Народная вокальная группа ветеранов труда Мирского городского Дома культуры отметила свой 30-летний юбилей
Народны вакальны гурт ветэранаў працы Мірскага гарадскога Дома культуры адзначыў свой 30-гадовы юбілей. У гонар круглай даты ў пятніцу ў Міры адбыўся вечар-сустрэча «З песняй па жыцці».
– Ад шчырага сэрдца віншую вас са святам, – звярнулася да віноўнікаў урачыстасці начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама І. М. Санчук. – Нягледзячы на свой узрост, вы яшчэ малады калектыў. Дзякуй за тое, што знаходзіце магчымасць удзельнічаць у культурным жыцці раёна. Жадаю вам даўгалецця, сіл, а ў вашым доме – незмаўкальнага смеху дзяцей і ўнукаў.
За шматгадовую працоўную дзейнасць у галіне развіцця самадзейнай мастацкай творчасці і прапаганду вакальна-харавога жанру граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама ўзнагароджаны народны вакальны гурт ветэранаў працы Мірскага ГДК, а таксама асабіста Мікалай Аляксеевіч Савацееў, які з’яўляўся акампаніятарам калектыву з першых дзён яго стварэння і да жніўня 2017 года, і Вольга Анатольеўна Ведзянеева, кіраўнік вакальнай групы.
Падняўшыся на сцэну пад бурныя авацыі, актывісты хору ветэранаў працы выканалі некалькі кампазіцый.
Сярод шматлікіх гасцей у зале прысутнічалі людзі, якія стаялі ля вытокаў стварэння хору. Адным з першых удзельнікаў калектыву была Ганна Паўлаўна Осінава.
– 30 гадоў. Здаецца, гэта было зусім нядаўна, – успамінае Ганна Паўлаўна. – Гледзячы на фатаграфіі, прадстаўленыя на выставе, прыемна ўспомніць, які ў нас быў вялікі і цікавы калектыў. У яго складзе тады было шмат рознагалосых мужчын. Нас запрашалі ў многія гарады і вёскі – і ўсюды душэўна сустракалі. Жадаю цяперашняму складу калектыву здароўя, поспехаў і росквіту.
У гэты вечар не забыліся і пра тых, хто шмат гадоў прысвяціў яе вялікасці Культуры – былых кіраўнікоў хору: пра Лілію Міхайлаўну Лісіцу, Анатолія Анатольевіча Башко, Давіда Давідавіча Мурзіча, Вольгу Мікалаеўну Навумовіч. Вялікай павагі заслугоўвае стваральнік хору Любоў Рубінаўна Варановіч, дзякуючы якой калектыў першапачаткова налічваў 38 удзельнікаў.
Зараз вакальную групу ўзначальвае Вольга Анатольеўна Ведзянеева, якая ў 1998 годзе пасля заканчэння Лідскага музычнага вучылішча прыехала працаваць у Мірскую ДШМ. Маладому спецыялісту адразу ж прапанавалі месца кіраўніка ў хоры ветэранаў.
– Спачатку я спалохалася, бо калектыў быў не просты, а ўжо са званнем «народны». Удзельнікі яго – дарослыя людзі. Заўвагу дасі – могуць пакрыўдзіцца. Пры падборы рэпертуару заўсёды прыходзілася раіцца. Меркаванне харыстаў для мяне стала вышэй за ўсё, – дзеліцца Вольга Анатольеўна. – Вельмі шкада, што многіх з намі ўжо няма. І адначасова радуе, што на змену ўдзельнікам калектыву прыходзяць іх дзеці. Да прыкладу, Нону Сяргееўну Навіцкую змянілі галасы дзвюх яе прыгожых дачок. Дзякуй нашаму новаму акампаніятару Віталію Аляксандравічу Нечаю, які выдатна ўліўся ў нашу жаночую каманду. Жадаю ўсім моцнага здароўя, сіл і жадання тварыць. Без вас я ўжо не ўяўляю сваё жыццё!
Старшыня раённага савета ветэранаў Ніна Сяргееўна Яфрэмава пажадала аматарам песні аптымізму, энергіі і добразычлівасці ў адносінах адзін да аднаго.
Харыстка Мірскага ГДК Тамара Міхайлаўна Навіцкая ў сваім выступленні адзначыла, што ўсе ўдзельнікі калектыву імкнуцца заставацца як мага даўжэй маладымі: удзельнічаюць не толькі ў канцэртных праграмах, але і ў конкурсах. Дарэчы, мірскі хор не аднойчы станавіўся лаўрэатам абласнога спаборніцтва «Не старэюць душой ветэраны».
У гэты святочны вечар для імяніннікаў выступілі мужчынская група хору ветэранаў працы ДУ «Карэліцкі РЦКіНТ», вакальны гурт ветэранаў працы ДУ «ЦСАН Карэліцкага раёна», народны вакальны гурт «Міранка», настаўнікі УА «Мірская ДШМ», народны ансамбль песні «Вечарынка».
З архіва “Полымя”, 1995 год
У канцы сакавіка ў Мірскім гарадскім Доме культуры адбылася неардынарная падзея. Тут трымаў экзамен на прысваенне ганаровага звання «народны» харавы калектыў ветэранаў вайны і працы.
Пасля гадзіннага выступлення артыстаў старшыня камісіі Марк Аляксандравіч Коп падзякаваў ветэранам за ўсё тое, што яны зрабілі для Айчыны ў свае маладыя гады, за іх плённую працу на творчай ніве, у справе выхавання падрастаючага пакалення, адраджэння нацыянальнай культуры і павіншаваў з прысваеннем звання «народны».
У той час хор з’яўляўся змешаным, чатырохгалосым.
Амаль за 8 гадоў існавання харавы калектыў даў каля шасцідзесяці канцэртаў. Ён пабываў у Гродна, Мінску, Дзятлаве, Навагрудку, Баранавічах. Асабліва сяброўскія адносіны склаліся з суседнім Стаўбцоўскім раёнам. Неаднаразова бываў калектыў у Латвіі.
У склад хору ўваходзяць удзельнікі штурму Берліна, абаронцы Масквы і Ленінграда, вызваліцелі роднай Беларусі.
У складзе хору і сямейны ансамбль сясцёр Цобкала.
Караліна КУЧУК.
Фота аўтара.