26 апреля — День чернобыльской трагедии

У красавіку 1986 года малады салдат Валерый Віктаравіч Александроў праходзіў тэрміновую службу ў вайсковай часці 3214 у г. Мінску. Менавіта тут яго спасцігла жудасная навіна аб аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

– 26 красавіка ўсіх салдатаў сабралі на пляцы, і камандзір вайсковай часці коратка прамовіў: “На дэманстрацыю, прысвечаную 1 Мая, не пойдзем. Рыхтуйце тэхніку. Першы батальён адпраўляецца трэцяга мая, другі – сёмага”, – успамінае Валерый Александроў. – Па чутках мы ведалі, што здарылася. Але маштаб трагедыі ў той мамонт ніхто добра не разумеў.
На грузавых аўтамабілях Валерыя разам з іншымі салдатамі прывезлі ў 30-кіламетровую зону ад Чарнобыльскай АЭС, у вёску Савічы Брагінскага раёна, дзе пасялілі ў мясцовай школе. У абавязкі 19-гадовых вайскоўцаў уваходзіла адсяленне мясцовых жыхароў з тэрыторый, забруджаных радыяцыяй, а таксама агароджванне вёсак калючым дротам.
– Асабліва цяжка пакідаць родныя хаты было людзям састарэлага ўзросту. Моладзі – крыху лягчэй, бо ўсе яны спадзяваліся ў хуткім часе вярнуцца на малую радзіму, – расказвае мужчына, якому на момант трагедыі не было яшчэ 20 гадоў. – Ведаеце, мы былі маладыя і здаровыя. Таму аб наступствах уздзеяння радыяцыі на арганізм нават і не думалі. Кармілі нас добра і смачна, дабаўляючы ў ежу ёдны парашок.
На родную Карэліччыну Валерый Александроў вярнуўся 29 ліпеня, правёўшы амаль 3 месяцы ў радыяцыйнай зоне. Сёння аб падзеях 32-гадовай даўніны нагадвае пасведчанне, дзе пазначаны артыкул 19 Закона РБ” Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС”, згодна з якім мужчына мае надбаўку да пенсіі.


Цяжэй за ўсё перажыць вымушаную камандзіроўку Валерыя было яго маці Марыі Іванаўне.
– Аб тым, што сын знаходзіцца зусім побач з месцам трагедыі, здагадалася сама па лісту, на якім быў пастаўлены паштовы штамп Брагінскага раёна, – дзеліцца ўспамінамі Марыя Іванаўна. – Плакала, перажывала, начамі не спала. Калі сын вярнуўся дадому, старалася забяспечыць яму добрае харчаванне. Але ў 1986 годзе, калі магазіны былі амаль пустыя, гэта было цяжка зрабіць. Па два разы на тыдзень ездзіла ў Навагрудак, старалася купіць мяса і грэцкія арэхі.
І надалей Валерый Александроў выбраў для сябе гераічную прафесію: на працягу амаль 20 гадоў працаваў пажарным на Карэліччыне. Не толькі бачыў ахопленыя агнём дамы, але і заходзіў у іх, не думаючы пра сябе. Таму мужнасць, гераізм і самаадданасць – тое, што ляжыць у аснове кожнага дня з жыцця Валерыя Александрова.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий