Кукурузу пачалі ўбіраць аграрыі Карэліцкага раёна
Яшчэ адну сельскагаспадарчую культуру – царыцу палёў – кукурузу пачалі ўбіраць аграрыі Карэліцкага раёна. Кукурузную масу здрабняюць на сілас, які з’яўляецца якасным кормам для буйной рагатай жывёлы.
У гэтым годзе да ўборкі кукурузы на сілас прыступілі прыкладна на 10 дзён пазней. Карэктывы ўносіць нябесная канцылярыя. У мінулым годзе аграрыі пачалі здрабняць кукурузу ўжо ў канцы жніўня.
– На календары 21 верасня, а наперадзе яшчэ вялікія аб’ёмы работ. Фарміраванне ўраджаю ў гэтым годзе адбываецца са спазненнем. Аграрыі з нецярпеннем чакаюць сухога надвор’я, каб выйсці на поле і працаваць на поўную сілу, – расказвае начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі райсельгасхарчу Мікалай Іванавіч Бязмен.
Сёлета на Карэліччыне кукуруза пасеяна на плошчы 4573 гектары. На сённяшні дзень убрана 335 гектараў, што складае 7% да запланаванага. Першымі здрабняць кукурузу на сілас пачалі ДП “Чарняхоўскі-Агра”, ДП “Лукі-Агра”, СВК “Жухавічы”. На гэтым тыдні да ўборкі прыступілі ДП “Царука”, СВК “Свіцязянка-2003”, КСУП “Племзавод “Карэлічы”.
КСУП “Племзавод “Карэлічы” прыступіў да здрабнення кукурузнай масы ў аўторак, 19 верасня. Увогуле, з плана 250 гектараў на сённяшні дзень убрана 7 гектараў. Зноў жа надвор’е не дазваляе працаваць плённа.
– Пры спрыяльных умовах надвор’я плануем убіраць да 10 гектараў у дзень. Скончыць уборку паспрабуем да 20 кастрычніка. За дзень пры адсутнасці праблем з тэхнікай можна поўнасцю закласці сіласную траншэю, у якой змяшчаецца каля 700-800 тон кукурузнага сіласу. Ураджайнасць складае 500 цэнтнераў з гектара. Сёння кукуруза сорта «Краснадарскі 194МВ» знаходзіцца ў малочна-васковай ступені паспявання. Самы час здрабняць яе і закладваць сілас у траншэі, якія знаходзяцца на МТФ “Людвікі”, – расказвае галоўны аграном КСУП “Племзавод “Карэлічы” Яўгеній Анатольевіч Бусько.
На здрабненні кукурузы на сілас працуе кормаўборачны камбайн “Ягуар 870”. Механізатар Сяргей Уладзіміравіч Лагута заняты на нарыхтоўцы кармоў не першы год. У гаспадарцы працуе больш 20 гадоў. Галоўны аграном характарызуе аграрыя толькі са станоўчага боку: вопытны, адказны, старанны. На адвозцы сіласу заняты вадзіцелі Леанід Аляксандравіч Мураўскі і Міхаіл Рыгоравіч Вадап’ян. Яўгеній Анатольевіч таксама хваліць працаўнікоў.
– Працаваць з такімі людзьмі лёгка: лішнія словы гаварыць не трэба. Усе яны не першы год у гаспадарцы. Таму знаёмы з любой сельскагаспадарчай работай, свае абавязкі выконваюць на выдатна, – яшчэ раз адзначае станоўчыя моманты ў рабоце працаўнікоў галоўны аграном.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.