У этнавёсцы «Белыя Лугі» сабраліся члены ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і маладыя літаратары

Шмат маляўнічых куточкаў на карэліцкай зямлі. Для тых, хто нарадзіўся і вырас тут, — гэта блізкія сэрцу мясціны. Успаміны хваляююць па-асабліваму, і да іх чалавек вяртаецца зноў і зноў. Каб сэрцам дакрануцца да роднага і блізкага — наталіцца водарам свежага паветра, палюбавацца блакітам неба, адчуць на сабе промні яркага сонейка, прыязджаем на маленькую радзіму.

Невыпадкова ў адзін з чэрвеньскіх дзён на Карэліччыну завітаў наш славуты зямляк — кандыдат філалагічных навук, дацэнт, старшыня прыёмнай камісіі ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Уладзімір Аляксандравіч Навумовіч. Прыехаў разам з вядомымі і маладымі літаратарамі, каб не толькі сустрэцца з кравідамі роднага краю, раздзяліць гэту радасць з сябрамі па пяру, а менавіта тут звярнуцца да Яго Вялікасці Слова.

«Малая радзіма пісьменніка» — тэма семінара, які праводзіўся ў этнавёсцы Белыя Лугі Карэліцкага раёна. «Маці калісьці спявала песню і прала кужаль. Каб не забыць матчыну песню і адчуваць повязь часу, прывёз вас сюды», — сказаў напачатку творчай сустрэчы яе кіраўнік. І сапраўды: творцы  знаёміліся з прадметамі беларускага побыту далёкіх часоў, адчувалі атмасферу і подых вёскі. Яны наталяліся навакольнымі краявідамі — дыхалі на поўныя грудзі і адпачывалі ад гарадской мітусні.

Наш славуты зямляк, дацэнт Белдзяржуніверсітэта Уладзімір Аляксандравіч Навумовіч правёў змястоўную гутарку па тэме этнічнай гісторыі Беларусі.

Бадай, самым захапляючым момантам творчага семінара стаў паэтычны турнір маладых літаратараў. Паэты чыталі вершы і расказвалі пра сябе — і слухаць іх хацелася. За кожным вершам і кожным радком — душа аўтара, яго эмоцыі і перажыванні. І, вядома, жыццё, у кожнага сваё. Як і слова, якое ўскалыхвала па-свойму. Хочацца спадзявацца, што іх творы ўбачаць свет і прыдуцца даспадобы чытачам.

Слова трымала таксама член Саюза пісьменнікаў Беларусі, жыхарка г.п. Карэлічы Святлана Андрэеўна Кошур. Наша зямлячка павітала творцаў на карэліцкай зямлі, якая апета пісьменнікамі і паэтамі, і пазнаёміла з адной са сваіх кніг «Залатая падкова Свіцязі». «Каб палёт душы ніколі не прыпыняўся, і каб крылы натхнення ўзнімалі паэзію да вышыні неба», — пажадала яна гасцям.

Хочацца спадзявацца, што маладыя і вядомыя літаратары не толькі змаглі наталіцца  краявідамі карэліцкай зямлі, але атрымалі шмат карыснага ў пазнавальным плане, многія адкрылі для сябе новую тэму. Нездарма Карэліччына з’яўляецца маленькай радзімай для многіх славутых творцаў: Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка, Яна Чачота, Адама Міцкевіча, Ігната Дамейкі, Вольгі Іпатавай, Міколы Бусько, Анатолія Смалянкі і іншых. Верыцца, гэты залаты спіс будзе прадоўжаны…

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Аксаны ЯНУШ.

Добавить комментарий