Центр коррекционно-развивающего обучения и реабилитации Кореличского района празднует 15-летие

26 жніўня свой юбілей адзначае ўстанова, якая ўжо на працягу пятнаццаці гадоў дапамагае дзецям, якія патрабуюць трошкі больш увагі, чым іншыя. Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі – месца, дзе ведаюць: усе дзеці аднолькавыя. Мы пагутарылі з дырэктарам установы Аленай Аляксандраўнай Ашманкевіч і пераканаліся ў тым, што гэта сапраўды так.

– Алена Аляксандраўна, як і калі пачаў сваю працу карэкцыйны цэнтр?

– Ініцыятыва належала аддзелу адукацыі Карэліцкага райвыканкама. Пятнаццаць гадоў таму карэкцыйна-развіваючыя цэнтры ствараліся ва ўсіх раёнах і таму наш не стаў выключэннем. Першапачаткова ва ўстанове было ўсяго чатыры чалавекі: дырэктар, сацыяльны педагог і два настаўніка-дэфектолага. У той час мы працавалі яшчэ на базе паліклінікі і займалі ўсяго два кабінеты. І толькі ў 2007 годзе мы пераехалі па адрасе: вул. Гагарына, д. 4, дзе знаходзімся і зараз.

– Як дзеткі трапляюць да вас?

– Мы цесна супрацоўнічаем з навучальнымі ўстановамі адукацыі раёна, УАЗ “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца”. Праводзім дыягнастычную і кансультатыўную работу з педагагічнымі работнікамі і бацькамі дзяцей, якім неабходна дапамога спецыялістаў.

– Якая асноўная функцыя карэкцыйнага цэнтра?

– Своечасовае выяўленне дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця для вызначэння формы аказання дапамогі. За навучальны год намі абследуецца да 600 дзетак рознага ўзросту: ад немаўлят да 17-18-гадовых юнакоў і дзяўчат.

– Якія дзеці атрымліваюць дапамогу ў цэнтры?

– Хлопчыкі і дзяўчынкі ад 4 да 11 гадоў, якія маюць свае асаблівасці ў псіхафізічным развіцці і навучаюцца па спецыяльнай адукацыйнай праграме ў дашкольнай групе і двух класах. Зараз у нас дванаццаць дзяцей, сярод якіх тры атрымліваюць дапамогу на даму.

– Як складаецца жыццёвы шлях навучэнцаў пасля заканчэння навучання?

– Рабяты накіроўваюцца ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. За 15-гадовую гісторыю існавання ўстановы адукацыі было 5 выпускнікоў. Трое з іх зараз наведваюць дзённае аддзяленне для дзяцей-інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

– Як будуецца ваша праца з бацькамі?

– Мы працуем у цесным супрацоўніцтве з бацькамі: праводзім бацькоўскія сходы, круглыя сталы, семінары, трэнінгі, дзе расказваем аб дасягненнях дзяцей, разам вызначаем шляхі далейшай сумеснай працы. У сваю чаргу бацькі дзеляцца з педагогамі асабістым вопытам выхавання.

– Каб працаваць з асаблівымі дзецьмі, трэба мець патрэбную адукацыю і добрую кваліфікацыю. Раскажыце аб сваім калектыве.

– Калектыў установы налічвае дваццаць работнікаў. Большасць з іх мае вышэйшую спецыяльную адукацыю. Акрамя таго, педагогі пастаянна павышаюць свой прафесійны ўзровень: займаюцца самаадукацыяй, удзельнічаюць у семінарах, канферэнцыях. Але ўсіх іх аб’ядноўвае адзінае – любоў да дзяцей.

– Як вы адносіцеся да інклюзіўнай адукацыі, калі дзеці з асаблівасцямі навучаюцца разам з астатнімі?

– У першую чаргу, гэты працэс трэба пачынаць з самога грамадства. Часта да інклюзіі не гатовы менавіта бацькі, пры тым нягледзячы на тое, што іх дзіця абсалютна аднолькава ўспрымае і здаровых аднакласнікаў, і тых, якім патрэбна дапамога. Таму трэба як мага больш аб гэтым гаварыць, часцей весці размовы ва ўстановах адукацыі і даводзіць да людской свядомасці добразычліваць і неабходнасць талерантных адносін. Трэба зразумець: нашы адносіны да іх – гэта, у першую чаргу, адлюстраванне ўнутранага свету кожнага. Сумесна з установамі адукацыі мы праводзім розныя мерапрыемствы, накіраваныя на талерантнае ўзаемадзеянне звычайных дзяцей і дзяцей з асаблівасцямі. Напрыклад, усім вельмі спадабалася раённая спартландыя “Вместе мы сильнее”, творчыя выставы работ навучэнцаў з асаблівасцямі развіцця. Хочацца верыць, што ў нашым грамадстве адбудуцца станоўчыя змены ў плане добразычлівых адносін і безбар’ерных, даступных умоў для жыцця дзяцей з інваліднасцю.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара і з архіва газеты «Полымя»

Добавить комментарий