В Кореличском районе почти 4 тысячи человек занимаются спортом

З нагоды Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту журналіст гутарыць з галоўным спецыялістам аддзела адукацыі, спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Мікалаем Мікалаевічам  БАРЭЙКАМ.

 — Мікалай Мікалаевіч, якая ўвага ўдзяляецца пытанням развіцця фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў раёне?

— Для заняткаў фізічнай культурай і спортам насельніцтву прадастаўлены 84 спартыўныя збудаванні: стадыён «Юнацтва» ў г. п. Карэлічы, 12 спартыўных залаў, 44 спартыўныя пляцоўкі, 8 футбольных палёў, 3 хакейныя каробкі, 16 прыстасаваных памяшканняў і трэнажорных залаў, 4 стралковыя ціры, 2 міні-басейны.

У зімовы перыяд ва ўстановах адукацыі заліваюцца хакейныя каробкі і каткі, пракладваюцца  лыжныя трасы. У г. п. Карэлічы функцыянуюць хакейная каробка і каток.

На стадыёне «Юнацтва» працуе пункт пракату спартыўнага інвентару і абсталявання. Ён прадастаўляе паслугі для шырокіх слаёў насельніцтва. У наяўнасці маюцца 60 пар канькоў, 42 пары лыж, ролікавыя канькі, палаткі, спальныя мяшкі, спартыўныя веласіпеды.

— Хто з’яўляецца прапагандыстамі фізічнай культуры і спорту ў раёне?

— У галіне фізічнай культуры і спорту працуе 46 штатных спецыялістаў: 21 з іх —            настаўнікі  фізічнай культуры, 9 трэнераў і кіраўнікоў дзяржаўнай установы «Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Карэліцкага раёна», 4 работнікі дзяржаўнай установы «Карэліцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб», 3 інструктары ў дзіцячых дашкольных установах, 4 выкладчыкі каледжа і ліцэя і 5 тэхнічных работнікаў.

— Наколькі ахвотна жыхары раёна займаюцца фізічнай культурай і спортам?

— Фізічнай культурай і спортам у раёне займаюцца амаль 4000 чалавек. Асноўная маса — навучэнцы агульнаадукацыйных школ, ліцэя і каледжа. У калектывах фізічнай культуры прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый раёна займаюцца каля 800 чалавек.

Пераможцамі раённага конкурсу на лепшую пастаноўку спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы сярод сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў сталі калектывы фізкультуры СВК «Свіцязянка-2003», СВК «Маяк-Заполле», КСУП «Лукі-Агра».

У аглядзе-конкурсе сярод прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў г. п. Карэлічы праведзена 11 спартыўна-масавых мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел 9 калектываў фізкультуры. Пераможцамі па выніках работы за 2017 год сталі калектывы фізкультуры Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Карэліцкага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, установы аховы здароўя «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца».

— Якая работа праводзіцца сярод моладзі?

— У праграме раённага агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы сярод навучальных устаноў штогод праводзяцца спаборніцтвы па хакеі на прыз клуба «Залатая шайба», па футболе на прыз клуба «Скураны мяч», па валейболе, шашках, шахматах, настольным тэнісе, лыжных гонках. Для дзяцей і падлеткаў, якія жывуць у сельскай мясцовасці, у праграме спартакіяды «Каласок» праходзяць  спаборніцтвы па хакеі, футболе і валейболе. Летась было праведзена 25 мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел 2248 чалавек.

Пераможцамі раённага агляду-конкурсу сярод устаноў адукацыі раёна сталі калектывы фізкультуры ДУА «Лукская сярэдняя школа», ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. п. Карэлічы», ДУА «Жухавіцкая сярэдняя школа».

У ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. п. Карэлічы» і ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. п. Карэлічы» функцыянуюць два спецыялізаваныя спартыўныя класы, у якіх 26 навучэнцаў займаюцца гандболам.

За 2017 год падрыхтавана 136 спартсменаў масавых разрадаў, адзін майстар спорту і 4 кандыдаты ў майстры спорту.

ДЮСШ па выніках выступлення на абласной спартакіядзе школьнікаў заняла другое месца сярод раёнаў трэцяй групы. Восем навучэнцаў раёна абаранялі гонар вобласці на рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў, з іх першыя месцы занялі Ілля Карабач (цяжкая атлетыка) і Ангеліна Цісевіч (гандбол), уладальнікамі бронзавых медалёў сталі Дзіяна Леановіч і Руслан Сіроцін (цяжкая атлетыка), Арцём Орсіч (бокс).

— Чым летась парадавала дарослае насельніцтва раёна ў спорце?

— Па выніках агляду-конкурсу сярод 17 сельскіх раёнаў Гродзенскай вобласці Карэліцкі раён заняў 4 месца. Паспяхова выступіў Аляксандр Чужаўка (СВК «Маяк-Заполле»), які стаў пераможцам рэспубліканскай спартакіяды сярод сельскіх жыхароў у спаборніцтвах па гіравым спорце. Мужчынская каманда заняла 3 месца ў абласных спаборніцтвах па футболе «Залаты колас», у абласной спартакіядзе сярод сельскіх жыхароў наш раён таксама на трэцім месцы. Каманды юнакоў па футболе і дзяўчат па валейболе занялі другія месцы ў абласной спартакіядзе «Каласок».

— Чаго чакаць жыхарам раёна на спартыўнай ніве ў бліжэйшы час?

— Зроблены першыя крокі па прыцягненні жыхароў раёна да здачы нарматываў Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь. У раённых спаборніцтвах прынялі ўдзел 2604 чалавекі, з іх 54 дарослыя ўдзельнікі, астатнія вучні ўстаноў адукацыі.

Неабходна больш актыўна праводзіць спартыўную работу ў працоўных калектывах, набываць спартыўны інвентар і абсталяванне. Ствараць спартыўныя клубы ў арганізацыях, установах, прадпрыемствах раёна.

З нагоды свята шчыра віншую ўсіх жыхароў раёна. Моцнага ўсім здароўя, бадзёрасці духу, аптымізму, даўгалецця, а аматарам спорту — новых вяршынь і перамог!

 

Галіна СМАЛЯНКА.

Добавить комментарий