць сябе ў выкладчыцкай дзейнасці?

— Далейшае сваё жыццё хачу прысвяціць навуцы. Мне здаецца, што навука — гэта жаданне чалавека ўсё ведаць, ствараць нешта новае на аснове ведаў, рабіць жыццё лепшым для сябе і тых, хто побач. І ў кожнага з нас ёсць магчымасць унесці свой уклад у навуку.

Гутарыла

 Галіна СМАЛЯНКА.

 

 

Добавить комментарий