Першы епархіяльны маладзёжны велапрабег «Манастыры і храмы Навагрудскай епархіі» праходзіў праз Карэліччыну
Першы епархіяльны маладзёжны велапрабег «Манастыры і храмы Навагрудскай епархіі», прысвечаны 700-годдзю яе заснавання, праходзіў праз Карэліччыну. Маладыя людзі за чатыры дні шляху праехалі каля 200 кіламетраў і пабывалі на тэрыторыі Слонімскага, Дзятлаўскага, Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў.
Благачынны Карэліцкай акругі, протаіерэй Мікалай Орса таксама стаў яго ўдзельнікам. Падчас сустрэчы святар прызнаўся, што ў яго засталіся самыя яркія ўражанні: разам з матушкай Валянцінай праехалі на веласіпедах шмат кіламетраў, наведалі многія храмы і манастыры, душой дакрануліся да святыняў. «Гэта ўнікальная магчымасць пабыць у суладдзі з прыродай і адчуць радасць ад пераадольвання цяжкасцей на шляху. Быць пастаянна з малітвай. Гэта падарожжа — карысць для душы і цела», — адзначалі вернікі.
У велапрабегу прымала ўдзел моладзь Карэліцкага, Навагрудскага, Дзятлаўскага, Слонімскага раёнаў. Давялося пагутарыць з землякамі — юнакоў перапаўнялі высокія эмоцыі. 17-гадовы Іван Забаўскі быў у добрым настроі, вочы яго свяціліся радасцю. Разам з ім у велапрабегу прымалі ўдзел сябры — шаснаццацігадовыя Яўген Дон-Шынайка і Іван Гімпель. Юнакі наведваюць у аграгарадку Турэц Свята-Пакроўскую царкву, сябруюць са спортам. Яны перакананы, што духоўнасць і спорт павінны спалучацца, а такое мерапрыемства дапамагае знаёміцца са святынямі Навагрудскай епархіі, стаць больш вынослівымі.
Гасцінна сустрэла ўдзельнікаў велапрабегу і царква святых апосталаў Пятра і Паўла ў райцэнтры. У царкве паломнікі прыклаліся да ікон.
Як адзначалі арганізатары маладзёжнага аўтапрабегу, правядзенне такога царкоўнага шэсця нясе місіянерскі і выхаваўчы характар, а таксама прапаганду здаровага ладу жыцця сярод моладзі.
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота
Аксаны ЯНУШ.