Кореличчина – в цветении садов и ученических успехов
Малады сад – сімвал адраджэння, сімвал новага пакалення, за якім — светлая будучыня краіны. Пасаджаныя маладыя яблынькі на прышкольнай тэрыторыі з кожным годам будуць расці, квітнець і плоданасіць, аберагаючы шчаслівае дзяцінства вучняў, якія ў сваю чаргу будуць радаваць значнымі дасягненнямі і поспехамі ў авалодванні ведамі.
Тры гады таму, у гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі, на тэрыторыі Турэцкай сярэдняй школы быў закладзены малады яблыневы сад. Гэта было сімвалічна: 70 мірных гадоў – 70 саджанцаў. У мінулым годзе яблыні далі першыя смачныя плады. Сёлета яны таксама ўсыпаны бялюткімі кветкамі.
Як і маладыя дрэўцы, Турэцкая сярэдняя школа квітнее выдатнікамі вучобы, якія сумленна крочаць па краіне ведаў. Дзякуючы прафесіяналізму настаўнікаў пачатковых класаў Таццяны Дзмітрыеўны Самец і Алены Аляксандраўны Гунько, стаж працы якіх перавышае 20 гадоў, вучні 3 і 4 класаў дасягаюць значных поспехаў у вучобе. Вучань 3 класа Вадзім Слюнкін на раённай алімпіядзе па беларускай мове заняў трэцяе месца, па рускай мове – чацвёртае. Выдатнік Максім Браўко, які вучыцца ў 4 класе, стаў чацвёртым у раённай алімпіядзе па беларускай мове. Дар’я Дубкова, вучаніца 4 класа, на дзіцячым раённым конкурсе “MissKids-2018” атрымала тытул “Міс крэатыў”, паспяховым было выступленне на III адкрытым фестывалі-конкурсе “Вясёлы Жужа” – дыплом I ступені. На раённым конкурсе размоўнага жанру з найлепшага боку паказалі сябе вучні Ксенія Грыц, Дар’я Дубкова і Карына Гімпель.
13 красавіка 2012 года ў рамках акцыі “Сад маёй мары” на тэрыторыі СШ №1 г.п. Карэлічы былі пасаджаны 150 маладых яблынек, якія сёння купаюцца ў квецені, а ўжо ў жніўні будуць радаваць кісла-салодкімі пладамі.
Так і вучні, якія калісьці скончылі школу, але вярнуліся ў родныя сцены, каб даваць плады абранай настаўніцкай прафесіі. Надзея Уладзіміраўна Урбановіч скончыла СШ №1 г.п. Карэлічы 15 гадоў таму. Школьныя гады пакінулі толькі самыя цёплыя пачуцці. Таму і пытанняў наконт таго, дзе працаваць настаўнікам англійскай мовы пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы, не ўзнікала. Безумоўна, у роднай школе. Зусім нядаўна Надзея Урбановіч заняла І месца ў раённым конкурсе па стварэнні электронных сродкаў навучання. “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.
Гонарам і радасцю Надзеі з’яўляецца дачка Ксенія, якая пайшла па матуліных кроках і сёння з’яўляецца вучаніцай 3 класа СШ №1 г.п. Карэлічы. Дзяўчынка добра вучыцца, займаецца ў танцавальным гуртку пра раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці, прымае ўдзел у школьных і раённых мерапрыемствах. Праз год 1 верасня другая дачка Надзеі Урбановіч Сафія пераступіць парог гэтай жа школы, каб разам з маладым садам расці і даваць выдатныя інтэлектуальныя плады.
Малады сад на тэрыторыі СШ №2 г.п. Карэлічы быў закладзены да знакавай гадавіны ўсяго беларускага народа – 70-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Зусім нядаўна маладыя яблыні і грушы стаялі ў беласнежнай квецені, рыхтуючыся даць сакавітыя плады.
Так і вучні школы радуюць настаўнікаў поспехамі і дасягненнямі. Класны кіраўнік 4 “Б” класа Алена Таадэраўна Жывень вельмі задаволена вынікамі адных з лепшых вучняў свайго класа: Германа Пятрасіка, які заняў І месца ў раённай алімпіядзе па матэматыцы, Станіслава Макарчыка, які стаў трэцім у раённай алімпіядзе па рускай мове і другім у абласным конкурсе-алімпіядзе “Школа бяспекі”, а таксама Дар’і Шах, Кацярыны Бусько і Уладзіслава Ульянкі, якія паказалі добрыя вынікі на школьных алімпіядах па розных прадметах.
Вось яна, падрастаючая інтэлектуальная квецень Карэліччыны.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.