В Кореличах прошел ряд мероприятий, посвященных 100-летию Великой Октябрьской революции (дополнено)

3 лістапада ў г. п. Карэлічы адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Арганізатары — Карэліцкая раённая арганізацыя Камуністычнай партыі Беларусі, Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці, Карэліцкі раённы краязнаўчы музей.

Будзем помніць!

А чатырнаццатай гадзіне ўдзельнікі ўрачыстага мерапрыемства збіраюцца ля помніка Мікалаю Арцюху ў райцэнтры. Тут прадстаўнікі мясцовай улады, арганізацый, устаноў раёна, камуністы, ідэолагі, госці. Пачынаецца мітынг, прысвечаны знамянальнай падзеі, — 100-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі.

У сваёй прамове намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Руслан Юр’евіч Абрамчык, нагадаўшы пра гістарычныя падзеі таго далёкага часу, адзначыў, што жыхары Беларусі ўшаноўваюць гэты дзень, прыходзяць да святых месцаў, каб аддаць даніну павагі мінуламу. Жыве сувязь пакаленняў — ветэраны і моладзь захоўваюць традыцыі  народа.

Слова трымае сакратар Карэліцкай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Марыя Уладзіміраўна Беленава. Выказаўшы свае адносіны да Кастрычніцкай рэвалюцыі, партыйны лідар пажадала, каб на зямлі заўсёды панаваў мір, і ўлада ўсё рабіла для людзей.

Удзельнікі мітынгу становяцца сведкамі ўрачыстага адкрыцця памятнага знака ў гонар 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Удзельнікі мітынгу становяцца сведкамі ўрачыстага адкрыцця памятнага знака ў гонар 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Час выбраў нас

У Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці ўдзельнікаў мерапрыемства чакаў не менш прыемны сюрпрыз. Да гэтай знамянальнай падзеі Карэліцкі раённы краязнаўчы музей падрыхтаваў выставу, якая ўключала тры блокі: “Партыйныя і дзяржаўныя дзеячы”, “Час выбраў нас”, “Пра партыйную арганізацыю”. Змястоўны і цікавы аповед Марыі Уладзіміраўны Беленавай дапамог прысутным вярнуцца ў той далёкі незабыўны час, багаты на яркія асобы і добрыя справы. Для маладога пакалення — гэта ўжо гісторыя, а для старэйшага — іх жыццё. Кожны з іх дае сваю адзнаку падзеям ХХ стагоддзя.  

У сваім выступленні першы сакратар РК ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Яўгеній Пархамовіч адзначыў, што роля моладзі ва ўсе часы была прыярытэтнай, як і тое, што члены ўзначальваемай арганізацыі здольныя на карысныя справы.

Маладзёжны лідар уручыў білеты новым членам БРСМ: Алёне Дзедуль, Наталіі Сідаркевіч, Вадзіму Рабко, Ірыне Зелянкевіч, Ксеніі Свірыдавай.

Ніць гісторыі, што яднае

У глядзельнай зале Карэліцкага РЦК і НТ адбыўся ўрачысты вечар, прысвечаны 100-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі. Вядучы сустрэчы Міхаіл Башко зрабіў гістарычны экскурс у мінулае, і прысутныя ў зале маглі яскравей усвядоміць падзеі таго часу.

Да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Віктаравіч Шкадаў. Ведучы размову пра цывілізаваныя і разумныя адносіны да мінулага, прамоўца звярнуўся да тых каштоўнасцей, якія сёння маем, і пажадаў усіх зямных даброт.

На сцэну былі запрошаны госці ўрачыстага мерапрыемства — партыйныя і дзяржаўныя дзеячы, у якіх лёс звязаны з Карэліччынай:  Аляксей Аляксандравіч Яновіч, Станіслаў Станіслававіч Крэсло, Іосіф Феліксавіч Велькашынскі, Мікалай Аляксандравіч Пахолак, Людміла Пятроўна Гоўша. Яны выказалі свае адносіны да Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая, на іх думку, дапамагла многім простым людзям атрымаць адукацыю і вызначыцца ў жыцці. Карэліцкі край   стаў для іх школай жыцця, тут адбылося іх станаўленне як асобы, галоўным прыярытэтам у жыцці лічаць працу.

У сваёй прамове партыйны лідар Марыя Уладзіміраўна Беленава адзначыла, што ў раённай арганізацыі КПБ налічваецца 30 членаў. На ўрачыстасці былі ўшанаваны старэйшыя члены партыі Іван Іванавіч Вярбіцкі, Эдуард Антонавіч Арабей, Павел Васільевіч Буслейка, якія больш пяцідзесяці гадоў носяць ля сэрца партыйны білет. 

У члены партыі былі прыняты першы сакратар РК ГА “БРСМ” Яўгеній Пархамовіч і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Генадзій Карпаленка.”Павінна  існаваць сувязь пакаленняў”, — зазначыла партыйны лідар.

У гэты ўрачысты вечар са сцэны гучалі песні савецкіх часоў, якія вярталі ў гады маладосці і дапамагалі сэрцам дакрануцца да мінулага. Не маглі пакінуць раўнадушнымі музычныя кампазіцыі: “С чего начинается Родина?”, “Надежда”, “Мой адрес — Советский Союз” і іншыя.

 

Напрыканцы ўрачыстага вечара былы сакратар партыйнай арганізацыі Карэліцкай сярэдняй школы, кіраўнік літаб’яднання “Рэчанька” пры раённай газеце “Полымя” Галіна Паўлаўна Калтунова выказала словы ўдзячнасці арганізатару ўрачыстага мерапрыемства з нагоды 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі Марыі Уладзіміраўне Беленавай, сціпламу і таленавітаму чалавеку, адданаму сваёй справе.

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий