У 2017 годзе ў ДП «Племзавод «Карэлічы» ўраджайнасць рапсу склала 53,1 ц/га
Як сведчыць вопыт беларускіх аграрыяў, самай прадуктыўнай і стабільнай па ўраджайнасці алейнай культурай з’яўляецца рапс. Рэальныя лічбы таму пацвярджэнне: у 2017 годзе ў ДП «Племзавод «Карэлічы» ўраджайнасць рапсу склала 53,1 ц/га пры сярэднім паказчыку па раёне 41 ц/га.
– Намі цалкам была выканана тэхналогія вырошчвання двух сартоў сельскагаспадарчай культуры – «лідар» і «прагрэс» – на займаемай плошчы ў 100 га, – дзеліцца сакрэтамі поспеху галоўны аграном прадпрыемства Яўгеній Анатольевіч Бусько. – Папярэднікам рапсу быў ячмень. Пасля яго ўборкі ўнеслі ў глебу па 130 кг калію і фосфару, зааралі, пасля лушчэння ржышча зноў унеслі ўгнаенне, зааралі, пусцілі шыроказахопны культыватар, падрыхтавалі глебу і правялі пасеў насення. Апошні від работ доўжыўся на працягу трох дзён і завяршыўся 24 жніўня 2016 года.
Увосень алейную культуру прапалолі, знішчылі злакавае пустазелле на плошчы ў 60 га, унеслі рэгулятар росту разам з борам. Вясной падкармілі два разы карбамідам і адзін – сульфатам. Зрабілі дзве інсектыцыдныя апрацоўкі супраць паразітаў і адну – супраць хвароб. Таксама ўнеслі рэгулятар росту. Каб праверыць эфектыўнасць яго выкарыстання, пакінулі кантрольную паласу. І прыйшлі да высновы, што для большага ўтварэння струкоў вясной рэгулятар трэба ўносіць абавязкова.
Са стартам уборачнай кампаніі тэхніку спачатку выпусцілі на ўчасткі з больш спелым рапсам. У поле выходзілі камбайны «Ліда-1600» і «Палессе JS 1218», дапамогу таксама аказваў камбайн з ДП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская». Доўжылася ўборка паўтары тыдні. Агульны вал сабранай культуры склаў 531 т.
Са слоў галоўнага агранома, за пасеў рапсу прадпрыемства ўзялося ўпершыню – і адразу ж здолела вырвацца ў раённыя лідары: «Па ўласных прагнозах чакалі атрымаць 25 ц/га, а ў выніку ўраджайнасць атрымалася ў два разы большай. Умовы надвор’я не падвялі, ды і мы не спалі – старанна працавалі».
Цалкам справіўся са сваімі абавязкамі і выдатна сачыў за пасевамі аграхімік прадпрыемства Аляксандр Аляксандравіч Салавей. На ўборцы былі задзейнічаны старшы камбайнер Віктар Валер’евіч Станкевіч і яго памочнік Аляксандр Аляксандравіч Акулік, а таксама камбайнер Дзмітрый Аляксандравіч Гіль.
Прадпрыемства выканала дзяржаўны заказ па рапсу на 100 т, другую частку масланасення адправілі на перапрацоўку для атрымання шроту і жмыху на корм жывёле. Заробленыя грашовыя сродкі ад ураджаю пайшлі на разлікі з арганізацыямі, выдачу заработнай платы і іншыя выдаткі. Рэнтабельнасць чорнага золата ў 2017 годзе склала 117,1%.
Караліна КУЧУК.
Фота аўтара.