Невычэрпная энергія творчасці

“Для таго, каб стварыць прыгажосць, неабходна самому быць чыстым душою”, – сказаў вялікі рускі кампазітар Міхаіл Іванавіч Глінка. Менавіты з такім педагогам, чыстым душою і думкамі, які жыве ў свеце творчасці і адкрывае таямніцы выяўленчага мастацтва вучням Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў, мне пашанцавала пазнаёміцца.
Анастасія Уладзіміраўна Чычкан – чалавек творчы і глыбокі. З ёй цікава размаўляць, яе слухаеш з захапленнем, яе абаяльная ўсмешка зачароўвае. Творчыя здольнасці педагога праявіліся яшчэ ў дзяцінстве. Усе настаўнікі сярэдняй школы в. Горная Рута, дзе дзяўчынка скончыла 9 класаў, у адзін голас сцвярджалі, што яна звяжа жыццё з мастацтвам. Так і адбылося. Дзіўна тое, што сама Анастасія Уладзіміраўна на той момант думала па-іншаму: яна вельмі любіла матэматыку і выбіраць творчы накірунак зусім не збіралася. Але лёс ужо ўсё вырашыў. Да таго ж, мама настаўніцы вельмі добра малявала, выдатна ў яе атрымліваліся партрэты. Творчыя здольнасці перадаліся Анастасіі Уладзіміраўне ў спадчыну.
У хуткім часе перад сённяшнім педагогам паўстаў выбар: працягваць навучанне ў дзясятым класе сярэдняй школы г.п. Карэлічы альбо паступіць у Мірскае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча. Анастасія Уладзіміраўна выбрала апошняе, вучылася па спецыяльнасці інкрустатар саломкі. У хуткім часе атрымала і вышэйшую адукацыю пасля заканчэння факультэта мастацтваў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы.
Першым месцам працы выпускніцы стаў Карэліцкі раённы Дом рамёстваў, дзе Анастасія Уладзіміраўна вяла гурток па саломапляценні. Пасля дэкрэтнага водпуску яе запрасілі на працу ў Карэліцкую дзіцячую школу мастацтваў, дзе педагог-мастак перадае свае веды і вопыт вучням на працягу ўжо 6 гадоў.
– Працаваць з дзецьмі для мяне адно задавальненне. Для іх я не настаўнік, а сябра. Вельмі важна знайсці асабісты падыход да кожнага вучня і дапамагчы яму раскрыць свае таленты. Некаторым першапачаткова вельмі цяжка маляваць, але з часам яны робяць значныя поспехі. Галоўнае – старанна працаваць і не адступаць ад пастаўленай мэты. Практыка вельмі многа значыць на нашых занятках. Тое ж самае з табліцай множання: мала адзін раз яе вывучыць, неабходна пастаянна паўтараць, – дзеліцца педагагічнымі ведамі Анастасія Уладзіміраўна.
Сёння педагог адкрывае сакрэты выяўленчага мастацтва 32 вучням. Але, як адзначае настаўніца, не многія з выпускнікоў звязалі жыццё з творчасцю. Але, безумоўна, гады навучання ў дзіцячай школе мастацтваў бясцэнныя: вучні пачынаюць правільна ўспрымаць форму прадметаў і колер, у іх развіваецца ўяўленне і фантазія.
“Цяжка ўявіць сабе, што неба не заўсёды блакітнае, а сонца далёка не жоўтае. Калі ўважліва прыглядзецца, то можна заўважыць каля 30 адценняў колеру”, – адзначае настаўніца.
“Няма вышэйшай асалоды, чым асалода тварыць”, – з такімі словамі Мікалая Васільевіча Гогаля Анастасія Уладзіміраўна згодна на ўсе 100 працэнтаў. Яна жыве мастацтвам. Калі выдаецца свабодная хвіліна, з задавальненнем бярэ ў рукі пэндзлік і малюе пейзажы.
Тое, што ў таленавітых бацькоў таленавітыя дзеці, яшчэ раз падцвярджаюць дачка Арына і сын Даміян, якія з дзяцінства праяўляюць творчыя здольнасці. Педагог з усмешкай успамінае той час, калі трэба было пільнаваць, куды пайшлі дзеці з алоўкамі ў руках, бо дзіцячыя малюнкі з’яўляліся і на шпалерах, і на мэблі. Сёння Анастасія Уладзіміраўна для дачкі і сына не толькі любімая матуля, але і настаўніца. Яны таксама наведваюць дзіцячую школу мастацтваў. А што можа быць важней для бацькоў, чым бачыць годны працяг у дзецях.
Поспехам і перамогам вучняў педагог радуецца як сваім уласным. А дасягненні ў вучняў Анастасіі Уладзіміраўны значныя: прызавыя месцы ва Усерасійскіх адкрытых творчых конкурсах “Пазітыў-2017” і “Хуткасць, час, адлегласць-2017”, творчыя работы вучняў прадстаўляюцца на выставах розных узроўняў.
На пытанне, ці падабаецца Анастасіі Уладзіміраўне яе праца, яна, не задумваючыся ні на хвіліну, адказвае станоўча:
– Трэба рабіць тое, да чаго душа ляжыць. Тады і настрой будзе выдатны, і поспехі значныя.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий