В 2017 году в Лукском сельсовете сразу три пары отмечают бриллиантовую годовщину свадьбы
Здавалася б, сустрэць мужа і жонку, якія пражылі цэлых 60 гадоў у шлюбе, – вялікая рэдкасць. Толькі гэта не пра жыхароў Лукскага сельсавета. У 2017 годзе тут адразу тры пары адзначаюць брыльянтаваю гадавіну вяселля.
У пачатку мінулага тыдня кіраўніцтва сельвыканкама сумесна з адміністрацыяй і прафсаюзным камітэтам ДП «Лукі-Агра» наведалі мясцовых юбіляраў.
Анатолій Аляксандравіч і Марыя Уладзіміраўна Сэй, Іван Арсеньевіч і Іаана Васільеўна Шавейка, Уладзімір Мікалаевіч і Людміла Фёдараўна Гарон заключылі саюзы ў далёкім 1957 годзе. З таго часу і да нашых дзён плячом да пляча ідуць па жыцці, пераадольваюць перашкоды, падзяляюць смутак і радасці. Дарэчы, апошніх у іх значна больш. У Анатолія Аляксандравіча і Марыі Уладзіміраўны двое дзяцей, адна ўнучка і два праўнукі, у Івана Арсеньевіча і Іааны Васільеўны трое дзяцей, чацвёра ўнукаў і пяць праўнукаў, а ў сямействе Гарон і наогул чацвёра дзяцей, трынаццаць унукаў і адзінаццаць праўнукаў.
– Падумаць жа, гэта мне хутка будзе 86 гадоў, – дзеліцца Людміла Фёдараўна. – А мы з мужам, як і раней, робім усё разам: і садзім, і полем, і капаем.
– Вы з’яўляецеся сапраўдным прыкладам для маладых людзей, якія толькі пажаніліся. Такіх у нашай гаспадарцы сёлета чатыры пары. Здароўя вам, любові, павагі, заставайцеся адзін для аднаго апорай, – прагучалі словы віншаванняў ад намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДП «Лукі-Агра», старшыні прафсаюзнай пярвічкі прадпрыемства Наталлі Васільеўны Мардзіловіч.
Старшыня Лукскага сельскага Савета дэпутатаў Людміла Іванаўна Ваўчок пажадала ўсім юбілярам дажыць разам да чырвонага вяселля, а кіраўнік справамі сельсавета Таццяна Аркадзьеўна Жук – бясконцай энергіі, светлых і сонечных дзён.
З усмешкамі на тварах кожная сям’я прыняла падарункі і шчыра падзякавала гасцям за тое, што пра іх памятаюць.
У 2017 годзе ў Лукскім сельсавеце святкуюць:
- сярэбранае вяселле (25 гадоў сумеснага жыцця) 3 шлюбныя пары,
- залатое вяселле (50 гадоў сумеснага жыцця) 2 шлюбныя пары,
- ізумруднае вяселле (55 гадоў сумеснага жыцця) 1 шлюбная пара,
- брыльянтавае вяселле (60 гадоў сумеснага жыцця) 3 шлюбныя пары.
Караліна КУЧУК.
Фота аўтара.