В Кореличском районе в канун Дня Победы поздравили ветеранов Великой Отечественной войны
Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі, пачаліся на Карэліччыне ў пачатку тыдня. У панядзелак, 7 мая, у рамках рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае” на Карэліччыне прайшла аўтаакцыя “Гваздзіка”.
Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны гасцінна сустракалі моладзь у ваенных гімнасцёрках з гваздзікамі і віншавальнымі лістамі ў руках, з вуснаў якіх гучалі словы ўдзячнасці за цішыню і спакой на роднай зямлі.
Рухаючыся па маршруце аўтаакцыі “Гваздзіка”, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Л. М. Шэўка, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК І. Л. Пянькоўская, старшыня Маладзёжнага савета Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў А. У. Басюк, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Я. А. Пархамовіч і намеснік старшыні СВК “Маяк-Заполле” па ідэалагічнай рабоце В. Я. Грыгаровіч наведалі ўдзельнікаў вайны з г.п. Карэлічы і Красненскага сельсавета: ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны П. І. Шэўку, А. Я. Грышыну і У. К. Пліско, блакадніцу З. П. Ляшчынскую, партызанскую сувязную Н. П. Кужалевіч і Г. Д. Бязмен, якая падчас вайны працавала ў тыле.
– Мы, пасляваеннае пакаленне, удзячны вам за тое, што нам не давялося пачуць грукат ваеннай тэхнікі і ўбачыць жахлівыя карціны баявых дзеянняў. Ваша мужнасць і вытрымка назаўсёды стануць прыкладам патрыятызму для будучых пакаленняў, – выказала словы ўдзячнасці ветэрану вайны П. І. Шэўку Лідзія Шэўка. – Дзякуй вам, Пётр Іосіфавіч, за мір і спакой, квітнеючы май і Дзень Перамогі.
Падчас правядзення аўтаакцыі “Гваздзіка” яе ўдзельнікі аддалі даніну павагі ўсім тым, хто мужна абараняў Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, але так і не дачакаўся пераможнага мая. Да падножжа мемарыяльнага комплексу “Зорка”, помнікаў салдатам, загінулым у час Вялікай Айчыннай вайны, у агр. Краснае і в. Тударава ўдзельнікі аўтаакцыі ўсклалі кветкі.
– Страшэнныя падзеі вайны не павінны быць забыты. Гэта наш агульны боль, які не павінен паўтарыцца, – звярнуліся да родных ветэранаў і жыхароў Карэліччыны члены Маладзёжнага савета Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў, уручаючы ім паштоўкі “Памятайце”.
Удзельнікі другога маршруту аўтаакцыі «Гваздзіка» ў рамках рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае» — начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Іна Міхайлаўна Санчук, начальнік адасобленай групы (Карэліцкага раёна) ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Сяргей Аляксандравіч Шалін, член Маладзёжнага савета Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Анастасія Аляксандраўна Красноўская — наведалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Мірскага і Жухавіцкага сельсаветаў.
Уладзімір Данілавіч Буй з г. п. Мір сустракаў удзельнікаў акцыі ў прыўзнятым настроі. Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, ветэран вайны займае актыўную жыццёвую пазіцыю — удзельнічае ў грамадскім жыцці раёна, пра спакой не думае. Святочныя мерапрыемствы ў райцэнтры з нагоды Дня Перамогі наведвае кожны год. «І гэты год будзе не выключэннем», — сказаў ветэран.
Клара Аляксандраўна Нянашава таксама была рада гасцям. З задавальненнем расказвала пра дзяцей і ўнукаў, зараз жыве з дачкой Зояй. Па-ранейшаму ветэран вайны не можа сядзець склаўшы рукі — хоць у нечым стараецца дапамагчы дачцы па дому. «Мы хочам, каб ніколі не было вайны на зямлі», — пажадалі жанчыны гасцям на развітанне.
У Міры наведалі таксама Паўла Іосіфавіча Бычко. Ветэран вайны не хаваў радасці сустрэчы і запрасіў у дом, дзе спяшаўся падзяліцца найдаражэйшым скарбам — фотаздымкамі, на якіх ён з супрацоўнікамі Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Падшэфнага ветэрана не забываюць і вучні мясцовай школы. Павел Іосіфавіч займаецца агародам, расце вінаград і цвітуць цюльпаны.
У Аюцавічах удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі ля помніка загінулым воінам у гады вайны. У гэтым населеным пункце наведалі ветэрана вайны Міхаіла Мікалаевіча Харуту. Чалавек паважанага ўзросту акружаны ўвагай дачок Тамары і Таісіі, якія клапоцяцца пра бацьку, які падарыў ім жыццё і быў змагаром за мір на зямлі.
Што такое вайна, Казімір Адамавіч Рамановіч з вёскі Бурдзевічы Жухавіцкага сельсавета ведае не па чутках. Ветэрану вайны і сёння часта ўспамінаюцца тыя далёкія страшныя гады ліхалецця. «Няхай вайна ніколі не паўторыцца», — сказала падчас сустрэчы яго спадарожніца жыцця Браніслава Іванаўна.
Ветэрана вайны Вольгу Іосіфаўну Хіневіч з вёскі Кожава Жухавіцкага сельсавета засталі дома. Яна нядаўна прыехала дамоў ад пляменнікаў з Мар’інай Горкі, дзе прабыла зіму. «Свая хатка як родная матка», — сказала жанчына, калі завялі размову пра яе сённяшняе жыццё. Яна ні на нікога і ні на што не скардзіцца. Ды, відаць, і няма за што: да ўсяго прыкладзены клапатлівыя рукі сваякоў — у хаце і на двары адмысловы парадак.
Сустрэча з Міхаілам Цімафеевічам Забенькам з вёскі Трашчычы пакінула ў душы цёплыя ўспаміны — у ветэрана вайны шмат пазітыву, якога хапае на ўсіх і надоўга. З задавальненнем ён расказваў пра настаўніцкую працу, успамінаў жонку Антаніну Палікарпаўну, з якой пражыў больш шасцідзесяці гадоў і выхаваў трох сыноў. Ветэран вайны — за здаровы лад жыцця і жыццё ў сельскай мясцовасці, што, па яго меркаванні, дабаўляе гадоў чалавеку.
Сем адрасоў, сем сустрэч, сем лёсаў… Непадобныя адзін на другі, але іх аб’ядноўвае адно: усе прайшлі праз жахі вайны і не хочуць, каб яна паўтарылася. Удзельнікі акцыі дзякавалі ветэранам вайны, уручалі паштоўкі, кветкі, выказвалі шчырыя словы ў іх адрас. Няхай гэтыя пажаданні збудуцца, і радасць сустрэчы напоўніць іх сэрцы цяплом і дабром.
Аксана ЯНУШ, Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Аксаны ЯНУШ і Анастасіі КРАСНОЎСКАЙ.