Зинаида Кужелевич из агр. Красное вспоминает о том, как раньше готовились к Пасхе

У жыцці, здараецца, сустрэнеш чалавека — і радуешся: сыходзіць ад яго велізарнае святло. Як ад сонца, якое асвятляе ўвесь зямны шар.

У перадсвяточны веснавы дзень разам з намеснікам старшыні СВК «Маяк-Заполле» па ідэалагічнай рабоце Вольгай Яўгеньеўнай Грыгаровіч завіталі да Зінаіды Фамінічны Кужалевіч, якая жыве ў доме нумар 54 па вуліцы Прыдаткі ў аграгарадку Краснае. Пацікавіліся ў жанчыны, як святкавалі раней у вёсцы адно з самых вялікіх свят у праваслаўным календары — Вялікдзень.

Адразу зазначу, што наша субяседніца — сумленная працаўніца, узнагароджана ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені.

— Да Вялікадня рыхтаваліся адказна, так было спрадвеку, — распавядае жанчына. — Усе святы вяскоўцы шанавалі, а вось гэтае — асабліва. Прыбіралі ў хаце, усе куткі ў хаце вычышчалі, а некаторыя гаспадыні нават клеілі новыя шпалеры і вешалі новыя занавескі на вокны. Подых свята адчуваўся ў вясковых дамах спаўна і ва ўсім, усе радаваліся надыходу вялікага дня — Уваскрэсення Хрыстова.

Пэўную ролю надавалі вяскоўцы і прыгатаванню ежы. З асноўных страў свята — печаныя булкі і пафарбаваныя яйкі. Пяклі пірагі і бабку — у першым выпадку мясілі цеста, а ў другім  яго пляскалі драўлянай лыжкай. Булкі выпякалі ў печах, якія трэба было напаліць бярозавымі дровамі. Яйкі фарбавалі ў  шалупінні ад цыбулі.

Субяседніца таксама нагадала пра тое, як маці рыхтавала мясныя пачастункі. Даставала салёнае сцягно, рэзала яго на кавалкі, затым тушыла мяса. Акрамя гэтага, былі на святочным стале мясная запяканка, тоўстая вясковая каўбаса, хрэн уласнага гатунку, салёныя агуркі.

Зінаіда Фамінічна памятае свята Вялікадня з самага дзяцінства. Яе маці з жанчынамі хадзілі на начную службу ў царкву. Асабліва засталіся ў памяці тыя моманты, калі раніцай  яны вярталіся дамоў. Дзеці ўжо не спалі, а чакалі іх з богаслужэння і глядзелі ў вокны. Прыходзіў доўгачаканы момант — уся сям’я садзілася за святочны стол. Напачатку ўсе частаваліся свянцоным яйкам, а затым іншымі стравамі. На першы дзень у госці не хадзілі, а  зрабіць гэта можна было ў наступныя дні.

Яшчэ існуе асаблівы рытуал гэтага вялікага свята тых часоў. Валачобнікі ходзяць ад хаты да хаты і ля вокнаў гаспадароў спяваюць святыя песні. Вяскоўцы чакаюць іх прыходу, стараюцца чымсьці аддзячыць — і ўсе радуюцца Вялікаму дню. Зінаіда Фамінічна нагадала радкі адной з іх:

«Вялік святы нам дзень настаў.

Ва Славу Богу васіяў.

Хрыстос Уваскрэс!

Хрыстос Уваскрэс!

Хрыстос Уваскрэс!..»

… Традыцыі прадаўжаюць жыць у народзе. Па-ранейшаму людзі спяшаюцца ў царкву, рыхтуюць стравы да святочнага стала, у некаторых населеных пунктах ходзяць валачобнікі… Добра, што ёсць такі дзень, калі мы можам падумаць аб сэнсе жыцця, пераасэнсаваць свае ўчынкі, а калі трэба, то штосьці змяніць да лепшага.

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота  Іны ЛЕЙКА.

Добавить комментарий