Белае золата «Маяка»
Падвядзенне вынікаў работы жывёлаводаў раёна за пяць месяцаў бягучага года дае поўнае права лічыць СВК “Маяк-Заполле” адной з лепшых гаспадарак Карэліччыны ў галіне жывёлагадоўлі.
Асноўныя вытворчыя паказчыкі з’яўляюцца яскравым пацверджаннем гэтага: па стану на 1 чэрвеня 2018 года валавая вытворчасць малака склала 4667,9 тон, альбо 104,1 % да адпаведнага перыяду 2017 года. Па выніках пяці месяцаў бягучага года ў гаспадарцы ад адной умойнай каровы надоена 3154 (+123) кілаграма малака, што з’яўляецца станоўчым прыкладам для многіх сельгаспрадпрыемстваў Карэліччыны.
У чым жа поспех стабільна высокіх паказчыкаў гаспадаркі, сакрэт вялікага малака СВК “Маяк-Заполле”?
– Абсалютна ніякіх сакрэтаў мы не маем, а карыстаемся агульнавядомымі ісцінамі, у аснове якіх ляжаць штодзённая адказная праца работнікаў ферм, правільна складзены рацыён жывёл і ўмовы іх утрымання, да паляпшэння якіх мы сёння імкнёмся, – адзначае загадчык МТФ “Паланая” Генадзій Эдуардавіч Арабей.
Выдатным прыкладам не толькі адказнага стаўлення да выканання даручанай справы, але і любові да абранай прафесіі з’яўляецца звяно МТФ “Паланая” па аднаўленню статка, якое за лепшы паказчык у раёне было ўзнагароджана дыпломам Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта. Лепшы ж паказчык Карэліччыны ў гэтым напрамку гучыць так: 96% аднаўлення статка на 100 кароў.
– Я вельмі люблю сваю працу. Да таго ж яна прыносіць бачны вынік. Вось ён, – паказваючы на цялят, з усмешкай адзначае заатэхнік-селекцыянер МТФ “Паланая” Анастасія Антонаўна Філатава, якая з’яўляецца кіраўніком групы па аднаўленню статка. Ветфельчар Васілій Васільевіч Чубрык і тэхнік-асемянатар Марыя Аляксандраўна Трусевіч таксама прыкладаюць усе намаганні, каб кожны месяц на ферме нараджалася як мага больш цялят.
Для таго, каб усе нованароджаныя з першых дзён жыцця і да двухмесячнага ўзросту знаходзіліся ў камфортных умовах, была праведзена рэканструкцыя цялятніка №1 на 40 галоў, пабудаваны цялятнік №2 на 36 галоў. Але на сённяшні дзень існуе патрэбнасць у месцы для дадатковых індывідуальных клетак для маладняку. Менавіта таму ў планах кіраўніцтва СВК “Маяк-Заполле” будаўніцтва трэцяга цялятніка, пасля ўвядзення якога ўсе цяляты будуць забяспечаны асабістай жыллёвай плошчай.
Паступова паляпшаюцца ўмовы ўтрымання і дойнага статка на МТФ “Паланая”.
– Летам 2016 года была праведзена рэканструкцыя кароўніка №1. На сённяшні дзень такія ж змены адбываюцца на кароўніку №2, – расказвае загадчык фермы. – Ужо заменены вокны і дзверы будынка, часткова мадэрнізавана сістэма падвядзення вады да паілак, некаторыя з якіх маюць электрападагрэў. Да таго ж запланаваны комплекс унутраных работ, які прывядзе да паляпшэння ўтрымання кароў і, як вынік, да павелічэння надояў.
Апошнія ў сваю чаргу знаходзяцца ў прамой залежнасці ад рацыёну жывёл, якому на МТФ “Паланая” ўдзяляецца вялікая ўвага. Для дойнага статка прадугледжана наступнае сутачнае меню на адну ўмоўную карову: 12 кілаграмаў сенажу, 12 кілаграмаў сіласу, 6-8 кілаграмаў камбікорму і 12 кілаграмаў зялёнай масы, якая надае асаблівы смак корму ў летні перыяд. Плюс вітаміны, бялковая сыравіна, жмых, іншыя дабаўкі, у выніку чаго атрымліваецца збалансаванае харчаванне для кожнай рагулі.
Сёння каровы ўжываюць у ежу сянаж і сілас, якія былі закладзены ў мінулым годзе. Але мы ўжо пачалі рыхтавацца да будучай зімы. Вядзецца закладка сенажу з першага ўкосу, – дзеліцца Генадзій Эдуардавіч Арабей. – 5 траншэй, кожная з якіх аб’ёмам ад 1,5 да 3 тысяч тон, – тая неабходная колькасць корму, якая дазволіць жывёлам адчуваць сябе сытымі і задаволенымі на працягу зімовых месяцаў.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.