На Карэліччыне стартавала дабрачынная акцыя «Збяром дзяцей у школу»
На Карэліччыне стартавала дабрачынная акцыя «Збяром дзяцей у школу». Яна накіравана на падтрымку шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў, дзяцей-сірот, выхаванцаў дамоў-інтэрнатаў, сем’яў, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Мэта акцыі – дапамагчы сем’ям і дзецям у падрыхтоўцы да навучальнага года.
– Збіраючы сваё дзіця ў школу, вы можаце купіць што-небудзь і для тых, хто не мае такой магчымасці, падарыўшы тым самым часцінку цяпла і клопату, – звяртаецца да ўсіх неабыякавых людзей начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Ірына Валер’еўна Асташэвіч. – Набытыя школьныя прыналежнасці можна прывезці ў Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання Карэліцкага раёна, сацыяльна-педагагічны цэнтр, размешчаны ў агр. Палужжа, любую агульнаадукацыйную школу або дзіцячы сад раёна.
Па даўняй традыцыі ў дабрачыннай акцыі прымае ўдзел і раённая выканаўчая ўлада. Для 207 шматдзетных сем’яў раёна, у якіх выхоўваюцца 408 дзяцей, з мясцовага бюджэту выдзелена 14 525 рублёў. Такім чынам кожны школьнік са шматдзетнай сям’і атрымае дапамогу да 1 верасня ў памеры 35 рублёў.
Акрамя таго, чакаецца, што дапамогу ў зборах да школы сваім работнікам акажуць прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Адпаведныя пісьмы ад імя раённага выканаўчага камітэта ўжо накіраваны адрасатам. Па традыцыі ад гэтай добрай справы не застануцца ў баку і прафсаюзы.
Іна ЛЕЙКА.
Фота Ларысы ШУГЛІ.