С 1 апреля дорожники Кореличчины вступили в новый сезон
З 1 красавіка, калі ўсталявалася спрыяльнае для дарожнай рэабілітацыі надвор’е, у работнікаў Карэліцкага ДРБУ-158 распачаўся новы сезон, падчас якога будзе пакладзены не адзін кіламетр асфальту і добраўпарадкавана не адна вуліца Карэліччыны.
Першым аб’ектам, куды накіравалася брыгада работнікаў дарожнай арганізацыі, у якой працуюць майстар Мікіта Хмара, асфальтабетоншчыкі Дзмітрый Скобля і Яўгеній Качан, машыністы каткоў Алег Буцкевіч і Вячаслаў Кур’ян, тэхнік Аляксандр Кадлубай і машыніст асфальтаўкладчыка Георгій Бусько, стаў участак дарогі Н-6005 Карэлічы-Валеўка-Наваельня працягласцю 2,2 км, дзе будзе пакладзена новае асфальтабетоннае пакрыццё.
– Бягучы рамонт гэтага ўчастка аўтадарогі быў распачаты 5 красавіка. Да канца мая ён будзе здадзены ў эксплуатацыю. На першай захватцы, працягласць якой 500 метраў, былі праведзены разбівачныя работы і зрэзка завышаных ускрайкаў, старое асфальтабетоннае пакрыццё ачышчана ад пылу і бруду, выкананы ямачны рамонт і падгрунтоўка дарогі. Толькі пасля правядзення ўсіх гэтых работ можна прыступаць да выкарыстання гарачай асфальтабетоннай сумесі і ўкладкі новага асфальта. Такі комплекс мерапрыемстваў чакае ўвесь участак, – расказвае майстар Мікіта Хмара.
– Сёння самым галоўным фактарам для плённай працы дарожнікаў з’яўляецца надвор’е. А пакуль яно спрыяе, рамонтныя работы вядуцца не толькі на гэтым участку дарожнай сеткі Карэліччыны. З панядзелка прыступілі да добраўпарадкавання вуліц Перамогі і Маладзёжнай у г.п. Мір, – адзначае выконваючы абавязкі галоўнага інжынера Карэліцкага ДРБУ-158 Дзмітрый Макарчык. – Яшчэ адна задача, якая павінна быць вырашана да 7 мая, – падрыхтоўка мясцовых дарог да эксплуатацыі ў летні перыяд, што ўключае ў сябе ачыстку дарог ад смецця, дробны ямачны рамонт, прывядзенне ў належны стан дарожных знакаў і іншыя работы. Да таго ж, дарожнікі Карэліччыны плануюць прыняць удзел у добраўпарадкаванні г. Іўе, які стане месцам правядзення галоўнага абласнога аграрнага свята “Дажынкі-2018”.
Пералік плануемых для добраўпарадкавання аб’ектаў Карэліцкага ДРБУ-158 на 2018 год:
Капітальны рамонт участка аўтадарогі Н-6005 Карэлічы-Валеўка-Наваельня (4,9 км) запланаваны на чэрвень-верасень бягучага года.
Бягучы рамонт жвіравага пакрыцця ўчасткаў аўтадарогі Н-6189 Райца-Цырын-Навасёлкі, а дакладней км 25,9 – км 28,1; км 29,6 – км 30,1, які быў распачаты ў снежні 2017 года, завершыцца ў бягучым месяцы.
Бягучы рамонт участка аўтадарогі Н-6189 Райца-Цырын-Навасёлкі, а менавіта км 6,4 – км 8,3, запланаваны на ліпень-жнівень 2018 года.
На ўчастку аўтадарогі Н-6186 Мір-Жухавічы-Юравічы-Бурдзевічы, працягласцю 3 км, у маі-чэрвені бягучага года будзе праведзены бягучы рамонт.
Работы па бягучаму рамонту аўтадарогі Н-6192 Турэц-Ярэмічы-Скорычы, а дакладней км 1,1 – км 5,0, запланавана распачаць у чэрвені.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.