Три новеньких комбайна скоро начнут жатву в Кореличском районе
Праз некаторы час, які ў значнай ступені будзе вызначаны ўмовамі надвор’я, для аграрыяў Карэліччыны пачнецца важная пара – уборачная кампанія-2018. Менавіта яна падвядзе канчатковую рысу пад шматмесячнай працай хлебаробаў раёна.
Для таго, каб хутка і якасна ўбраць збожжавыя, сёння да ўборачнай сур’ёзна рыхтуюцца ўсе сельгаспрадпрыемствы Карэліччыны. Безумоўна, працэс падрыхтоўкі да жніва – справа не аднаго дня. Таму такія буйнейшыя гаспадаркі раёна, як СВК “Жухавічы”, ДП “Лукі-Агра”, СВК “Свіцязянка-2003”, СВК “Маяк-Заполле”, ужо падчас пасяўной глядзелі далёка наперад і пачалі набываць неабходныя дэталі для зернеўборачнай тэхнікі.
– На сённяшні дзень агульнараённы паказчык гатоўнасці камбайнаў да выхаду на ўборачную страду складае 71%. У асобных гаспадарках ён на ўзроўні 85-90%, у іншых – 65%. Усё залежыць ад фінансавых магчымасцей таго ці іншага сельгаспрадпрыемства, – адзначыў вядучы спецыяліст аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сяргей Мікалаевіч Гавіна. – Да падрыхтоўкі камбайнаў неабходна падыходзіць з поўнай адказнасцю. Тут не можа быць дробязяў. Як і ў любой тэхніцы, кожная шрубка павінна быць на сваім месцы. Да таго ж зернеўборачны камбайн працуе толькі месяц за ўвесь год, але за гэты час ён выкладваецца на поўную моц. Таму ў самы адказны момант тэхніка не павінна падвесці.
Усяго ў гаспадарках раёна налічваецца 89 камбайнаў, з якіх 13 замежных “Лексіёнаў” і 8 “Джон-Дзіраў”. Уся астатняя тэхніка айчыннай вытворчасці, дзе перавага аддадзена “Палессю КЗС-1218”, колькасць якіх складае 45 адзінак. Па словах Сяргея Гавіны, імпартныя камбайны нязначна адрозніваюцца ад беларускіх па прадукцыйнасці і якасці працы. У той жа час іх рамонт і абслугоўванне абыходзіцца дастаткова дорага.
Ва ўборачнай кампаніі бягучага года ўпершыню прымуць удзел тры новенькія зернеўборачныя камбайны “Палессе КЗС-1218”. СВК “Свіцязянка-2003” набыў дзве новыя адзінкі тэхнікі. Да пачатку ўборачнай у СВК «Жухавічы» плануюць набыць новы камбайн айчыннай вытворчасці. ДП “Лукі-Агра” таксама можна павіншаваць з папаўненнем машынна-трактарнага парку. Каб зрабіць гэта асабіста, адпраўляемся ў “Лукі-Агра”. Вось ён, магутны камбайн, які зіхаціць на сонцы і чакае свайго першага выхаду на хлебную ніву. Хто ж сядзе за штурвал новенькай тэхнікі?
– Вельмі прыемна, што менавіта мне даручылі працаваць на новым “Палессі”. У той жа час адчуваю адказнасць і хваляванне, – падзяліўся Алег Мікалаевіч Шастакоў, для якога гэта будзе трэці сезон на ўборачнай страдзе. Першыя два ён працаваў у якасці памочніка камбайнера. Агульны ж стаж працы Алега Шастакова, які нарадзіўся ў в. Асташын, больш дзесяці гадоў.
Загадчык мехмайстэрнямі ДП “Лукі-Агра” Юрый Міхайлавіч Трыбуць станоўча ахарактарызаваў маладога працаўніка:
– Працуе заўсёды старанна і адказна, добра зарэкамендаваў сябе, ніякіх заўваг ніколі не было. Менавіта таму Алегу Шастакову выпаў гонар працаваць на новай тэхніцы. Упэўнены, што ён зможа здзяйсніць шмат працоўных подзвігаў.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.