Ордэнам Маці ўзнагароджана Валянціна Васільеўна Суднік з вёскі Баранавічы

Згодна з загадам № 452 Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ад 18 снежня 2017 года ордэнам Маці ўзнагароджана хатняя гаспадыня Валянціна Васільеўна Суднік з вёскі Баранавічы Карэліцкага раёна.

Яе маленькая радзіма — вёска Смалічы Копыльскага раёна Мінскай вобласці. У сям’і расло чацвёра дзяцей, і Валянціне як старэйшай прыходзілася клапаціцца пра меншых і дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Яна не цуралася ніякай работы — і адданасць працы спатрэбілася ў жыцці.
Працавітасць і добразычлівасць імкнулася выхаваць і ў дзяцей. Старанні аказаліся не дарэмнымі: яны знайшлі сябе ў жыцці, падтрымліваюць сяброўскія адносіны паміж сабою, і гэта радуе жанчыну. «А маці што больш трэба? Шчаслівая сама, калі шчаслівыя дзеці. Пяцёра іх у мяне, і на ўсіх хапае любові і ласкі», — адзначае Валянціна Васільеўна і стараецца расказаць пра кожнага з іх.
Мікалай працуе вадзіцелем у СВК «Свіцязянка-2003», Вольга — поварам у Райцаўскай школе, Валянціна — выкладчыкам у адным з ліцэяў г. Ліда, Святлана — цырульнікам у г. Сыктыўкар, што ў Расіі, а Кацярына жыве ў г. Баранавічы, знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцем. Ва ўсіх свае сем’і, растуць на радасць бабулі васьмёра ўнукаў.
У Валянціны Васільеўны за плячыма нялёгкае жыццё. На яго ніколі і нікому не скардзілася. Галоўным крытэрыем была і засталася праца. На розных работах працавала, але найбольш, дваццаць адзін год, поварам у школьнай сталовай. Справа была па душы, любіла гатаваць смачныя і каларыйныя стравы. Дома рабіла шмат нарыхтовак — зімой яны былі знаходкай для вялікай сям’і. Была і асабістая гаспадарка. Клопатаў было шмат і для бацькоў, і для дзяцей, але заўсёды былі на стале малако і мяса — не горш, чым у іншых людзей.
Па характары Валянціна Васільеўна разважлівая і добразычлівая. Любіць людзей, жывёлу. Гэтую рысу характару імкнецца выхаваць у дзяцей. Вучыць быць згуртаванымі паміж сабою, упэўнена крочыць па жыцці.
Жыццё аднойчы прыпаднесла жанчыне суровы ўрок, забраўшы ў яе мужа і бацьку ў дзяцей. У хвіліны роспачы яна не засталася адна — вяскоўцы і калегі падтрымалі, дапамаглі. З асаблівай цеплынёй успамінае пра сваякоў мужа Марыю Іванаўну і Уладзіміра Міхайлавіча Ламака, а таксама — колішняга дырэктара мясцовай школы Мікалая Аляксандравіча Панасенку.
Валянціна Васільеўна заўсёды старалася жыць і жыве цяпер годна, па-чалавечы. Цвёрда пераканана ў тым, што жанчына не павінна адступаць ні пры якіх абставінах. Калі дала жыццё дзіцяці, то за яго ў адказе. Сэрца маці хвалюецца як за малое, так і дарослае, цяпер яшчэ за ўнукаў, яны сэнс жыцця. «Каб штосьці мець, трэба аддаваць», — пераканана Валянціна Васільеўна Суднік.
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Аксаны ЯНУШ.

Добавить комментарий