У кореличских аграриев пик сельско-хозяйственных работ (+видео)
На календары – жнівень. Лета схіляецца за гарызонт. Але ў аграрыяў – пік сельскагаспадарчых работ. Найважнейшая задача сёння – у максімальна сціслыя тэрміны, не страціўшы ніводнага каласка, завяршыць уборачную кампанію-2017.
Гэта добра разумеюць хлебаробы Карэліччыны. Не сціхаюць маторы на палях ДП “Лукі-Агра”, камбайны ўбіраюць хлеб новага ўраджаю. Нездарма гаспадарка ўтрымлівае адно з перадавых месцаў па асноўных паказчыках жніва.
У ДП “Лукі-Агра” карэспандэнт газеты “Полымя” прыехаў у разгар працоўнага дня. Зайшлі на мехмайстэрні – поўная цішыня. Старшыня гаспадаркі, галоўны аграном, экіпажы камбайнаў – усе на палях. Менавіта туды і адпраўляемся.
На полі каля вёскі Баяры працуюць 7 камбайнаў. Уся ўборачная тэхніка гаспадаркі выйшла на жніво, каб хутка і без страт убраць ячмень. Узнімаючы слуп пылу, пад’язджаюць аўтамабілі для адвозкі зерня. Іх на полі таксама 7. Хлебаробы разумеюць адзін аднаго без слоў, па ўзмаху рукі. Менавіта так выглядае каманда прафесіяналаў, якая склалася не за адзін ці два гады. Многія хлебаробы працуюць побач ужо дзесяць, а то і больш сезонаў.
– Уборка ўраджаю ідзе поўным ходам. Механізатары добра падрыхтаваліся, тэхніка не падводзіць. Колькі часу спатрэбіцца на сёлетнюю ўборачную кампанію, не ведае ніхто. Калі надвор’е будзе спрыяць, плануем убіраць 5 працэнтаў ад усіх пасяўных плошчаў у дзень, – дзеліцца планамі кіраўнік участка №1 Аляксандр Уладзіміравіч Стадольнік.
На бяскрайніх палях ДП “Лукі-Агра” працуюць 3 камбайны “Джон-Дзір”, 3 “Палессі” і “Лексіён-580”. Знаёмімся з экіпажам “Джон-Дзіра 9680”. Аляксандр Міхайлавіч Зуська – заслужаны працаўнік гаспадаркі, перадавік. Па намалоту рапса заняў першае месца ў раёне, намалаціўшы 547 тон чорнага золата за сезон. У гаспадарцы Аляксандр Міхайлавіч працуе больш за 20 гадоў.
Сёння ён перадае назапашаны вопыт маладому памочніку камбайнера Рыгору Анатольевічу Анікію, студэнту Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Хлопец вучыцца на аўтатрактарным факультэце. На летнія канікулы прыязджае дадому і з задавальненнем працуе на ўборцы ўраджаю. Любоў да зямлі пераняў ад бацькі, галоўнага агранома ДП “Лукі-Агра” Анатолія Канстанцінавіча Анікія, які прывучаў сына да працы на зямлі з дзяцінства.
Пашанцавала пазнаёміцца з экіпажам Андрэя Мікалаевіча Штэйна і яго памочнікам Аляксеем Андрэевічам Гоцка. Імя Андрэя Мікалаевіча Штэйна знаёма кожнаму ў гаспадарцы.
Працаўнік з вялікай літары, самародак хлебнай нівы, адказны, добрасумленны – менавіта так характарызуюць яго калегі па працы. У гаспадарку прыйшоў у 1994 годзе. З таго часу плённа працуе на ўлонні родных палеткаў. Узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. Дабіваецца лепшых паказчыкаў не толькі ў гаспадарцы, але і ва ўсім раёне.
Пераняць каласальны вопыт камбайнера пашанцавала Аляксею Андрэевічу Гоцка, які толькі першы год працуе на жніве. Хлопец скончыў Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж, пасля чаго некалькі гадоў спрабаваў сябе ў розных справах. Але ўсё ж такі жаданне працаваць на зямлі перамагло. Аляксей вярнуўся ў родную вёску Любанічы. Сёння ён удзячны лёсу за тое, што падараваў магчымасць працаваць побач з такім вопытным настаўнікам, як Андрэй Мікалаевіч Штэйн.
Не адзін кіламетр праязджаюць за дзень вадзіцелі на адвозцы зерня. На аўтамабілях “Маз 5551” працуюць Сяргей Міхайлавіч Валько, Сяргей Фадзеевіч Анікій і Ігар Аляксеевіч Шыран. Адвозяць збожжавыя на зернесушыльны комплекс у Лукі таксама Аляксандр Аляксандравіч Самец, Віктар Канстанцінавіч Крапіўніцкі, Аляксандр Аляксандравіч Нямарскі, Георгій Аляксандравіч Ваўчок на аўтамабілях “Газ 535”. З раніцы да вечара спяшаюцца яны, робячы круг за кругам, каб папоўніць хлебныя запасы краіны.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.