В Березовце можно ставить памятник последнему белорусскому туру
У Карэліцкім раёне пачаўся новы сезон археалагічных раскопак па вывучэнню гарадзішча XVI-XVII стагоддзяў, якое размешчана недалёка ад вёскі Беразавец. Як сведчаць летапісы, тут некалькі стагоддзяў таму размяшчаўся драўляны замак, які належаў Яну Кміце.
Супрацоўнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Наталля Пачобут працуе на раскопках у Беразаўцы з 2013 года, вывучае архівы, па крупіцах збірае гісторыю замка Кміты.
— Наталля Аляксандраўна, што вядома пра замак?
— У пісьмовых крыніцах дакладна ўказана, што ў 1562 годзе гэты замак гарэў, — расказвае навуковец. — Яго ўладальнік, Ян Кміта Стратовіч Беразавецкі, скардзіцца каралю на сваю бяду. Тады ж агонь знішчыў усе граматы на яго ўладанні, у тым ліку на маёнткі Беразавец, Крынкі, Узда і іншыя.
Значыць замак быў пабудаваны яшчэ да пажару, дзесьці ў пачатку XVI стагоддзя. Хаця знойдзеная тут кераміка адрасоўвае нас да канца XV стагоддзя.
Інвентар 1636 года сведчыць, што ў той час замак адышоў да Радзівілаў і быў у дрэнным стане. У дакуменце значыцца, што ён меў тры драўляныя вежы, а вось сцены былі напалову разбураны. Вакол збудавання тады знаходзілася забалочаная частка Сэрвачы, таму да замка ад Крынак вёў перакідны мост. Тут знаходзіліся і тры вялікія дамы, у адным з якіх жылі гаспадары. На тэрыторыі былі царква, піўніца. Кухня прымыкала да аднаго з дамоў. На жаль, падзеі Першай сусветнай вайны негатыўна паўплывалі на стан гарадзішча. Тут якраз праходзіла лінія фронту, таму культурны слой значна пашкоджаны і выяўляецца толькі месцамі. З дапамогай геамагнітнай разведкі археолагі вызначаюць тыя месцы, дзе можна знайсці і падняць на паверхню сведак мінулага.
— Якія задачы ставіць перад сабой экспедыцыя на сённяшні дзень?
— Шукаем, у першую чаргу, апоры пад мост. У мінулым годзе мы знайшлі слуп дыяметрам больш 50 см. Мяркуем, што гэта і ёсць адна з апор. Раскапалі і аснаванне пад печ — некалькі вялікіх камянёў. Шмат рэшткаў цэглы і пячной кафлі. Пакуль гэта матэрыял, які адносіцца да канца XVI — пачатку XVII стагоддзяў. Магчыма, ніжэй трапім на артэфакты пачатку XVI стагоддзя.
— Хто ў гэтым годзе праводзіць даследаванні гарадзішча?
— Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей сумесна з Цэнтрам беларускай культуры, мовы і літаратуры, які прадстаўляе старшы навуковы супрацоўнік Леанід Уладзіміравіч Калядзінскі, археолаг з 40-гадовым стажам работы.
Таксама ў экспедыцыі працуюць дюдзі, якія маюць вялікі вопыт археалагічных даследаванняў у складзе экспедыцый пад кіраўніцтвам Леаніда Уладзіміравіча Калядзінскага. Сярод іх школьныя настаўнікі, бізнэсоўцы, студэнты. Яны па закліку сэрца займаюцца гэтай работай.
Значную дапамогу ў арганізацыі нашага быту аказвае Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт у асобе намесніка старшыні Руслана Юр’евіча Абрамчыка. Удзячны мы і кіраўніцтву КУСП «Чарняхоўскі-Агра» за прадастаўленае гарачае харчаванне.
На некалькі пытанняў журналіста адказаў і Леанід Уладзіміравіч Калядзінскі.
— Леанід Уладзіміравіч, чым цікавыя знаходкі апошніх гадоў?
— У 2015 годзе мы выявілі месцазнаходжанне дзвюх печаў: адна XVI стагоддзя, другая — пачатку XVII ст. Прычым гэтыя печы былі пабудаваны адна над другой. Значыць і дамоў было два: ранейшай пабудовы і пазнейшай.
На селішчы знайшлі кераміку турэцкай вытворчасці, што сведчыць аб актыўных гандлёвых зносінах. У Слуцку раней працаваў вялікі кірмаш, куды транзітным шляхам дастаўляліся розныя тавары. Трапіліся нам некалькі манет, рэшткі печы і драўлянага збудавання. Самая каштоўная знаходка — гэта свінцовая пячатка, якая датуецца XVI стагоддзем. Спадзяюся, што з часам зможам выявіць яе ўладальніка. Акрамя гэтага, знайшлі шыкоўны набор пячной кафлі з выявамі біблейскіх сюжэтаў: Хрыста, архангела Міхаіла, анёлаў і іншых. Наканечнікі стрэл, рэшткі ўзбраення, цясак, ключы, замкі, шмат костак дамашніх і дзікіх жывёл, што гаворыць аб развіцці жывёлагадоўлі і палявання. Самая цікавая знаходка — косці тура. Дарэчы, апошняму туру, які быў забіты недзе ў XVII стагоддзі, на тэрыторыі Польшчы пастаўлены помнік.Тур быў знішчаны на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў эпоху Сярэднявечча (дзесьці ў XV стагоддзі). Як паказалі раскопкі, у Беразаўцы туры вадзіліся яшчэ ў XVI стагоддзі. Так што і ў Беразаўцы можна паставіць помнік апошняму туру на Беларусі.
Цікавыя косткі ваўка, прычым вельмі старога. Відаць, ён прыйшоў да замка пахарчавацца, дзе яго і забілі. Шмат костак акунёў, якіх лавілі ў Сэрвачы. Гэтыя знаходкі даюць нам уяўленне аб тым, як жылі, чым харчаваліся нашы продкі.
Чаму археалагічны комплекс «Беразавец» унікальны? Акрамя замка, тут яшчэ існаваў двор, дзе жылі сяляне. У 2015-2016 гадах мы праводзілі шурфоўку ў самой вёсцы Беразавец непадалёку ад царквы, дзе была сядзіба Лукомскіх. Там таксама прысутнічае даволі значны культурны пласт. Быў знойдзены фрагмент пярсцёнка і манета XIX стагоддзя. З цягам часу раскопкі будзем пашыраць і атрымаем цікавы малюнак: замак, двор і вёска Беразавец, якая згадваецца ў пісьмовых крыніцах з XV ст.
— Ці займаюцца навукоўцы распрацоўкай эскізу замка?
— Існуюць пісьмовыя звесткі, якія называюцца «Інвентары замка Беразавец». На падставе гэтага інвентара і дадзеных раскопак зараз робіцца 3D-рэканструкцыя замка. Думаю, з цягам часу ў грамадскасці з’явіцца магчымасць убачыць яе ў шырокім доступе.
— Якія турыстычныя перспектывы мае Беразавец?
— Безумоўна, вельмі значныя. Яго неабходна ўключыць у турыстычны маршрут Нясвіж-Мір-Наваградак. Каб зацікавіць турыстаў, тут трэба зрабіць невялікую рэканструкцыю пабудоў. Паставіць макет замка, перакіднога маста. Гэта не будзе парушаць гістарычны помнік, і разам з тым прыцягне турыстаў. Можна наладзіць і выпуск сувеніраў, накшталт тых, што мы знаходзім. Гэта будзе прыносіць пэўны прыбытак. Спадзяюся, у верасні з’явіцца інфармацыйны стэнд, які будзе ўстаноўлены пры ўездзе ў Беразавец з выявай замка Кміты.
Усяго за гадзіну гутаркі з журналістам археолагі знайшлі 10 кілаграмаў керамікі канца XV-пачатку XVI стагоддзяў. Гісторыкам трапіліся рэшткі венчыка кухоннага гаршка, металічная ручка ад патэльні, тачыльны брусок, два нажы, дужка ад замка.
Іна ЛЕЙКА.
Фота аўтара.