Мирский замок отметил 25-летие со дня открытия первой музейной экспозиции

31 кастрычніка 1992 года на шасці ярусах Паўднёва-заходняй вежы Мірскага замка, які на той момант з’яўляўся філіялам Дзяржаўнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, былі адкрыты першыя музейныя экспазіцыі. З той пары мінула ўжо чвэрць стагоддзя. У гонар юбілейнай даты на мінулым тыдні ў Мірскім замку адбыўся шэраг урачыстых мерапрыемстваў.

«Рэстаўрацыя і музеефікацыя Мірскага замка: практыкі ўзаемадзеяння» стала галоўнай тэмай круглага стала, на абмеркаванне якой 27 кастрычніка сабраліся каля трох дзясяткаў гасцей.

Пасля прывітальнага слова дырэктара ўстановы «Замкавы комплекс «Мір» Аляксандра Часлававіча Лойкі да прысутных звярнулася дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, экс-дырэктар установы Вольга Мікалаеўна Папко: «Я прапаную сёння пагаварыць пра перспектывы развіцця комплексу. Многія, хто знаходзяцца тут, маюць непасрэднае дачыненне да рэстаўрацыі і музеефікацыі замка і ведаюць, што з ім адбывалася ў апошнія 25 гадоў. Думаю, зараз нас цікавіць, што ж будзе далей. Спадзяюся, што яшчэ многія гады мы будзем прыязджаць сюды і бачыць новыя поспехі ўстановы».

Са святам павіншаваў удзельнікаў круглага стала экс-намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзімір Несцеравіч Дражын: «За апошнія гады ў нашай краіне прайшлі вялікія змены ў нацыянальным адраджэнні. Замкавы комплекс «Мір» сярод усёй культурнай спадчыны стаіць асобным аб’ектам. Памятаю, як у 1980-ыя гады Мірскі замак зусім не з’яўляўся тым сімвалам Беларусі, якім можна было б ганарыцца. У 1993 годзе, калі ў складзе дэлегацыі ад Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь я наведаў штаб-кватэру ЮНЕСКА, намі была выказана прапанова аб уключэнні Нясвіжскага і Мірскага замкаў у спіс Сусветнай спадчыны. Прайшоў час, і гэта адбылося».

Што тычыцца будучыні Мірскага замка, Уладзімір Несцеравіч, з’яўляючыся старшынёй Беларускай асацыяцыі гольфа, прапанаваў стварыць паблізу комплексу поле для міні-гольфа. На яго думку, гэта дасць яшчэ адну магчымасць утрымаць турыста ў пасёлку на большую колькасць дзён.

Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Сяргей Уладзіміравіч Вечар успомніў візіт Кіраўніка краіны ў Мірскі замак у 2007 годзе, які ў свой час паспрыяў хутчэйшай рэканструкцыі аб’екта. Тэма гутаркі зайшла пра гадавіну дзеяння бязвізавага рэжыму на Гродзеншчыне. Сяргей Уладзіміравіч выказаў надзею на пашырэнне бязвізавай зоны і ўключэнне ў яе Мірскага замка.

Падчас правядзення круглага стала таксама выступілі экс-старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Рыгоравіч Шчасны, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі, галоўны архітэктар праектаў і навуковы кіраўнік замкавага комплексу «Мір» Дзмітрый Сямёнавіч Бубноўскі, першы экс-намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Аляксандравіч Гілеп, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Міхайлаўна Усава, намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Юр’евіч Абрамчык і іншыя.

У гэты ж дзень адбылося адкрыццё выставы «Сімвал незалежнай Беларусі: адраджэнне Мірскага замка», якая распавядае пра працэс музеефікацыі замка. Дзясяткі архіўных фотадакументаў, прадстаўленых у пяці тэматычных блоках, а таксама прадметны рад выставы акцэнтуюць увагу на працэсе і выніках калектыўнай працы дзяржаўных дзеячаў і музейных работнікаў. На выставе таксама можна прачытаць запіс Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў Кнізе ганаровых гасцей замка, убачыць ахоўную дошку Мірскага замка Міністэрства культуры БССР (1980-ыя гады), фотаздымкі аб’екта да і падчас аднаўленчых работ і іншае.

Завяршыўся вечар выступленнем у Партрэтнай зале салістаў Гродзенскай капэлы.

 

Караліна КУЧУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий