Маленькие актеры Райцевского вертепа мечтают о международном фестивале кукольных театров «Нябёсы». 21 марта — День театра кукол

 

Дзякуючы іранскаму дзеячу тэатра лялек Джываду Залфагарыха лялечнікі ўсяго свету маюць сваё прафесійнае свята. Міжнародны дзень лялечніка адзначаецца штогод, пачынаючы з 2003 года, і прыпадае ён на 21 сакавіка.

Яркім прыкладам мастацтва, якое спалучае ў сабе чысціню і непасрэднасць дзяцінства з глыбокай філасофскай мудрасцю, з’яўляецца невялікі лялечны тэатр — Райцаўскі вярцеп.
– Мы яшчэ навічкі ў лялечнай справе, – расказвае настаяцель храма святой вялікапакутніцы Варвары іерэй Аляксей Шышкір, які кіруе тэатрам. – Не так даўно Райцаўскаму вярцепу споўніўся год. Аднак у нас ужо ёсць свой рэпертуар, які складаецца з чатырох спектакляў працягласцю па 15-20 хвілін кожны. Першую калядную пастаноўку “Цар Ірад” на беларускай мове прыхаджане ўбачылі ў мінулым годзе. У гэтым годзе на святкі мы парадавалі гледачоў спектаклем “Нябесны госць”. Да велікодных адносяцца пастаноўкі “Сляпая прынцэса Фаўста” і “Калабок”, ад якога дзеці ў поўным захапленні.
Менавіта цёплыя ўражанні з дзяцінства настаяцеля храма, калі ён наведваў нядзельную школу ў Навагрудку і ўдзельнічаў у батлейцы, сталі штуршком для стварэння Райцаўскага вярцепа. Таму сёння святар імкнецца пабудаваць заняткі так, каб наведванне вучнямі нядзельнай групы пры Варварынскім храме было карысным і цікавым.
– Хтосьці скажа, што айцец Аляксей з дзецьмі ў лялькі гуляе, – з усмешкай адзначае святар. – Але гэта не так. Уваходзячы ў вобраз таго ці іншага героя і агучваючы яго, навучэнцы нядзельнай групы спасцігаюць асновы міласэрнасці і дабрыні. Атрымліваецца своеасаблівая пропаведзь у гульнявой форме. Па сабе ведаю, што такія заняткі застаюцца ў памяці надоўга. Да таго ж у дзяцей развіваюцца акцёрскія здольнасці і эстэтычнае пачуццё.


Па словах святара, стварэнне новага спектакля патрабуе шмат часу і намаганняў. Трэба знайсці падыходзячы сцэнарый, які потым апрацоўваецца і карэкціруецца, – справа нялёгкая. У асноўным ён падбіраецца пад ужо існуючыя лялькі. Бо, зразумела, стварыць новага героя складана. Увогуле, усе тыя вобразы, якія прымаюць удзел у спектаклях, – вынікі ўласнай працы.
– Драўляную аснову для лялек раблю самастойна. Твар – самы важны элемент, які перадае эмацыянальнасць герояў. Тут патрабуецца прафесійнае майстэрства. Вялікую дапамогу аказаў вядомы іканапісец з Райцы Аляксандр Васільевіч Салдатаў. У стварэнні вопраткі для лялек прымае ўдзел матушка. Справа карпатлівая і патрабуе шмат часу. Быў выпадак, калі назаўтра павінен быць спектакль, а адзенне для лялек недашыта. Але, як кажуць, ноч доўгая, – успамінае айцец Аляксей.
Сцэну для Райцаўскага вярцепа па эскізах святара вырабіў з фанеры мясцовы майстар. Роспіс ажыццяўляўся ў Мірскім дзяржаўным мастацкім прафесійна-тэхнічным каледжы. Па задумцы айца Аляксея вярцеп павінен быць яркім і маляўнічым. У той жа час універсальным, каб тут можна было абыграць падзеі як старажытнасці, так і сучаснасці. Так і атрымалася: казачна і незвычайна.


Тое, што ў аснове ўсіх намаганняў святара ляжыць клопат пра навучэнцаў нядзельнай групы, сведчыць наступная акалічнасць.
– Наша мара – у бліжэйшай будучыні прыняць удзел у Міжнародным калядным фестывалі батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”. Гэта цудоўная магчымасць дзецям не толькі паказаць сябе, але і пераняць вопыт удзельнікаў фестывалю з розных краін. Да таго ж наведаць Свята-Елісавецінскі манастыр будзе вельмі цікава і карысна, – дзеліцца айцец Аляксей.
Радасць ад сустрэчы з Райцаўскім вярцепам ужо адчулі насельнікі Жухавіцкага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, выхаванцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра Карэліцкага раёна, вучні СШ №1 г.п. Карэлічы, наведвальнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна. Таксама айцец Аляксей з выхаванцамі нядзельнай групы прымаў удзел у калядным фестывалі хрыстаславаў у Жухавіцкім Доме культуры.
– Пасля спектакля мне даводзілася размаўляць з гледачамі, якія са слязьмі на вачах адзначалі, што пастаноўка кранула іх да глыбіні душы. Для мяне і дзяцей гэта самая вялікая ўзнагарода, – адзначае айцец Аляксей.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий