«Поздравляем! Вы зачислены!»: выпускники школ Корреличчины о выборе ВУЗа

У той час, пакуль большасць школьнікаў атрымліваюць асалоду ад бесклапотнага летняга адпачынку, учарашнія выпускнікі знаходзяцца ў некаторым напружанні. Здаўшы цэнтралізаванае тэсціраванне і атрымаўшы пэўную колькасць балаў, яны робяць адзін з галоўных крокаў у сваім жыцці – вызначаюцца з будучай прафесіяй.

 Некаторыя з нядаўніх адзінаццакласнікаў ужо пачулі доўгачаканае: “Вы залічаны!”. Іншыя знаходзяцца зусім побач з такой значнай падзеяй у жыцці кожнага абітурыента.

Кім жа бачаць сябе ў будучыні выпускнікі карэліцкіх школ і чаму яны абралі менавіта гэты шлях, паспрабуем даведацца з першых вуснаў, а менавіта са слоў учарашніх выпускнікоў Карэліччыны.

Ірына Краскоўская, выпускніца СШ №1 г.п. Карэлічы:

– Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання і сярэдняга бала атэстата я атрымала крыху больш за 300 балаў. Гэтай колькасці аказалася дастаткова, каб я была залічана ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці сучасныя замежныя мовы. Мая будучая прафесія – выкладчык-перакладчык.

Я вельмі люблю падарожнічаць, адкрываць для сябе новыя краіны і месцы, у чым, несумненна, дапамагае веданне замежных моў. А яшчэ з павагай стаўлюся да працы настаўніка альбо выкладчыка, які дзеліцца ведамі і расшырае светапогляд вучняў ці студэнтаў.

 

 

 

Аляксандра Царук, выпускніца СШ №1 г.п. Карэлічы:

– Калі падсуміраваць сярэдні бал атэстата і вынікі ЦТ па трох прадметах, я набрала больш за 280 балаў.

Апошні школьны год быў для мяне часам разважання: “Куды паступаць?”. У рэшце рэшт вызначылася і выбрала спецыяльнасць “выдавецкая справа”. Таму і вырашыла паступаць у Беларускі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт.

Чаму выдавецкая справа? На мой погляд, гэта цікавы і неабходны від чалавечай дзейнасці: нягледзячы на ўсеагульную камп’ютарызацыю, друкаваная прадукцыя карыстаецца і будзе карыстацца попытам.

 

 

 

Дзмітрый Лейка, выпускнік СШ №2 г.п. Карэлічы:

– Цэнтралізаванае тэсціраванне я здаваў па трох прадметах – фізіцы, матэматыцы і рускай мове. Мой агульны вынік атрымаўся больш за 230. Для паступлення выбраў інжынерна-педагагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Я лічу, што абраная мною прафесія праграміста надзвычай запатрабаваная ў ХХІ стагоддзі, бо без камп’ютараў, ноўтбукаў і іншых дэвайсаў сваё жыццё ніхто ўявіць ужо не можа.

Сёння, развітаўшыся са школай, добра разумею, якую моцную базу ведаў атрымаў за 11 гадоў навучання ў СШ №2 г.п. Карэлічы, за што вельмі ўдзячны  сваім настаўнікам.

 

 

Любоў Адамцэвіч, выпускніца СШ №2 г.п. Карэлічы:

–  Сваю будучыню хачу звязаць з медыцынай, таму вырашыла паступаць на  факультэт лячэбнай справы ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.

У школе вельмі любіла біялогію. Мне здаецца, што лячыць і дапамагаць людзям — высакародная справа, якая заўсёды будзе неабходна людзям.

Безумоўна, непасрэднаму моманту залічэння ў ВНУ папярэднічала шмат намаганняў і старанняў: выпускныя экзамены, цэнтралізаванае тэсціраванне, напружаныя гадзіны чакання. І сёння я вельмі задаволена, што наперадзе мяне чакае, можа, і складанае, але такое доўгачаканае студэнцкае жыццё.

Запісала Аксана ЯНУШ.

Фота з сямейных архіваў І. КРАСКОЎСКАЙ,

А. ЦАРУК і архіва рэдакцыі.

Добавить комментарий