У Малюшыцкім сельсавеце прайшло свята вёскі Навасёлкі
Адкрываючы свята, старшыня Малюшыцкага сельсавета Віктар Аркадзьевіч Дзірвук, ведучы гаворку пра вёску, яе жыхароў, выказаў ім словы прызнання і пажаданні ўсяго самага найлепшага ў жыцці. Прадстаўніку мясцовай улады ўручыла каравай стараста вёскі Ніна Аляксандраўна Баўдзей.
Вёска мае сваю багатую гісторыю. У час Першай сусветнай вайны на рэчцы Сэрвач доўгі час стаяў фронт, таму ўсе навакольныя вёскі былі моцна разбураныя, а Навасёлкі ўвогуле сцерты з твару зямлі. Насельніцтва выехала ў бежанцы.
Затым Вялікая Айчынная вайна, якая пакінула свой страшны след у лёсах новасяльчан: 9 жыхароў вёскі не вярнуліся дамоў з палёў бою, 4-х фашысты расстралялі за сувязь з падполлем і партызанамі.
Пасля вайны вяскоўцы пачалі наладжваць мірнае жыццё. У 1949 годзе тут быў арганізаваны калгас імя Пушкіна, які пазней быў аб’яднаны з узбуйненым калгасам «Зара камунізму». З 1971 года Навасёлкі — у складзе саўгаса «Карэлічы». Слава пра гэтую гаспадарку грымела на ўсю рэспубліку, нямала працы ў высокія дасягненні было ўкладзена і жыхарамі вёскі Навасёлкі. Аб кожным з іх і паведала вядучая свята.
На ўрачыстасць завітаў дырэктар КСУП «Племзавод «Карэлічы» Сяргей Іванавіч Брынкевіч, які ў сваёй прамове сардэчна павіншаваў усіх прысутных са святам і выказаў словы шчырай удзячнасці ветэранам сельскагаспадарчай вытворчасці і ўручыў падарункі.
Не забываюць сваю маленькую радзіму дзеці і ўнукі. На сцэну былі запрошаны Вольга Аляксандраўна Рахманька і Любоў Анатольеўна Асадоўская з унукам Георгіем. У іх выступленнях гучала прызнанне роднай вёсачцы — самаму даражэйшаму куточку на свеце.
З кожным годам усё менш становіцца жыхароў вёскі. Але радуе, што яна ўсё ж не пустуе. У бацькоўскія дамы прыязджаюць дзеці і ўнукі. З ранняй вясны да позняй восені ў вёсцы шчыруюць дачнікі. За апошнія пяць гадоў у Навасёлках дабавілася яшчэ 3 сям’і: сям’я Ганны Вітальеўны Гінак, Леаніда Мікалаевіча Драба і Вольгі Мікалаеўны Петрашкевіч.
Галіна Смалянка.