Як пражыць разам душа ў душу амаль паўстагоддзя, ведаюць муж і жонка Логін з Малюшыцкага сельсавета
Апынуўшыся на надворку Мікалая Несцеравіча Логіна, падумала: “Тут жыве сапраўдны гаспадар: руплівы, працавіты, старанны”. Чысціня і парадак, усё на сваіх месцах. Падчас размовы з ім, гэтая думка толькі ўкаранялася і станавілася больш відавочнай.
Адданасць – тая рыса, якая стала спадарожніцай на працягу ўсяго жыцця Мікалая Несцеравіча. Адданасць роднай зямлі, на якой пражыў больш за 70 гадоў, адданасць любімай справе, якой займаўся каля 40 вёснаў і зімаў, адданасць адзінай жанчыне, з якой 45 гадоў пражылі душа ў душу і ўзгадавалі пецярых дзяцей.
– Працаваў, працую і буду працаваць, пакуль здароўе будзе дазваляць, – адзін сказ з вуснаў Мікалая Несцеравіча даў зразумець, што ў аснову яго жыцця лягла старанная праца, якой ён ніколі не баяўся.
Мікола Логін нарадзіўся ў в. Моладава, дзе скончыў 4 класы пачатковай школы. Наступныя тры гады вучыўся ў базавай школе ў в. Руднікі. У хуткім часе хлопца забралі ў армію. Амаль 3 гады давялося служыць у Ноўгарадскай вобласці ў авіяцыйных войсках. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў родную вёску.
Адзіны выпадак, калі Мікалай Несцеравіч пакінуў Карэліччыну, – год працы на Украіне. Выказванне “Добра там, дзе нас няма” не апраўдала сябе, таму, не знайшоўшы шчасця на чужой зямлі, вярнуўся на сваю родную. Атрымаўшы вадзіцельскае пасведчанне, пачаў працаваць на трактары ў калгасе “Сцяг Перамогі”, на якім мужчына араў, сеяў, ірваў лён. Менавіта за лепшыя паказчыкі на ўборцы лёну ў 1972 годзе быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. Добрасумленная праца таксама была адзначана кіраўніцтвам дзяржавы ў 1976 годзе, калі Мікалай Несцеравіч быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені.
Калі гаварыць пра майго субяседніка толькі як пра стараннага працаўніка, будзе вельмі мала. Ён таксама выдатны сем’янін і клапатлівы бацька. Таму яшчэ адной, на мой погляд, сумеснай узнагародай сям’і Логін з’яўляецца ордэн Мацярынства, які стаў увасабленнем бацькоўскай любові і клопату.
Пяць дзяцей і восем унукаў – самыя лепшыя госці ў бацькоўскай хаце.
– Дзеці нас не забываюць, прыязджаюць вельмі часта. На юбілеі, дні нараджэння мы заўсёды збіраемся разам. Але вы не падумайце, што яны толькі за стол прыязджаюць. Сыны Іван і Мікалай, дочкі Марына, Ірына і Таццяна гатовы ўзяцца за любую працу. Паўдня – і велізарны кавалак участка пад бульбу пасаджаны, – пасля такіх слоў Мікалая Несцеравіча адчула сямейны дабрабыт працаўніка.
Аб тым, што мужчына не любіць сядзець склаўшы рукі, сведчыць яго вялікая гаспадарка: конь, свінні, куры, качкі, трусы.
– Цяпер у мяне не вельмі шмат хатняй жывёліны, не тое, што некалькі гадоў таму. У той час амаль кожны трымаў па дзве каровы. Сёння ж моладзь не ўтрымаеш у вёсцы, усе гарадскімі хочуць быць. Яны лічаць, што ў сельскай мясцовасці няма чаго рабіць. Гэтых слоў я не разумею. Было б жаданне працаваць, тады і работа знойдзецца , – падагульніў руплівы гаспадар.