Кореличский спортсмен занял первое место в открытом первенстве г. Гродно по боксу
У канцы кастрычніка ў абласным цэнтры адбылося адкрытае першынства г. Гродна па боксе сярод спартсменаў 2004-2005 і 2006-2007 гадоў нараджэння. На адной арэне за перамогу змагаліся самыя моцныя хлопцы не толькі рэгіёна, але і іншых гарадоў і сталіцы.
Выхаванец ДУДА «Карэліцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі», навучэнец 5 «Б» класа сярэдняй школы №1 райцэнтра Яўгеній Ардзюк адбаксіраваў на «выдатна» і тым самым заваяваў першае месца ў вагавай катэгорыі да 34 кг. Для Яўгенія гэта першыя сур’ёзныя спаборніцтвы. Да іх ён набіраўся вопыту толькі ў таварыскіх сустрэчах у Баранавічах, Мінску, Віцебску.
Паводле слоў трэнера, кіраўніка гуртка па агульнай фізічнай падрыхтоўцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Івана Уладзіміравіча Дзёмушкіна, нягледзячы на невялікі двухгадовы стаж заняткаў боксам у маладой зоркі ёсць усе шанцы перамагчы на будучых абласных спаборніцтвах і адправіцца на рэспубліканскія.
У тым, ці ўдасца Яўгенію апраўдаць надзеі трэнера і родных, сумненняў няма. Пад кіраўніцтвам Івана Уладзіміравіча вырасла не адно пакаленне таленавітых спартсменаў. Дарэчы, цяпер у Гродзенскім і Мінскім вучылішчах алімпійскага рэзерву вучацца чацвёра яго выхаванцаў.
Караліна КУЧУК.
Фота аўтара.