Кореличскому отделению Департамента охраны исполнилось 65 лет
65 гадоў пад знакам пільнай савы. 65 гадоў служэння народу, ахоўваючы правапарадак, асабістую і маёмасную бяспеку людзей. 65 гадоў Дэпартаменту аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
Напярэдадні прафесійнага свята, якое супрацоўнікі Дэпартамента аховы адзначаць 29 кастрычніка, адбылося інтэрв’ю з начальнікам Карэліцкага аддзялення Дэпартамента аховы МУС РБ Ігарам Уладзіміравічам Выдрыцкім, які ўзначальвае аддзяленне на працягу 5 гадоў.
– Ігар Уладзіміравіч, калі пачынаецца гісторыя службы аховы?
– Яна бярэ пачатак з 29 кастрычніка 1952 года. У той час была прынята Пастанова Савета Міністраў СССР аб стварэнні пазаведамаснай аховы. Карэліцкае аддзяленне пачало дзейнічаць з 14 верасня 1988 года. Яго першым начальнікам стаў Уладзімір Мікалаевіч Сілко. За 65 гадоў ахоўная служба з прымітыўнай вартаўнічай вырасла ў складаную шматфункцыянальную мабільную сістэму, якая забяспечвае надзейную ахову ўсіх форм уласнасці.
– Што ўяўляе сабой Карэліцкае аддзяленне аховы на сучасным этапе?
– Сёння наша аддзяленне з’яўляецца сучасным абсталяваным падраздзяленнем. Шырока выкарыстоўваюцца апошнія дасягненні навукі і тэхнікі, пастаянна пашыраецца сфера ахоўных паслуг. На сённяшні дзень кадравы патэнцыял аддзялення – больш за 90 чалавек. Усе яны прафесіяналы сваёй справы, здольныя прымаць адказныя рашэнні хутка і дакладна. У Карэліцкім раёне пад аховай знаходзяцца 142 аб’екты розных форм уласнасці, у тым ліку 116 кватэр. У выпадку спрацоўвання трывожнай сігналізацыі лік ідзе не на хвіліны, а на секунды!
– А ваша кватэра пад аховай?
– Безумоўна, скажу больш: не толькі кватэра, але і гараж. Я, як і іншыя супрацоўнікі, асабістым прыкладам паказваю, як сігналізацыя робіць жыццё бяспечным. Да таго ж злачынцы не лезуць на аб’екты, якія пад аховай.
– Што пажадаеце калегам напярэдадні прафесійнага свята?
– Моцнага здароўя, невычэрпнай жыццёвай энергіі, аптымізму і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
Ветэраны і сёння ў страі
Заслужаным ветэранам Карэліцкага аддзялення Дэпартамента аховы з’яўляецца Мікалай Уладзіміравіч Моніч, які стаяў ля вытокаў стварэння аддзялення аховы Карэліччыны. Прыйшоў на службу ў 1990 годзе старшым інспектарам, калі кадравы патэнцыял аддзялення быў не такім шматлікім, да таго ж Карэліцкае аддзяленне ўяўляла сабой невялікі пакой у тым будынку, дзе сёння знаходзіцца ўнівермаг. 22 красавіка 1997 года Мікалай Уладзіміравіч быў назначаны начальнікам аддзялення, якое ўзначальваў на працягу 9 гадоў. За гады службы ветэрана было шмат ператварэнняў, новаўвядзенняў, суровых будняў і начных дзяжурстваў.
Сёння Мікалай Уладзіміравіч успамінае напружаны час службы з настальгіяй. На пытанне, калі была б магчымасць усё змяніць і выбраць іншую прафесію, ён дае адназначны адказ: “Безумоўна, не. Нічога б мяняць не стаў. Я задаволены, вельмі задаволены тым, што звязаў сваё жыццё са службай у аддзяленні аховы”. Упэўнены адказ ветэрана сведчыць толькі аб адным: Мікалай Уладзіміравіч на працягу многіх гадоў быў і застаецца верным абранай прафесіі, нёс службу з гонарам і сумленнем.
За гады работы ў Карэліцкім аддзяленні Дэпартамента аховы МУС РБ ветэран неаднаразова ўзнагароджваўся за добрасумленную службу: узнагароджаны нагрудным знакам “За адзнаку”, медалямі “За адзнаку ў ахове грамадскага правапарадку”, “За выслугу гадоў” і іншымі.
Надзейны тыл
Віталія Лукашэвіча
– Сям’я павінна быць надзейным тылам. Калі сям’я дружная, у ёй пануе гармонія, тады і на рабоце ўсё атрымліваецца, – упэўнены памочнік камандзіра ўзвода камандзір аддзялення групы затрымання Віталій Віктаравіч Лукашэвіч.
Другая палавінка Віталія Кацярына не па чутках ведае аб напружанасці і цяжкасцях службы мужа, якая патрабуе вытрымкі і поўнай самааддачы. Яна ж не проста жонка, маці, захавальніца сямейнага ачага, але і следчы Карэліцкага раённага аддзела Следчага камітэта. Таму ў мужа і жонкі шмат агульных тэм для размовы: апроч сямейна-бытавых пытанняў, іх аб’ядноўваюць яшчэ і рабочыя моманты.
На службу ў аддзяленне аховы малады супрацоўнік прыйшоў у 2010 годзе ў якасці міліцыянера. У 2011 годзе быў назначаны памочнікам камандзіра ўзвода камандзірам аддзялення групы затрымання. У гэтым годзе скончыў завочную форму навучання Акадэміі ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
На працягу сямі гадоў службы Віталія ў Карэліцкім аддзяленні Дэпартамента аховы яго спадарожніца жыцця заўсёды побач: падтрымлівае мужа, дае парады, забяспечвае цяпло і хатнюю ўтульнасць. Па-за працай Віталій Лукашэвіч – клапатлівы бацька і муж. Усе хатнія абавязкі ў сям’і выконваюцца сумесна. Тады застаецца больш часу для трохгадовай дачкі Міланы, якая кожны дзень радуе бацькоў новымі адкрыццямі.
– Ведаеце, шмат чаго ў мяне не атрымалася б, калі б не было майго надзейнага тылу – разумення і падтрымкі жонкі, яе павагі. Не заўсёды атрымліваецца ўдзяляць столькі ўвагі сям’і, колькі хацелася б. Але я шчаслівы чалавек: з дому мне хочацца на работу, а з работы – дадому, – прызнаецца Віталій.
Чатырохлапыя
супрацоўнікі аховы
Побач з супрацоўнікамі Карэліцкага аддзялення Дэпартамента аховы добрасумленна нясуць службу чатырохлапыя калегі.
Сёння ў Карэліцкім аддзяленні тры службовыя сабакі: два ўжо “вопытных супрацоўніка” па мянушках Гера і Глорыя, якія не першы год на службе і неаднаразова ўдзельнічалі ў затрыманні і пошуку злачынцаў, пошуку без звестак зніклых, а таксама выбарках, калі сабака знаходзіць чалавека, якому належыць тая ці іншая рэч. У хуткім часе пасля чатырохмесячнага навучання ў пітомніку службовых сабак Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС РБ да службы прыступіць “малады спецыяліст” – побач з міліцыянерам-кінолагам групы затрымання Уладзіславам Якаўлевым будзе несці службу аўчарка Магнат.
Спецыяльна падрыхтаваныя сабакі прымаюць удзел у пошукавых мерапрыемствах, выступаюць як фактар псіхалагічнага ўздзеяння пад час масавых боек: вельмі часта адной каманды “Голас!” дастаткова, каб уціхамірыць шумную кампанію.
Сабака Глорыя працуе побач з міліцыянерам-кінолагам групы затрымання Раманам Аляксандравічам Сапліцам не адзін год. Многія памятаюць выпадак, які адбыўся летам 2016 года на вул. Кастрычніцкай у райцэнтры: злачынца нанёс нажавыя раненні дзвюм маладым дзяўчатам. У той жа вечар дзякуючы прафесіянальным навыкам службовай сабакі па гарачых слядах мужчына быў затрыманы. Таксама ў 2016 годзе Глорыя ўдзельнічала ў раскрыцці крадзяжу: тады злачынцы ўкралі каля 600 кілаграмаў бульбы ў калгасе. Частку вывезлі адразу, астатнюю схавалі ў полі. Сабака хутка знайшоў след і вывеў праваахоўнікаў на схаванае.
Кожны з міліцыянераў-кінолагаў згадзіцца з тым, што сабака – незаменны памочнік у службе. Бо ніколі не ведаешь, у якіх абставінах прыдзецца працаваць. А яшчэ яны ведаюць, што чатырохлапыя таварышы маюць добрае сэрца і ведаюць, што такое сапраўднае сяброўства.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.
Читайте также:
Сегодня свой профессиональный праздник отмечают автомобилисты и дорожники. Как модернизируется дорожная сеть района, рассказывает и. о. начальника Кореличского ДРСУ-158 Н. Н. Кадлубай
Куда пойти на осенних каникулах в Кореличах?