Пункт погляду журналіста: Душа застаецца маладой?

У дзень нараджэння калега прызналася, што суседка павіншавала яе своеасабліва: на дзвярах кватэры прымацавала віншаванне на прыгожым лісце паперы. Гэта, вядома, узрушыла імянінніцу — увага ніколі не бывае лішняй. «Такія сюрпрызы яна робіць не ўпершыню, і гэта ў сваім паважаным узросце», — удакладніла суразмоўца.

У памяці ўсплылі ранейшыя аповяды саслужывіцы. Шмат разоў яна расказвала пра тое, як суседзі па пад’езду жывуць паміж сабою дружна: разам збіраюцца на кубак гарбаты, дзеляць радасці і беды — і іх размовы доўжацца гадзінамі. Слухаючы калегу, па-добраму хацелася ёй пазайздросціць, бо ў апошні час такое — рэдкасць.
Як не згубіць з гадамі цікавасць да жыцця? Імкнуцца не звяртаць увагі на пажылы ўзрост? І як знайсці любімы занятак для душы? Пытанні — і адзінага адказу для ўсіх няма. Кожны выбірае тое, што яму больш цікава: адны падарожнічаюць па славутых мясцінах, другія ўвіхаюцца на дачы, трэція пішуць карціны… Абавязкова знойдуцца і чацвёртыя, і пятыя, і яшчэ шмат, у каго ёсць сваё захапленне, ад якога яны атрымліваюць вялікае задавальненне.
Пажылы ўзрост — чарговая лесвіца жыцця. Звычайна яна вымяраецца з выхадам на пенсію. Гэта як лічыць па агульнаму рахунку, хаця для кожнага гэтыя гады адчувальныя па-свойму. Успамінаецца размова з добрай знаёмай, якая даўно знаходзіцца на заслужаным адпачынку. «У састарэлым узросце чалавек мяняецца знешне, а вось яго душа застаецца маладой, — сцвярджала субяседніца. — Хочацца дыхаць на поўныя грудзі, рабіць карыснае людзям, быць проста шчаслівым…»
Што прыносіць чалавеку старасць? Нярэдка нежаданае: застацца ў адзіноце, адзін на адзін з праблемамі. Хаця існуе і другі бок справы: маючы здароўе, можна паспрабаваць быць кавалём свайго шчасця. Вунь як суседка маёй калегі, якая ў сталым узросце працуе, наведвае гурткі ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дорыць іскрынку сваёй душы людзям. Ці вясковыя жанчыны і многія гараджанкі, якія садзяць на клумбах розныя кветкі, — і для душы радасць, і іншыя цешацца прыгажосцю, якую стварылі іх рукі.
Што ўсё-такі галоўнае ў пажылым узросце? Відаць, старацца не паддавацца сваім гадам. І колькі б нам не было, пяцьдзясят ці семдзясят, прадаўжаць радавацца жыццю. Азірнёмся навокал — і будзем шукаць для сябе тое, каб не сумаваць. Глядзіш — пашанцуе: абавязкова знойдзецца для душы тое, што дапаможа зрабіць будні больш светлымі і радаснымі.
Галіна СМАЛЯНКА.

Добавить комментарий