Дэпутат Вольга ПАПКО: «Асноўная праца дэпутата – заканадаўчая дзейнасць»

ІНТЭРВ’Ю З ДЭПУТАТАМ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ ШОСТАГА СКЛІКАННЯ ПА НАВАГРУДСКАЙ ВЫБАРЧАЙ АКРУЗЕ № 57 ВОЛЬГАЙ МІКАЛАЕЎНАЙ ПАПКО.

– Вольга Мікалаеўна, прайшло крыху больш за год, як Вы сталі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Падзяліцеся ўражаннямі аб дзейнасці ў сферы заканатворчасці.

– Даволі часта мяне пытаюць, ці цяжка мне і маім калегам сядзець на доўгіх паседжаннях. І вельмі здзіўляюцца, калі я гавару, што яны адбываюцца не кожны дзень і нават не кожны тыдзень. У Авальную залу мы прыходзім только тады, калі трэба абмеркаваць падрыхтаваны законапраект, высветліць меркаванні калег, прыняць рашэнне. Але падрыхтоўчая праца ідзе кожны дзень. Асабліва насычанымі выдаюцца паездкі ў выбарчую акругу. Сустрэчы і прыёмы прызначаю ў розных населеных пунктах, каб паспець зрабіць болей.

Нядаўна дэпутаты Палаты прадстаўнікоў наведалі кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», каб пазнаёміцца з яго працай. Напярэдадні мы абмяркоўвалі некалькі дакументаў, якія рэгламентуюць працу парка, на які ўскладаюцца вялікія спадзяванні. Каб прымаць нейкія рашэнні, трэба ведаць, як гэта дзейнічае.

– Вы ўвайшлі ў склад Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і былі назначаны намеснікам старшыні. Раскажыце аб дзейнасці камісіі. Якія пытанні непасрэдна Вы ўздымалі ў рамках яе работы?

– Вельмі часта наша камісія займаецца абмеркаваннем тых дакументаў і дамоўленасцей з іншымі краінамі, якія вымагаюць ратыфікацыі парламентам. З апошніх дакументаў такога кшталту хацелася б адзначыць «Мытны кодэкс Еўразійскага эканамічнага саюза». Мяне вельмі ўразіла тая тытанічная праца, якую зрабілі распрацоўшчыкі гэтага дакумента. Неабходна было ўлічыць пазіцыі і спецыфіку ўсіх краін, якія ўваходзяць у саюз.

Мы таксама абмяркоўваем кандыдатуры паслоў, якія накіроўваюцца за мяжу, каб прадстаўляць інтарэсы Беларусі. Усе аспекты міжнароднай дзейнасці парламента праходзяць праз нашу камісію.

У кастрычніку я асабіста прадстаўляла ў Авальнай зале праекты законаў аб ратыфікацыі дзвюх праграм трансгранічнага супрацоўніцтва, якія фінансуе Еўрапейскі саюз: «Латвія– Літва–Беларусь» і «Польшча – Беларусь – Украіна» на 2014-2020 гг. Парламент ратыфікаваў гэтыя законы, яны пачалі дзейнічаць. Цікава, што некалі я працавала экспертам у некалькіх турыстычных праектах, якія ў Брэсце рэалізоўваліся па лініі праграмы «Польшча – Беларусь – Украіна». Тады не спадзявалася, што буду мець да гэтай праграмы дачыненне ў іншай ролі.

– Як дэпутат парламента Вы праводзіце прыёмы грамадзян і «прамыя тэлефонныя лініі». З якімі пытаннямі часцей за ўсё звяртаюцца да Вас выбаршчыкі?

– Асноўныя пытанні датычацца дзейнасці жыллёва-камунальных службаў. Большасць з іх павінна вырашацца на месцах, але часта на гэта не хапае сродкаў у бюджэце.

Хацелася б, каб выбаршчыкі разумелі: асноўная праца дэпутата – заканадаўчая дзейнасць: распрацоўка і ўдасканаленне законаў.

Галоўнае, што даюць сустрэчы з жыхарамі на месцах, – гэта разуменне кола праблем, якіх на мясцовым узроўні не вырашыць.

– Адны скардзяцца на дэпутатаў, іншыя ўскладаюць на іх аптымістычныя надзеі. З якімі адносінамі выбаршчыкаў найчасцей даводзіцца сутыкацца Вам?

– Калі людзі прыходзяць да дэпутата за дапамогай, значыць разлічваюць на нас. Аднак дэпутат мае сваю кампетэнцыю і функцыі. Да прыкладу, што я магу зрабіць, калі чалавек скардзіцца на рашэнне суда? Умешвацца ў працу гэтай установы я не маю права. Справы павінны разглядацца ў вышэйстаячай судовай установе.

Некаторым людзям проста хочацца падзяліцца сваімі праблемамі, пачуць словы спачування. Бываюць і агрэсіўныя наведвальнікі.

– У абмеркаванні якіх пытанняў Вы прымалі ўдзел у снежні на II з’ездзе вучоных Рэспублікі Беларусь?

– Я вельмі хацела трапіць на гэты форум, таму што мяне турбуюць тыя праблемы, якія існуюць у развіцці беларускай навукі. Я вучылася ў аспірантуры Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі, з’яўляюся кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам, працягваю займацца даследаваннямі, шмат друкую навуковых артыкулаў.

Мяне, як вучонага, непакоіць недасканалая сістэма аплаты працы ў гэтай галіне і катастрафічная сітуацыя з кадрамі. На аднаго прафесара павінна прыходзіцца некалькі аспірантаў. У мяне адчуванне, што ў нас усё цалкам наадварот. Моладзь не вельмі ахвотна ідзе ў навуку. У Беларусі трохі больш за 12 тыс. кандыдатаў навук. Колькасць дактароў навук – 2,5 тыс., іх сярэдні ўзрост складае 67 гадоў. Навуковыя кадры імкліва старэюць, на змену ім ідзе недастаткова моладзі.

У нас чамусьці склалася такое меркаванне, што для вучонага профільнай дзейнасцю з’яўляецца толькі праца ў даследчых установах і ВНУ. А тыя, хто працуе на вытворчасці, атрымліваюць значна меншую аплату за навуковую ступень і званне. Што гэта значыць? Вучоны не патрэбны на заводзе, у лясной гаспадарцы, у сельскай галіне, у музеі і іншых установах? Вучоныя на вытворчасці паскараюць працэс укаранення распрацовак, набліжаюць тэорыю да практыкі. Гэтая сітуацыя павінна кардынальна змяніцца, іначай у нашай навукі мала шанцаў на пазітыўную будучыню.

Шчыра скажу: на з’ездзе я не пачула, якім чынам будзе выпраўляцца існуючая сітуацыя. Удзельнікам з’езда абяцалі, што ў хуткім часе будзе распрацавана празрыстая сістэма стымулявання працы даследчыкаў, якія маюць канкрэтныя дасягненні.

– Ці працягваеце Вы назіраць за тым, як жыве музей «Замкавы комплекс «Мір», якім кіравалі амаль пяць гадоў?

– Музей знаходзіцца на тэрыторыі маёй выбарчай акругі, ён адыгрывае вельмі важную ролю ў жыцці Карэліцкага раёна. Вядома, мне вельмі цікава тое, што там адбываецца. У бягучым годзе ў г.п. Мір будзе рэалізоўвацца абласная інвестыцыйная праграма па добраўпарадкаванні. Упэўнена, што на працягу года Мір значна папрыгажэе.

Мае навуковыя інтарэсы таксама звязаны з Мірскім замкам. Заканчваю працу над рэдагаваннем калектыўнай манаграфіі «Кн. Вітгенштэйны і іх уладанні ў Расійскай імперыі». Кніга паўстала на аснове матэрыялаў канферэнцыі, якая адбылася ў 2015 годзе. За гэты час тэкст перарос у вялікі том. Спадзяюся, што ён пабачыць свет у бягучым годзе.

– Якім Вы бачыце новы 2018 год у сваёй дэпутацкай дзейнасці?

– Парламент працягне працу над папраўкамі да Кодэксу аб адукацыі, на які шмат нараканняў. І хаця гэта датычыцца дзейнасці іншай камісіі, але мяне гэта вельмі цікавіць. Адукацыя закранае жыццё кожнага чалавека.

Амаль год таму я звярнула ўвагу на тое, што ў Беларусі не распрацаваны механізм звароту культурных каштоўнасцей, якія былі вывезены падчас войн і зараз знаходзяцца за мяжой. Гэта пытанне – мая асабістая заканадаўчая ініцыятыва, якую я імкнуся рэалізаваць. Планую ў 2018 годзе разам з экспертамі ў галіне міжнароднага права сфармуляваць папраўкі ў артыкул 77 Кодэкса аб культуры.

– Вольга Мікалаеўна, у Вас як у парламентарыя вельмі насычанае жыццё. Ці застаецца час для сябе, родных і блізкіх?

– За гэты год я ўжо адаптавалася да новых умоў, новай працы і новага месца жыцця. І хаця мае родныя часам скардзяцца, што хацелі б часцей мяне бачыць, я стараюся аддаваць ім увесь вольны час. У мяне маленькая дачка, з якой вельмі дапамагае мая маці.

– У завяршэнне нашага інтэрв’ю скажыце, калі ласка, ці складана жанчыне быць дэпутатам? І што пажадаеце прадстаўніцам цудоўнай паловы чалавецтва, якія хочуць дасягнуць высокіх вынікаў у сферы прафесійнай дзейнасці?

– Сярод дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь каля 30% складаюць жанчыны. У большасці еўрапейскіх парламентаў іх значна менш. Да прыкладу, у Расіі – 15,8%, у ЗША – 19%.

У дэпутацыі Гродзенскай вобласці – 4 жанчыны і 9 мужчын. Мае калегі прадстаўляюць розныя сферы эканомікі, сістэмы адукацыі і культуры. За год я пазнаёмілася са многімі, сутыкалася з імі па розных пытаннях. Я не думаю, што якасць працы дэпутата залежыць ад пола. Хутчэй за ўсё, галоўную ролю адыгрывае характар. Да таго ж, дэпутат – гэта публічная асоба, чалавек, які знаходзіцца ўвесь час навідавоку, павінен быць камунікабельным, гатовым даць кампетэнтнае інтэрв’ю, прыняць удзел у дыскусіі, абгрунтаваць сваю пазіцыю.

У новым 2018 годзе хочацца пажадаць жанчынам у незалежнасці ад прафесіі і ўзросту здароўя, шчасця, каб заўсёды іх акружалі родныя і блізкія людзі. Усім, хто хоча дасягнуць вяршынь у прафесіі, грамадскай ці палітычнай дзейнасці, – толькі поспехаў! Аднак не забывайце пра свае сем’і, у якіх чакаюць ад вас клопату, увагі і пяшчоты.

Гутарыла Караліна КУЧУК.

                                                                                                                                                                                                                                                                                                            Фота Іны ЛЕЙКА.

Добавить комментарий